Сёння Беларусь адзначае Дзень Маці. Дата выбрана не выпадкова. Яна супадае з вялікім праваслаўным святам Пакрова Прасвятой Багародзіцы – нябеснай Маці кожнага з нас.
Столькі самых розных слоў сказана пра самага блізкага і любімага чалавека на зямлі, што цяжка нешта дадаць! Адно ведаю дакладна: матуля – крыніца жыцця, наш анёл-ахоўнік на гэтым і, думаю, на тым свеце таксама.
У сям’і Беладзедаў трое дзяцей. Старэйшаму Данілу 8 гадоў. Ён вучыцца ў другім класе. Сярэдняму Арсенію – 5, самай малодшай Варачцы – тры. Яны пакуль наведваюць дзіцячы сад. Іх маці Вольга – будучы юрыст па адукацыі, мама па прызванні і шматдзетная мама па статусе. Яна выхоўвае сваіх дзяцей і захоплена распавядае пра кожнага з іх.
Паміж хуткай кар’ерай і сям’ёй Вользе давялося выбіраць яшчэ студэнткай інстытута: у 2002 годзе яна выйшла замуж за вайскоўца, кінула вучобу і рушыла ўслед за мужам на Брэстчыну. Сям’я пасялілася ў ваенным гарадку пад Пружанамі. Хутка з’явіўся Даніла. Праз тры гады нарадзіўся Арсеній.
Паколькі бацькі вельмі хацелі дачку, рашыліся на трэцюю спробу. Дзіця планавалі ўжо па цуда-табліцах: згодна з усімі вылічэннямі павінна была нарадзіцца дзяўчынка. І атрымалася, ды яшчэ якая! Прыгажуня!
На пытанне, ці цяжка быць шматдзетнай мамай у такім маладым узросце (Вользе няма і трыццаці), жанчына адказала:
– Гэта ж радасць! Нават сама цяжарнасць – адчуванне эйфарыі. З боку матэрыяльнага, вядома, цяжка. Калі ўмоўна паглядзець у будучыню, мінусы сціраюцца: вялікая сям’я, дом, дзе ўсе збіраюцца разам, шмат унукаў. Ды і самім дзецям, думаю, будзе потым прасцей жыць і ведаць, што кожны з іх не адзін, што побач ёсць брат, сястра, ёсць апора, падтрымка.
Зараз дзеці Беладзедаў гэта тры розныя асобы: Даніла – ціхі, Арсеній больш любіць прыцягваць увагу да сябе, Варанька – добрая, усім задаволеная. За маміну любоў яны адказваюць любоўю двайной, а яшчэ пяшчотай, поспехамі і дасягненнямі.
Даніла з адзнакай закончыў першы клас музычнай школы.Варвара добра танцуе, спявае, запамінае вершы. Арсеній на выдатна ўпраўляецца з канструктарам. Вольга ганарыцца сваімі дзецьмі і лічыць сябе самай шчаслівай мамай на зямлі і не выключае магчымасці нарадзіць яшчэ дзіця. Можа, мабыць, і не адно...