У дзіцячым садзе у вёсцы Бірузова наведзены поўны парадак у гаспадарчых справах. І ўсё гэта дзякуючы ў тым ліку і намаганням новага рабочага ўстановы – Аляксандра Ядчанкі (на здымку).

Толькі другі год працуе мужчына на новым месцы, але паспеў зрабіць шмат карыснага для дзетвары і бацькоў, а таксама дзеля камфорту працы работнікаў дзіцячага сада. За гэта лета ён адрамантаваў дрывотнік, зрабіў большым па дыяметры казырок пясочніцы. А нядаўна заліў з цэменту новыя прыступкі і пандус пры ўваходзе на тэрыторыю дзіцячага сада.
Па словах загадчыцы дзіцячай установы Наталлі Пашкоўскай, Аляксандр Міхайлавіч – сапраўдная знаходка для жаночага калектыву. Ён ніколі не адмовіць і заўсёды дапаможа ў рашэнні любога гаспадарчага пытання, звязанага з рамонтам ці абнаўленнем памяшканняў, тэхнікі, мэблі. Новы рабочы вельмі адказны і добрасумленны, ніколі не чакае загаду ці распараджэння, надварот, праяўляе ініцыятыву. Аляксанд Міхайлавіч як сапраўдны гаспадар бачыць, дзе і што трэба прыладзіць, уцяпліць, якую гайку падкруціць ці дзе які цвік прыбіць.
Як адзначае сам Аляксандр Міхайлавіч, так ставіцца да працы яго яшчэ бацька навучыў: «Працуй так, каб не было сорамна за вынік!» І гэты бацькоўскі наказ ён пранёс праз усё жыццё, калі працаваў ветфельчарам, потым будаўніком і цяпер рабочым!