Па стане на 24 жніўня хлебаробы Расоншчыны ўбралі збожжавыя і зернебабовыя культуры на 5 759 гектарах, што складае 80,5 працэнта да запланаванага. Расонскі каравай 2012 года пакуль складае 12 305 тон хлеба. Першымі закончылі ўборку збожжавых, намалаціўшы 2 687 тон, працаўнікі сельгаспрадпрыемства «Дворышча-Рас» і перакінулі асноўныя механізатарскія кадры на ўборку яравога рапсу, які расце на плошчы ў 160 гектараў, і сяўбу азімых збожжавых культур. Праўда, на дварышчанскіх палетках яшчэ знаходзіцца 339 тон спрасаванай саломы, вываз якой да малочнатаварных фермаў толькі набірае абароты.
Хутка да «Дворышча-Рас» наблізяцца краснапольцы. Тут хлеб убраны на плошчы 1 143 гектары, што складае 88,9 працэнта да запланаванага. Намалот пакуль дасягнуў адзнакі ў 2 148 тон збожжавых. Працаваць з саломай у гаспадарцы таксама толькі пачалі, а запрасавана яе 451 тона.
79,6 працэнта ўбраных плошчаў запісалі на свой рахунак сакалішчанцы, якія намалацілі 1 160 тон збожжа. Прасаваць і вывозіць салому механізатары сельгаспрадпрыемства толькі пачалі.
Самым значным караваем могуць пахваліцца хлебаробы сельгаспрадпрыемства «Сяляўшчына». Ён на сённяшні дзень складае 3 369 тон хлеба, пры тым, што засталося ўбраць 20 працэнтаў плошчаў. У гаспадарцы і самая вялікая ўраджайнасць у раёне, якая складае амаль 28 цэнтнераў з гектара.
Нядрэнна працуюць сяляўшчынцы з нарыхтоўкай саломы: з 780 запрасаваных тон ужо вывезены з палёў 320.
А, наадварот, менш за іншых намалацілі збожжа работнікі падсобнай гаспадаркі «Аграсервісу» – 1118 тон. Пры гэтым убрана 812 гектараў плошчаў або 79 працэнтаў. Гарбачэўцы змаглі запрасаваць 210 тон, 125 якіх спарадкавана.
Замыкае раённую зводку ААТ «Клясціцы». Тут засталося ўбраць 15 працэнтаў плошчаў, а намалот пакуль складае 1937 тон хлеба. Затое клясціцкія механізатары лепш за іншых працуюць з саломай. Імі запрасавана 250 тон, і ўжо вывезена 212 тон.
Не забываюцца расонскія хлебаробы пра патрэбы жывёлагадоўлі і засыпку насення. На сённяшні дзень у якасці фуражу захоўваецца 2 650 тон збожжа, а таксама вядзецца фарміраванне насеннага фонду: высушана і ачышчана 447 тон насення яравых збожжавых і зернебабовых культур і 1094 тоны азімых.
Пачалася ў раёне ўборка яравога рапсу, які расце на плошчы ў 1000 гектараў. Першымі да яе прыступілі краснапольцы. Пакуль што ўбрана 2,6 працэнта да плана.