Сярод тых, каго сёння будуць ушаноўваць на святкаванні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі, будзе і жывёлавод сельгаспрадпрыемства “Дворышча-Рас” Святлана Мікалаеўна Раманенка (на здымку). Жанчына, якая атрымлівае сярэднясутачныя прывагі цялят у памеры 612 грамаў, па праве знаходзіцца ў ліку лепшых даглядчыц раёна.
А між тым, Святлана Мікалаеўна менш двух гадоў працуе цялятніцай. Па спецыяльнасці яна майстар-плодаагароднік і большую частку свайго жыцця адпрацавала работнікам грамадскага харчавання райпа. Праўда, у яе быў вопыт работы аператара на дарошчванні свіней на свінагадоўчым комплексе ў вёсцы Бірузова. А вось з маладняком буйной рагатай жывёлы яна сутыкнулася ўпершыню.
– Спачатку думала, што не спраўлюся, – расказвае жанчына.– Але рызыкнула і, як аказалася, не дарэмна. Дзякуючы падтрымцы і падказкам былой напарніцы, а цяпер падменнага аператара машыннага даення Людмілы Вераб’ёвай, у новую працу ўцягнулася хутка. Цяпер я адчуваю сябе ўпэўнена і магу з чыстым сэрцам сказаць, што прафесія цялятніцы мне падабаецца.
На сённяшні дзень група маладняку, за якой замацавана Святлана Мікалаеўна, складаецца з 76 галоў цялят ва ўзросце ад 2 да 6 месяцаў. Галоўная задача, што стаіць перад жанчынай, тройчы ў дзень удосталь накарміць і напаіць жывёлу. Раніцай і ўвечары яна разводзіць у 300 літрах цёплай вады заменнік цэльнага малака і выпойвае яго меншым цялятам. Акрамя таго, яны атрымліваюць сена і канцэнтраты. У рацыёне больш сталага маладняку яшчэ ёсць сянаж. Маладняк утрымліваецца на глыбокім падсціле, да якога жывёлавод адзін раз у два дні дабаўляе саломы. Гной жа выдаляе трактар.
– Цяляты ў мяне ладныя, укормленыя, –дадае жанчына. – Нават любімчыкі ёсць свае. Напрыклад, Кнопа. Яна такая пяшчотная, імкнецца быць каля маіх рук. Нават на мянушку адгукаецца. Хіба магчыма прайсці міма?
Святлана Мікалаеўна жыве ў доме, які гаспадарка спачатку выдзеліла для яе сына Юрыя. Хлопец пасля заканчэння Лужаснянскага сельскагаспадарчага каледжа працаваў каля трох гадоў у “Дворышча-Рас” ветэрынарным урачом. Да яго і прыехала маці. Цяпер Юрый жыве і працуе ў Віцебску, а дом застаўся за Святланай Мікалаеўнай.
– Я нічога не хачу мяняць у сваім жыцці, – ужо развітваючыся сказала жывёлавод. – Наогул не люблю змены. Вёска і мясцовыя жыхары мне падабаюцца, добраўпарадкаваны дом ёсць, любімая работа таксама. Таму буду і надалей старацца працаваць, набірацца вопыту.