Як вядома, намі кіруюць звычкі. Менавіта яны дастаткова часта ўплываюць на наш лёс і нават яго ствараюць. Любоў да чытання – таксама звычка. Неабходна толькі ўвайсці ў смак, і задавальненне ад выніку будзе падтрымліваць сам працэс. Аднак, на жаль, звычка чытаць для прадстаўнікоў пакалення 90-ых і 2000-ых становіцца настолькі рэдкай, што ўжо, магчыма, надышоў час біць у набат. Кожны чалавек цвярозага розуму ведае, што звычка шмат чытаць, асабліва добрую літаратуру, – уваходны білет у разнастайнае на ўражанні і магчымасці жыццё.
Яна практычна гарантуе элементарную граматнасць (работадаўцам усё складаней і складаней знайсці людзей, якія могуць без памылак напісаць пару абзацаў, таму тыя, хто гэта ўмее рабіць, маюць вялікую перавагу над іншымі), магчымасць правільна і дакладна выказваць свае думкі, дэманстраваць эрудзіраванасць.
Аднак відавочная класічная ісціна з кожным годам усё больш прайграе ў няроўнай барацьбе з высокімі тэхналогіямі. І ад гэтага церпяць перш за ўсё нашы дзеці. Давайце паспрабуем аб’ектыўна прааналізаваць адносіны паміж сучаснымі хлопчыкамі, дзяўчынкамі і кнігай: як толькі ў пачатковых класах яны авалодалі навыкамі чытання, інтарэс да жывога слова паступова пачынае сыходзіць.
А для чаго чытаць, думаць, аналізаваць, адным словам, працаваць над стварэннем уласнага духоўнага свету, калі націснуў на кнопку на пульце тэлевізара або камп’ютарную «мышку» і паток інфармацыі рознага кшталту проста «збівае» з ног? Гэта пацвярджаюць і супрацоўнікі бібліятэк.
Бібліятэкар Расонскай сярэдняй школы Таццяна Котава:– У бібліятэцы я працую ўжо шосты год. І магу з упэўненасцю сказаць, што нашы дзеці не любяць і не жадаюць чытаць. Асабліва гэта тычыцца старшакласнікаў. Яны прыходзяць толькі тады, калі ў адпаведнасці з праграмай пачынаюць знаёмства з тым ці іншым творам.
А каб па ўласным жаданні і папрасілі параіць або падабраць якую-небудзь кнігу – адзінкавыя выпадкі. Напрыклад, нядаўна мяне парадавалі тры дзяўчыны з 8 “А” класа. Яны наведаліся за кнігай Міхаіла Булгакава “Майстар і Маргарыта”. Свой выбар адна з іх растлумачыла наступным чынам: “Маме вельмі падабаецца гэты твор. Яна і параіла прачытаць”. Добра, калі ёсць маці, якой неабыякава, што чытае яе дачка. А калі ўсё роўна?
Не больш аптымізму я пачула і ў словах супрацоўнікаў дзіцячай бібліятэкі, дзе кніжны фонд куды больш багаты, чым у школьнай. Сітуацыя прыкладна аднолькавая: старшакласнікі прыходзяць у бібліятэку за праграмнай літаратурай і то, каб прачытаць некалькі глаў. Праўда, бываюць і выключэнні. Што ў гэтым выпадку цікавіць юнакоў і дзяўчат?
Перада мной паклалі невялікі стос найбольш папулярных у сучасных падлеткаў кніг. Перабіраючы іх, я не ўбачыла ні Дзюма, ні Каверына, якімі мы зачытваліся ў свой час. Тут іншая чытаніна. З серыі “Раман для дзяўчынак да 13 і старэйшых” кніга “На крылах кахання”, з серыі “Першы раман”, кнігі “Так не бывае” і “Чарапахавае Каханне”, з серыі “Дэтэктыў для дзяўчынак і хлопчыкаў” кніга “Тры талеры”, з серыі “Твой жудасцік” кніга “Пярсцёнак старой вядзьмаркі”. І нават падобныя творы чытаюць лічаныя падлеткі.
Хто вінаваты ў тым, што нашы дзеці духоўна дэградуюць? Перш за ўсё мы, бацькі.
На жаль, майго семнаццацігадовага сына таксама нельга назваць сапраўдным аматарам кнігі. Ён чытае не намнога больш, чым трэба. Праўда, некаторыя творы са школьнай праграмы пакідаюць у яго душы дастаткова глыбокі адбітак. І я шчыра радуюся гэтаму.
У падобнай сітуацыі выправіць уласную памылку і паўплываць на амаль дарослага, хаця і вельмі блізкага чалавека, я ўжо не магу. А бацькі маленькіх хлопчыкаў і дзяўчынак яшчэ маюць пэўныя рычагі ўздзеяння. Дык што рабіць, каб ваш сын ці дачка займелі звычку чытання? Педагогі і псіхолагі прапаноўваюць прыслухацца да наступных парад.
1. Памятайце, што лепшае лячэнне – прафілактыка. Трэба пачынаць з першых месяцаў жыцця дзіцяці. У адпаведнасці з прынцыпам “Кнігі і чытанне паўсюдна” дайце малому магчымасць гуляць з кнігамі, маляваць на іх, будаваць з іх домікі і г.д. Тое ж саме з літарамі, якія павінны быць побач у розных варыянтах.
2. Падавайце асабісты прыклад. Чытайце самі. Услых і пра сябе. Калі дзіцяці штодзень бачыць бацьку з бутэлькай піва каля тэлевізара, ён не будзе ўспрымаць натацыі пра карысць чытання. І наадварот, маці і тата часта праводзяць вольны час з кнігай, абмяркоўваюць прачытанае, тады і дадатковых стымулаў не трэба.
3. Выбірайце разам. Дзеці, асабліва падлеткі, не любяць чытаць тое, што выбіраюць ім бацькі. Таму зрабіце традыцыяй сумесныя паходы ў кніжную краму не радзей аднаго разу ў месяц і дайце сыну або дачцэ магчымасць самому зрабіць выбар з умовай, што адну кнігу купляе дзіця, а другую для яго вы.
4. Абараніце дзіцяці ад “Вялікана Экрана”. Адзін з бацькоў на пытанне “Калі табе даць аўтамат, у каго б ты страляў?” адказаў: “У тэлевізар”. Спецыялісты сцвярджаюць: нішто не выхоўвае пасіўнасць мыслення лепш, чым прагляд тэлевізара. Вызначыце ліміт часу як для прагляду тэлепраграм, так для сацыяльных сетак і камп’ютарных гульняў.
5. Узнагарода за чытанне.Дамовіцеся з дзіцяці пра дзве-тры прывілеі, якія ён будзе атрымоўваць дадаткова, калі кожны дзень будзе чытаць пэўны аб’ём тэксту. І няхай сын ці дачка кожны вечар вам пераказваюць, пра што яны прачыталі.
6.Чытайце дзіцяці перад сном, чытайце па ролях, выкарыстоўвайце аўдыякнігі. 7. Увайдзіце ў групу, члены якой чытаюць. Запішыце дзіця ў дзіцячую групу па вывучэнні замежнай мовы, у тэатральную студыю, у музычную школу, гістарычны гурток і г.д. Дзеці, якія іх наведваюць, як правіла, больш чытаюць.
Калі вы скарыстаецеся нават часткай з вышэйпералічанага, шанец прывіць у вашага дзіцяці інтарэс да чытання вырасце ў разы. А значыць, у бібліятэкараў стане больш працы, а ў нашай краіне – больш адукаваных, духоўна багатых і граматных грама-дзян.