
Штогод святкаванне Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь у нашым раёне набывае новыя абрысы. Вось і сёлета для жыхароў райцэнтра і гасцей Расоншчыны арганізатары свята падрыхтавалі некалькі прыемных новаўвядзенняў і сюрпрызаў.
Першым з іх стала змена маршруту, па якім рухалася святочная калона з прадстаўнікоў працоўных калектываў, ветэранаў вайны і працы, школьнікаў і выхаванцаў дзіцячых садоў на чале з кіраўніцтвам раённага выканаўчага камітэта. Пасля пастраення каля Гандлёвага цэнтра расонцы накіраваліся па вуліцы Савецкая ў напрамку цэнтральнай плошчы.

Каля Мемарыяльнага парку ад калоны аддзяліліся ветэраны Вялікай Айчыннай, кіраўніцтва райвыканкама, школьнікі з яловымі гірляндамі і пайшлі ў напрамку чорнага з вялікай чырвонай зоркай абеліска.
Пад залпы яны ўсклалі да Вечнага агню вянкі і кветкі, пастаялі моўчкі некалькі хвілін. Пасля гэтага калона зноў пачала рухацца.
Асобна хачу спыніцца на яе афармленні. Да ўрачыстага шэсця прадстаўнікі працоўных калектываў, па ўсім відаць, рыхтаваліся загадзя: рознакаляровыя паветраныя шары, таблічкі з назвамі прадпрыемстваў і арганізацый, маленькія дзяржаўныя сцягі. Выдатна дапаўнялі агульнае ўражанне самадзейныя артысты ў нацыянальных касцюмах і самыя маленькія жыхары райцэнтра – прынцэсы дашкольнага ўзросту ў бальных спадніцах і іх пяці-шасцігадовыя кавалеры ў класічным бела-чорным адзенні. Паралельна таму, як калона ішла па цэнтральнай вуліцы Расон, яе сустракалі песнямі вядомыя калектывы “Спадчына”, “Крыніца” і іншыя.
…Урачысты мітынг на цэнтральнай плошчы адкрыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Генадзь Фёдараў. Пра мужнасць і гераізм вызваліцеляў беларускай зямлі ад нямецка-фашысцкіх акупантаў, пра маладую беларускую дзяржаўнасць, пра тых, хто сёння яе мацуе стараннай і эфектыўнай працай, пра планы і надзеі на будучае гаварылі старшыня райвыканкама Аляксандр Шубскі, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Канстанцін Палявэчка, начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама Наталля Дзедзінец, загадчыца свінакомплексу сельгаспрадпрыемства “Дворышча-Рас” Валянціна Лукашэнка.
Пасля прыйшоў час тэматычнай праграме, прысвечанай Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і Дню вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Яе першая частка прысвячалася нашым дзядам і прадзедам, якія не шкадавалі ні жыцця, ні здароўя дзеля свабоды роднай зямлі. Для прысутных ветэранаў і сведак той жудаснай трагедыі гучалі пранікнёныя песні, а ў знак пашаны і бязмежнага прызнання ім былі ўручаны жывыя кветкі, бо без подзвігу гэтых людзей, мы не мелі б магчымасці жыць і працаваць пад мірным небам.
Сярод тых, хто прысвячае сябе працы і з годнасцю працягвае справу сталага пакалення,– узнагароджаныя Ганаровымі граматамі Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта.
Гэта начальнік Расонскага раённага вузла электрычнай сувязі Віцебскага філіяла Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Белтэлекам” Надзея Пятроўна ПЕТУХОВА, першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання па вытворчасці і перапрацоўцы прадукцыі раслінаводства райвыканкама Ларыса Міхайлаўна МАЦКЕВІЧ, кіраўнік спраў Краснапольскага сельскага выканаўчага камітэта Надзея Сяргееўна БАЙКОВА.

Заслужаныя ўзнагароды і цёплыя словы ўдзячнасці яны атрымалі ад старшыні райвыканкама Аляксандра Шубскага. Да слова, кіраўнік раённай выканаўчай улады пяць разоў выходзіў на галоўную сцэну свята, каб павіншаваць лепшых з лепшых прадстаўнікоў працоўных калектываў раёна, хто на сённяшні дзень з’яўляецца гонарам Расоншчыны.
Дыпломы аб прысваенні ганаровага звання “Чалавек года -2011” ,

каштоўныя падарункі і выдатныя песні ў выкананні самых таленавітых самадзейных артыстаў раёна атрымалі трактарыст-машыніст КУП “Сяляўшчына”

