4 лютага ў раённым Доме культуры адбыўся адборачны тур абласнога конкурсу патрыятычнай песні «Песні юнацтва нашых бацькоў». Згодна з яго ўмовамі ўдзельнікі прадставілі на суд журы дзве песні 1930 – 1990-х гадоў – на грамадзянска-патрыятычную тэматыку і шлягер савецкай або замежнай эстрады. Пазмагацца за перамогу мог любы жадаючы ва ўзросце ад 14 да 31 года. Падобнай магчымасцю і скарысталіся маладыя аматары песні з райцэнтра, аграгарадкоў Клясціцы і Краснаполле.
Журы вызначала пераможцаў у дзвюх намінацыях – «Саліст -вакаліст» і «Вакальны дуэт». У выніку прадстаўляць наш раён на занальным адборачным туры абласнога конкурсу, які пройдзе ў Расонах 20 лютага, будуць пераможцы ў намінацыі «Вакальны дуэт», салісты ўзорнай эстраднай студыі «Надзея» Аляксандр Падвіцельскі і Кацярына Мацулевіч. З чым мы іх і віншуем!