
Па статыстычных дадзеных у нашай краіне пражывае каля 2,5 мільёна пенсіянераў, і з кожным годам іх колькасць павялічваецца. З боку дзяржавы гэтай катэгорыі насельніцтва надаецца шмат увагі. Але многае залежыць і ад саміх людзей, іх настрою і стаўлення да жыцця.
Прыемна, калі чалавек элегантнага ўзросту адчувае сябе запатрабаваным людзьмі і грамадствам. А калі ён не абыякавы да жыцця і ўсяго таго, што адбываецца навокал, ці можна назваць яго старым? Не пагаджаюцца з паспартным узростам і дзве абаяльныя жанчыны з Расон
Вольга Селівестраўна Прыстаўка і Галіна Андрэеўна Студзянкова (на здымку злева направа). Жанчыны не толькі з’яўляюцца добрымі гаспадынямі, клапатлівымі жонкамі, маці, бабулямі і нават прабабулямі (праўнуку Вольгі Селіверстраўны 4 гады), але і імкнуцца не забываць пра адпачынак і дапамогу другім, менш актыўным, менш шчаслівым. З пачатку года, калі ў Тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва запрацавала аддзяленне дзённага знаходжання для пажылых людзей, абедзве жанчыны сталі першымі і самымі актыўнымі яго наведвальніцамі.
Калі Галіну Андрэеўну ў першую чаргу зацікавіла перспектыва заняцца здароўем на трынажорах, то Вольга Селівестраўна прыйшла ў Цэнтр за новымі ўраджаннямі і знаёмствамі. Чаканні абедзвюх здзейсніліся, але іх візіты сюды сталі больш частымі і набылі характар добрых спраў.
Так склалася, што, акрамя тэматычных і святочных вячорак, заняткаў рукадзеллем і хвілінак здароўя, жанчыны зацікавіліся дабрачынным праектам, які рэалізуецца ТЦ САН пад патранажам грамадскага аб’яднання “Чырвоны Крыж” і мае назву “Рука ў руцэ”. Праект накіраваны на дапамогу людзям з абмежаванымі магчымасцямі.
Так, Галіна Андрэеўна неаднаразова ўдзельнічала ў рэйдах праекта і дапамагала сем’ям інвалідаў у навядзенні парадку ў іх дамах. Разам з іншымі яна мыла падлогу, вокны, прала, а яшчэ несла падарункі – новую бялізну, адзенне. Адным словам, рабілі тое, што патрэбна. Гэтай восенню жанчына дапамагла больш сталым суседзям выкапаць бульбу і навесці парадак на агародзе.
Вольга Селівестраўна на працягу доўгага часу актыўны член ветэранскай арганізацыі і клуба “Ветэран”, з энтузіязмам уключылася ў жыццё дзённых аддзяленняў ТЦ САН. Разам з Галінай Андрэеўнай яны папаўняюць матэрыяльную базу Цэнтра, а калі дакладней, гуртка аддзялення па вырабе розных дэкаратыўных рэчаў. Жанчыны прыносяць для гурткоўцаў футру, рознакаляровую тканіну, паралон, вяжуць і шыюць асобныя дэталі самаробных цацак.
Акрамя таго, яны абедзве дзеляцца пасадачным матэрыялам для клумб, якія ўпрыгожваюць пабудову Цэнтра.На вячоркі, якія часцяком ладзяцца ў аддзяленні для пажылых людзей, жанчыны прыносяць да гарбаты такія прысмакі, што проста пальчыкі абліжаш! Гэта пірагі, пончыкі, салата па фірменных рацэптах.
Ну што тут скажаш? Хочацца ўзгадаць словы загадчыцы аддзялення ТЦ САН Аліны Семярня: “Маглі б нашыя актывісткі сядзець дома, глядзець тэлевізар ды супы варыць унукам, а яны вось такія шчодрыя, нераўнадушныя, заўсёды дапамогуць другому! І пры гэтым нічога не патрабуюць узамен. Вось вам і жанчыны элегантнага ўзросту – яны фору дадуць любому маладому!”
P.S. Са святам вас, пажылыя людзі, моцнага здароўя, любові ад дзяцей і ўнукаў. Хай ваша жыццё не становіцца менш цікавым і насычаным, а кожны дзень прыносіць нешта добрае, пазітыўнае – тады і старэць не будзе часу!