
Гэтае месца больш знаёма турыстам, заезджым рыбакам, а вось многія жыхары Расоншчыны наўрад ці адразу адкажуць вам на пытанне, дзе знаходзіцца вёска Ножніцы. А яна жыве сабе сярод маляўнічых лясоў і азёр Заборшчыны і ціха захоўвае свае таямніцы. Тут сапраўды ўнікальныя людзі, тут зачароўваюць сваёй прыгажосцю ўнікальныя месцы. Зрэшты, самі мясцовыя пагаворваюць, што іх вёска славіцца не толькі доўгажыхарамі, але і легендамі.
Кажуць, жыў тут некалі кравец Пятро, які бясплатна шыў бедным вопратку. І ўсе людзі для яго былі добрыя, і ён стараўся быць такім жа для ўсіх. Але жыў тут і пастух, які любіў паздзеквацца над краўцом. Маўляў, ты, Пятро, такі-сякі, і крыўдзіў гэтым яго пастаянна. А жыў кравец ў камні, вялікім такім. І калі аднойчы ён так моцна пакрыўдзіўся на злога пастуха, што аж камень пад зямлю праваліўся. А праз дзве гадзіны на гэтым месцы плёскалася возера, якое па сваёй форме было падобным на нажніцы. З той пары не толькі возера назвалі «Ножніцамі», але і вёску, якая размешчана на самым яго беразе.
Жывуць тут сабе пенсіянеры і называюць сваё роднае сяло маленькай дружнай сям’ёй. Памятаеце, як у песні: “Ах, как хочется вернуться,ах, как хочется ворваться в городок. На нашу улицу в три дома, где все просто и знакомо, на денек. Где без спроса ходят в гости,где нет зависти и злости. Милый дом.Где рождение справляют и навеки провожают всем двором…”
Гэта ў дакладнасці пра Ножніцы. Я пракалясіла столькі вёсак раёна і яшчэ не сустракала такую. Ножніцы нельга назваць выміраючай вёскай. Гэта тое месца, дзе жыццё не цепліцца, а кіпіць, дзе дачнікі скупляюць дамы, каб прыязджаць не на лета, а застацца жыць. Гэта вёска, якая ў цёплую пару напоўнена дзіцячым смехам і вяселлем. У рэшце рэшт, гэта тое месца, дзе кожнаму госцю рады, нават незнаёмаму.
Вось і сёння мне пашчасціла прыехаць у той дзень, калі адзін з мясцовых дзядуляў адзначае свой дзень нараджэння. Не жарты – пражыць 81 год. Здавалася б, прайшло ціха свята, і ўсё.Не.У Ножніцах кожны лічыць абавязкам і справай гонару павіншаваць суседа. Не так шмат тут людзей, усяго 13 дамоў, таму і берагуць кожнага...
– Бульба даварваецца, зараз грыбоў прынясу – і прашу да стала. Кавы альбо гарбаты? У нас не прынята без пачастунку гасцей пакідаць, – так мяне гасцінна сустрэлі ў адным з дамоў, дзе я заспела амаль усю жаночую палову разам.
У Ножніцах прынята збірацца і чакаць аўтакраму ў доме самай старэйшай пенсіянеркі Антаніны Трафімаўны Зайцавай. Дарэчы, у вёсцы палова насельніцтва носіць такое прозвішча, прычым паміж сабой яны абсалютна не сваякі.
Дык вось, Антаніна Трафімаўна – жыхарка карэнная (тут такіх мала). Бабуля кажа, што пражыла ў Ножніцах 62 гады. Усяго пабачыла на сваім вяку: і вайну, і палон. У 1943 яе падлеткам з братам вывезлі ў Германію:
– Мама ўсе вочы выплакала: кожную ночку выходзіла і кожную зорачку прасіла, каб мы жывыя засталіся, – успамінае і тут жа выцірае слёзы бабуля. – У Германіі нас размеркавалі каго куды – на заводы, фабрыкі. Я трапіла да гаспадара. Пасля вызвалення вярнулася ў бацькоўскую хату ў Забор’е.
Дарэчы, адтуль маладая Тоня і выходзіла замуж. Кажа, муж як звёз на санках у Ножніцы, так і засталася тут назаўсёды. Жылі, як і ўсе: працавалі, нарадзілі дачку Тамару. Антаніна адпрацавала шэсць гадоў поварам у Заборскай бальніцы, потым у лесе на падсочцы смалу збірала.
Муж памёр рана, трагічна загінуў. Неяк так жыццё і прайшло.
На пенсіі бабуля даўно, і хоць здароўе ўжо не тое (зрок знізіўся), захапленняў сваіх не пакідае: яе вязанымі шкарпэткамі шмат хто ў вёсцы забяспечаны. Сёння Антаніна Трафімаўна вяжа па памяці.
Як і любому пажылому чалавеку (у снежні Трафімаўна будзе адзначаць 86-ы дзень нараджэння), ёй патрэбны ўвага і клопат, таму дачка Тамара жыве разам з мамай. Яна дарэчы жанчына цікавая. У маладосці з’ехала ў Пецярбург, там працавала на судабудаўнічым заводзе наладчыкам аўтаматаў і паўаўтаматаў. Выйшла на пенсію і вярнулася.
Жанчына з мужчынскім характарам – самы галоўны рыбалоў ў вёсцы.
– Як гэта жыць на беразе і не рыбачыць, – дзівіцца Тамара Іванаўна. – Бабуля мая рыбачыла і бацька. Папіна вуда, зробленая з драўлянай палачкі, да гэтага часу захоўваецца як рарытэт.
– А вось і аўталаўка прыйшла, хадзем, – паклікала ўсіх Тамара Іванаўна. І жанчыны «высыпаліся» на вуліцу.
– Аркадзь, з Днём нараджэння, – сталі віншаваць мужчыну па чарзе (аўталаўка спыняецца каля дома пенсіянера).
– Колькі табе сёння, 81?– Спытаў нехта з вясковых.
– Што ты, Валя, маўчы, нікому не кажы. 45 мне, – аджартоўваецца Аркадзь Грабнёў.
Аркадзь Самуілавіч зусім не выглядае на свае гады: малады і свежы, хоць усё жыццё і ў працы. Толькі нейкі сум чытаецца ў вачах.
– Я, дачка, працаваў у леспрамгасе. Сякера, бензапіла –вось мая прафесія, – кажа ён мне. – А справы ў мяне не вельмі, хоць і свята, а нявесела:старую пахаваў не так даўно. Застаўся адзін у казарме. І выкупіў бы яе, дык не выкупіш і не падымеш. Толькі вечная памяць. У мяне трое дзяцей засталося, усе ў Санкт-Пецярбурзе. Раней, калі жонка была жывая, ездзілі, цяпер куды там...
–