Уладзімір Вікенцьевіч АНАНЬКА, жывёлавод падсобнай гаспадаркі ААТ “Расонскі аграсервіс” Андрэй Віктаравіч Касарэўскі, начальнік свінакомплексу сельгаспрадпрыемства “Дворышча-Рас” Валянціна Іванаўна ЛУКАШЭНКА, прадавец магазіна “Будаўнік” Генадзь Антонавіч СКРОЦКІ, машыніст тралёвачнай машыны ДЛГУ “Расонскі лясгас” Аляксандр Данілавіч ПУХ, машыніст экскаватара УП “Расонскае ПМС” Валерый Сяргеевіч РЫБАКОЎ, машыніст аўтакрана ПМК-63 Васіль Віктаравіч СЦЯПАНАЎ, начальнік вытворчага ўчастка №3 Расонскага УП ЖКГ Леанід Рыгоравіч МАТУСАЎ, вадзіцель ДРБУ-109 Віктар Пятровіч ПАДРЭЗАЎ, касір-прыёмшчык Дома быту Вольга Лявонцьеўна ВАСІЛЬЕВА, дырэктар СДК пасёлка Міжкалгасбуда Леанід Антонавіч ЗАВАРОТНЫ, настаўнік Расонскай школы Таццяна Люцыянаўна АГЕЕВА, зубны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Наталля Леанідаўна СІНІЦА, сацыяльны работнік ТЦ САН Лілія Уладзіміраўна ЛУК’ЯНАВА, старшыня праўлення райпа Людміла Аляксандраўна ПЕЧКУРОВА і дырэктар сельгаспрадпрыемства “Дворышча-Рас” Мікалай Адамавіч МУРАВЕЙКА.
У намінацыі “Лепшы прадпрымальнік” быў узнагароджаны Анатоль Мікалаевіч БАРАДУЛЬКІН.
Аднак не толькі працай напоўнена жыццё расонцаў. Сярод нас шмат людзей, якія ўмець па-сапраўднаму кахаць і аддаваць сваё сэрца блізкім людзям. Сярод іх Генадзь Пятровіч і Раіса Іванаўна РЫБАКОВЫ, якія сёлета адзначаюць залатое вяселле. Іх запрасілі на сцэну разам з маладажонамі Алегам Уладзіміравічам і Таццянай Міхайлаўнай ФЁДАРАВЫМІ.
У час цырымоніі, стоячы на сімвалічным ручніку, сямейная пара са стажам давала парады маладым, як будаваць сямейнае жыццё, у сваю чаргу Алег і Таццяна павіншавалі залатых юбіляраў са значнай падзеяй і ўручылі ім кветкі.
Самай маленькай узнагароджанай стала пераможца конкурсу “Міс Дзюймовачка”, што прайшоў у маі, шасцігадовая Паліна САЎЧАНКА. Яна бойка, у вершаванай форме, расказала гасцям свята пра сябе і свае захапленні.
Акрамя таго, у намінацыі “Дом узорнага парадку” былі адзначаны Алег Міхайлавіч і Вольга Мікалаеўна ГРЫБАЧЫ, у намінацыі “Лепшы кветкавод” – Ізабэла Пятроўна КАПЫЦІНА, у намінацыі “Пчаляр” – Уладзімір Мікалаевіч ФІЛІМОНАЎ, у намінацыі “Лепшы спявак года” – удзельнікі ўзорнай эстраднай студыі “Надзея” Юлія ІВАНОВА, Аляксандр ПАДВІЦЕЛЬСКІ і Раман ГАЎРЫЛАЎ, у намінацыі “Лепшы народны майстар” – Алена Ягораўна СЛІЖ, у намінацыі “Лепшы спартсмен года” – Аляксандр Іванавіч ПАПКОВІЧ, Аляксей ЗАДВІНСКІ і Дзяніс БАНДАРЭНКА, у намінацыі “Лепшы паляўнічы і рыбалоў” – Уладзімір Іванавіч ФЕДАРЭНКА і Іван Мікалаевіч КАРНЕЙ.
Святочную праграму завяршыла ў выкананні Вольгі Заваротнай песня “Жадаю”, якая стала выдатным фінальным акордам усяму дзейству.
Шматлікія госці свята таксама з задавальненнем падыходзілі і разглядалі выставы, падрыхтаваныя сіламі селькіх Дамоў культуры, лясгаса, Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дзіцячай школы мастацтваў і іншымі. Шырокі асартымент прысмакаў на любы густ прапаноўвалі ў гандлёвых палатках райпа. Выбірай ды еш!
Фізкультурна-спартыўнае свята, народныя гулянні, прысвечаныя Дню Незалежнасці Беларусі, сталі ўжо добрай традыцыяй. Менавіта таму яны і змянілі афіцыйную частку.
Напэўна, даўно спартыўнае свята не збірала на стадыёне такую колькасць удзельнікаў і заўзятараў.
Сёлета для аматараў здаровага і актыўнага ладу жыцця начальнік аддзела фізкультуры, спорту і турызму райвыканкама Тадэвуш Пальчэўскі прыгатаваў сюрпрыз: для правядзення спаборніцтваў запрасіў ваенна-патрыятычны клуб з Масквы «Русічы». Яго члены не ўпершыню на Расоншчыне і, як і раней, займаюцца аднаўленнем традыцый патрыятычнага выхавання моладзі.Магчыма, таму хлопцы і дзяўчаты з «Русічаў» мэтанакіраваныя і спартыўныя.
...Святочны парад спартсменаў даў старт асноўным дзействам, што пазней разгарнуліся на стадыёне. Паказальныя выступленні па акрабатыцы, у час якіх дэманстраваліся, здавалася б, немагчымыя і неверагодна небяспечныя трукі,а таксама гульня ў футбол знайшлі сваіх прыхільнікаў.
Аднак галоўнай «разынкай» свята сталі спаборніцтвы, праве-дзеныя менавіта «Русічамі», дзе кожны жадаючы змог з гледача ператварыцца ва ўдзельніка. «Русічы» прапанавалі прайсці рэгістрацыю, пасля чаго кожнаму выдаваўся маршрутны ліст з паласой перашкод. Хлопцы і дзяўчаты з энтузіязмам сапернічалі адзін з другім. Але адна справа назіраць за гэтым збоку і зусім іншая – удзельнічаць.
Я выбрала другі варыянт. Больш таго, дзеля азарту вырашыла сапернічаць з маладым чалавекам. З першымі метрамі дыстанцыі дзіцячы запал ахапіў нас дваіх, і мы ад душы хадзілі на хадулях, гулялі ў лапту, чыжа, стралялі з лука і пнеўматычнага пісталета, імкнуліся абагнаць адзін другога. За кожны этап суддзі выстаўлялі ад аднаго да пяці балаў. Нават мая маленькая чатырохгадовая дачка не вытрымала і папрасілася ў гульню.
На што ў клубе сказалі: «Няма праблем!», бо гэтыя спаборніцтвы для людзей ад трох да 100 гадоў.

