На адной са старонак гісторыка-дакументальнай хронікі «Памяць. Расонскі раён” у раздзеле “Працоўная слава Расоншчыны” знаходзіцца і імя трактарыста калгаса “Радзіма” Аляксандра Аркадзьевіча Прохарава. Права быць у ліку лепшых прадстаўнікоў нашага краю гэты сціплы чалавек заслужыў выдатнай працай, якая адзначана ордэнамі Леніна і Працоўнага Чырвонага Сцяга.…Прызванне працаваць на зямлі Аляксандр Аркадзьевіч атрымаў у спадчыну ад бацькі Аркадзя Емяльянавіча, трактарыста калгаса “Зорка”, цэнтр якога яшчэ да вайны размяшчаўся ў вёсцы Буёва Асвейскага раёна. Там і нарадзіўся Саша ў 1932 годзе. Калі споўнілася васямнаццаць, як і многія яго равеснікі, уладкаваўся паляводам у калгас “Каманіна” у Марачкове. Ён знаходзіўся ў паўтаракіламятровай адлегласці ад Буёва. У час вайны ад роднай вёскі засталося адно папялішча, а пасля перамогі аднавіліся толькі каля шасці хат. Ды і іх жыхары ў хуткім часе пераехалі на новае месца жыхарства, бо пачалася кампанія па ссяленні ў калгасныя цэнтры з хутароў і маланаселеных вёсак. Вось і Аляксандр атабарыўся ў тады буйным Марачкове. Пасля службы ў радах Савецкай Арміі ажаніўся з мясцовай ладнай дзяўчынай Яўгеніяй, якая таксама працавала ў калгасе паляводам. Сталі жыць сваім домам, дзе нарадзілася тры дачкі і сын.
У 1970 годзе Аляксандр Аркадзьевіч вырашыў вывучыцца на трактарыста, бо тэхніку ён любіў, таксама, як і зямлю, на якой вырас. І ўжо праз тры гады на лацкане яго святочнага пінжака з’явіўся ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга. Гэтай узнагародай адзначаліся значныя дасягненні, у тым ліку ў развіцці сельскай гаспадаркі, а менавіта за найвышэйшыя паказчыкі росту вытворчасці працы, за стабільныя высокія вынікі ў выкананні і перавыкананні планавых заданняў і прынятых сацыялістычных абавязацельстваў. Акрамя ордэна, за вынікі працы ў 1973 годзе трактарыст быў адзначаны знакам “Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва”. І ўсё гэта Аляксандр Аркадзьевіч, з’яўляючыся звеннявым па вырошчванні бульбы, атрымаў за выдатны ўраджай другога хлеба.
– Працавалі, у прамым сэнсе слова, ад зары да зары, – расказвае ардэнаносец. – Тады калгас “Радзіма” займаўся вырошчваннем бульбы на плошчы каля 120 гектараў. Клубні садзілі разам з яшчэ адным трактарыстам, а вось акучваў, даглядаў усю бульбу я адзін, убіраць ураджай дапамагалі паляводы, мясцовыя жыхары і студэнты. Раніцай Жэня сабярэ мне абед, і я да позняга вечара на полі. Дадому вяртаўся ўпрыцемках. Нават не ўбачыў, як дзеці паспелі вырасці.
У 1975 годзе Аляксандру Аркадзьевічу было прысвоена званне “Ударнік камуністычнай працы”, пераможцам сацыялістычнага спаборніцтва трактарыст станавіўся ў 1979 і 1980 гадах. Але сваю галоўную ўзнагароду – ордэн Леніна – ён атрымаў у 1978 годзе. Гэты ордэн з’яўляўся вышэйшай узнагародай СССР за асабліва значныя дасягненні ў працоўнай дзейнасці, рэвалюцыйным руху, абароне сацыялістычнай Айчыны і г. д. Звеннявы калгаса “Радзіма” атрымаў яго зноў за бульбачку, ураджайнасць якой у той год склала 220 цэнтнераў з гектара.
Аляксандр Аркадзьевіч памятае дзень, калі яму ўрачалі высокую ўзнагароду. Значная для яго падзея адбывалася ў вялікай зале будынка райвыканкама пры вялікай колькасці людзей. Звеннявы вельмі хваляваўся і нават больш за тое, што яму прыйдзецца выступаць на сходзе. Доўга рыхтаваў прамову, аднак усё атрымалася вельмі ўрачыста і запамінальна.
Агульны працоўны стаж вядомага трактарыста складае 45 гадоў. За гэты час, па яго ж словах, ён «з’ездзіў два трактары «МТЗ-52» і «МТЗ-82», паспеў папрацаваць і на іншай сельскагаспадарчай тэхніцы. Яго механізатарскі вопыт не абмяжоўваўся толькі вырошчваннем бульбы. Аляксандр Аркадзьевіч шчыраваў на розных участках сельскагаспадарчай вытворчасці: араў, баранаваў глебу, прэсаваў сена, вывозіў торф, дапамагаў жывёлаводам. Адным словам, знаходзіўся там, дзе былі неабходны яго працавітыя рукі і стараннасць.
Аднак поўнасцю аддаваць сябе працы можна было толькі пры ўмове наяўнасці надзейнага тылу. Гэты тыл і забяспечвала яго Жэня. Менавіта яна ў большай ступені займалася выхаваннем дзяцей, даглядала агарод і хатнюю гаспадарку: карову, свінней, трусоў, курэй. Калі падраслі дзяўчаты і сын, частка абавязкаў перайшлі на іх плечы.
Несалодка прыйшлося членам сям’і Прохаравых у 1982 годзе, калі іх хата цалкам згарэла, у тым ліку і ордэны Аляксандра Аркадзье-віча, якія потым у Маскве аднавілі. Прыйшлося пачынаць усё спачатку. Было цяжка, аднак і гэтае выпрабаванне яны вытрымалі.
… Цяпер Аляксандр Аркадзьевіч і Яўгенія Сцяпанаўна на заслужаным адпачынку. Дочкі з сем’ямі жывуць у райцэнтры, сын Віктар побач, у Марачкове. Дарэчы, ён прадоўжыў сямейную дынастыю трактарыстаў Прохаравых, працуе механізатарам у ААТ “Клясціцы”. Нягледзячы на сталы ўзрост, муж і жонка трымаюць на падвор’і свіней і курэй: трэба дапамагаць дзецям і ўнукам.
Паважаны Аляксандр Аркадзьевіч! Пры-міце шчырыя віншаванні з нагоды Дня работ-нікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прымасловасці аграпрамысловага комплексу. Вы сапраўды з’яўляецеся працоўнай славай Расоншчыны і ўзорам самаадданай працы на карысць роднай зямлі для сучасных работнікаў сельскай гаспадаркі. Здароўя Вам, доўгіх гадоў жыцця і аптымізму.