А пойдзем, я Вам наш цуда - дуб пакажу, тут недалёка, – гэта паклікала мяне Валянціна Зайцава. – Заадно і па вёсцы пройдземся. Ведаеце, як у нас тут хораша. Дарма летам не прыехалі, а то паглядзелі б, як Ножніцы ў кветках патанаюць. У нас жа ні аднаго дома няма, каб закінуты быў. Усе жылыя. Кожны і агарод садзіць, і кветнікі робіць. Едуць сюды з Масквы, Пецярбурга, Полацка, Наваполацка, будуюцца. Прыцягвае вёска. Мы з мужам таксама больш за 20 гадоў таму прыехалі: купілі дачу, а засталіся жыць.
Вось і ён, наш цуда - дуб, – паказала Валянціна.
– А чаму цуда? – пацікавілася я.
– Да яго мы ходзім лячыцца. Спіны грэць, – усміхаецца Валянціна. – І дапамагае. Не ведаю, колькі гадоў яму, але што векавы, дакладна. Толькі ўтрох, нават учатырох яго абдымеш. Бачыце, лаўку паставілі і ланцуг прыцягнулі. Любім пад дубам пасядзець. А не так даўно падчас навальніцы ветрам выламала сук, а на яго месцы нібыта аблічча Бога паўстала.

Адразу і не разглядзець, а вось падчас навальніц відаць вельмі выразна. Не толькі мы заўважылі, але і прыезджыя рыбакі.
– А хадзем да нас у госці, я Вас з мужам пазнаёмлю, – паклікала Валянціна. – Ён, напэўна, і чайнік закіпяціў.

Муж Валянціны Юрый Аляксандравіч Зайцаў – паважаны чалавек, старэйшына вёскі. Дом у яго, як і належыць, узорнага парадку.
– Я толькі печ прачысціў, – кажа гаспадар. – Увесь у справах.
І сапраўды, песіянер хварэе за тое, каб у вёсцы быў парадак.
– У нас вёска вельмі дружная. Зусім іншыя ўзровень жыцця, уклад, чым у тым жа Бухаве, Забор’і. У нас няма людзей, якія п’юць, няма гультаёў: усе, як пчолкі, працавітыя. Паглядзіце, уздоўж дарогі ўсе выкашана, акуратна. Нават кантэйнер для смецця ёсць. – Вы сядайце, чайку пап’ём, – запрасіў да стала гаспадар дома.
– Я зялёны люблю. У мяне калекцыя. Хто ні прыязджае, абавязкова прывозіць у падарунак...
За чаем і разгаварыліся. Пазнала я, што пенсіянер пераехаў сюды ў 1989 годзе, працаваў у саўгасе, адкуль і пайшоў на пенсію.
Юрый Аляксандравіч аматар здаровага ладу жыцця і розных цікавых спраў майстар – вырошчвае вінаград (у гэтым годзе 4 вядры зняў), нарыхтоўвае на зіму лекавыя травы, займаецца садам і разьбой па дрэве. А ў ліпені збіраюцца з жонкай адзначыць залаты юбілей сумеснага жыцця ...
Усіх, натуральна, не абыдзеш. Аднак тутэйшыя кажуць, што кожны вясковец тут добры, цікавы, і самае галоўнае – гасцінны.

У гэтым я пераканалася асабіста, бо ехала з Ножніц з самымі прыемнымі эмоцыямі і падарункамі – яблыкамі ў дарогу, букетам кветак. Я старалася нікога не затрымліваць, паколькі ўсе спяшаліся на імяніны да Самуілавіча. Памятаеце? Усім дваром ...