Таму сярод удзельнікаў былі і падлеткі, і тыя, каму далёка за пераходны ўзрост. Актыўна ўключыліся ў спаборніцтвы і дзеці з патрыятычнага лагера Расонскай школы.
Не абышлося і без прызоў, падрыхтаваных кіраўніцтвам ФСК «Старт». Яны ўручаліся самым моцным і лоўкім.
Між тым спартыўнае свята змяніў справаздачны канцэрт хору народнага клуба «Ветэран» сумесна з артыстамі раённага Дома культуры. На танцавальнай пляцоўцы каля летняй эстрады сабраліся прыхільнікі сапраўднай народнай музыкі і лірычных твораў. Жыхары пасёлка то з заміраннем сэрца слухалі любімыя мелодыі, то з запалам вытанцоўвалі «па». Як мінімум дзве гадзіны бадзёрасці, добрага настрою падарылі арганізатары і артысты праграмы сваім гледачам, за што тыя сустракалі іх бурнымі апладысментамі.
Потым больш чым гадзіна была падорана самым маленькім жыхарам райцэнтра. Разнастайныя забаўляльныя конкурсы і інтэлектуальныя віктарыны ім прапанавала вядучая, метадыст раённага Дома культуры Ларыса Храпавіцкая.
Дзеці з задавальненнем адказвалі на пытанні, гулялі камандамі, ад душы смяяліся. Нават дождж, што пачаўся недарэчы, не стаў перашкодай. А на некаторы час на сцэне панаваў сапраўдны лялечны тэатр з казкай «Калабок». І, як звычайна, у малых эмоцыі выклікалі роставыя лялькі. Хтосьці абдымаў Карласана, а камусьці даспадобы прышоўся Кот. Бацькі дзяцей карысталіся момантам і рабілі фотаздымкі на памяць.
...Познім вечарам святкаванне працягнуў канцэрт эстрадных калектываў, з першых хвілін якога чуліся захопленыя воклікі і апладысменты. Яно і зразумела – лепшыя песні дарылі сваім гледачам

любімыя самадзейныя артысты Ларыса Власава, Вольга і Леанід Заваротныя, Валерый Жалязноў, Кацярына Зуева, Маргарыта Пірагова, Алеся Васількова, Аляксандр Падвіцельскі, Раман Гаўрылаў, Кацярына Мацулевіч і іншыя зоркі эстраднай Расоншчыны.
Роўна ў адзінаццаць гадзін неба ўзарвалася залпамі святочнага салюта. Каля сямі хвілін доўжылася відовішча, пасля якога ніхто не спяшаўся разыходзіцца, бо спачатку працягнуўся канцэрт, а потым пачалася дыскатэка 80-ых. Расонцы рознага ўзросту з задавальненнем танцавалі пад любімыя папулярныя мелодыі. Было весела.
Вось так за поўнач закончылася святкаванне Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Свята, якое па-сапраўднаму стала народным.