Прамежкавыя вынікі раённага спаборніцтва сярод аператараў машыннага даення за дасягненне высокіх паказчыкаў па вытворчасці малака ў 2012 годзе падводзяцца адзін раз у тры месяцы. Трэці квартал стаў знакавым для аператара машыннага даення сельгаспрадпрыемства “Краснаполле” Вольгі Мікалаеўны Саўрас ( на здымку), якая атрымала ад кожнай каровы сваёй групы ў сярэднім 1 605 кілаграмаў малака. Гэта на 324 кілаграмы больш, чым у трэцім квартале 2011 года. 
Вольга Мікалаеўна працуе ў жывёлагадоўлі сельгаспрадпрыемства “Краснаполле” з 2003 года, менавіта тады яна прыйшла на малочнатаварную ферму ў вёсцы Амосенкі. Спачатку было складана, бо прыходзілася з азоў авалодваць прафесіяй аператара машыннага даення, пачынаючы ад падключэння даільнага апарата і заканчваючы доглядам кароў. Паступова жанчына набіралася вопыту і каля двух гадоў назад кіраўніцтва гаспадаркі вырашыла ёй даверыць групу цялушак. На сённяшні дзень Вольга Мікалаеўна даглядае 61 галаву. Паступова яна пазбаўляецца ад старых нізкапрадукцыйных кароў, замяняючы іх маладымі жывёламі. Толькі за гэта лета ў групе жанчыны з’явіліся 20 новенькіх.
– Аднак ёсць у маёй групе і старажылы, з якімі я не спяшаюся развітвацца, – гаворыць аператар машыннага даення. – Калі карова штогод пакрываецца і ад яе пры правільным доглядзе яшчэ можна чакаць годных надояў, то я працую з жывёлай да канца.
Не апошнюю ролю адыгрывае і дыферэнцыяцыя кармлення. Каровы пасля ацёлаў атрымліваюць па 1 кг шротаў, 1 кг камбікорму плюс 300 грамаў на кожны надоены літр.
Для Вольгі Мікалаеўны прамежкавая перамога ў раённым спаборніцтве сярод аператараў машыннага даення стала нечаканай, але прыемнай навіной. “Значыць, не дарэмна старалася,” – упэўнена жанчына.
Другой па надою на карову ў трэцім квартале 2012 года стала аператар машыннага даення сельгаспрадпрыемства “Сяляўшчына” Таццяна Мікалаеўна Пірагова. На яе рахунку 1131 кілаграм малака або плюс 11 кілаграмаў да адпаведнага перыяду 2011 года. На трэцяе месца выйшла прадстаўніца ААТ “Клясціцы” Анжэла Мікалаеўна Сапега. Жывёлавод ад кожнай каровы сваёй групы атрымала 1050 кілаграмаў малака, што на 128 кілаграмаў больш да мінулагодняга. Вышэйпералічаныя аператары машыннага даення атрымаюць грашовыя прэміі ад райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.
Таксама грашовай прэміяй будзе адзначаны калектыў даільнай залы малочнатаварнай фермы ў вёсцы Янкавічы. Па выніках трэцяга квартала мясцовыя жывёлаводы выканалі заданне па валавай вытворчасці малака на 105 працэнтаў, таварнасць прадукцыі склала 92,5 працэнта. Акрамя таго, янкавіцкія аператары машыннага даення здаюць дзяржаве малако толькі высокім гатункам, а менавіта 89,2 працэнта малака мае гатунак “Экстра”.
Арганізатары раённага спаборніцтва спадзяюцца, што ў чацвёртым квартале 2012 года барацьба за першынство паміж жывёлаводамі раёна яшчэ больш узмацніцца і ў лік пераможцаў па выніках года выйдуць найбольш высокапрафесійныя і старанныя аператары машыннага даення.