
Грошай на харчаванне з дзяржаўнага бюджэту вылучаецца амаль у два
разы больш, пры гэтым сумы ў квітанцыях выраслі нязначна.
З 19 лютага аплата за харчаванне ў дзіцячых садах вырасла амаль у два разы. Аднак у аддзеле адукацыі запэўніваюць, што на бацькоўскім кашальку гэта моцна не адаб’ецца. Частка платы за харчаванне будзе датавацца дзяржавай. Да гэтага часу бацькі аплачвалі 60% ад выдаткаў на харчаванне свайго малога. Цяпер бацькоўская аплата будзе складаць толькі 40 працэнтаў ад поўнага кошту харчавання.
Змены адбыліся, калі Савет Міністраў чацвёртага лютага прыняў новую пастанову аб арганізацыі харчавання дзяцей. Згодна з ёй, у працэнтных суадносінах аплата паменьшылася на 20 працэнтаў. Чаму ж па лютаўскіх квітанцыях аплата большая? А вось тут другая добрая навіна.
– Гэтай жа пастановай (№ 142, што ўступіла ў сілу 21 лютага 2011 года) павялічаны грашовыя нормы на харчаванне, – растлумачыла намеснік начальніка аддзела адукацыі Вольга Спірыдонава.
– У сярэднім сумы выраслі амаль у два разы. Зараз кошт аднаго дня ў ясельнай групе (для дзяцей ва ўзросце ад 1 да 3 гадоў) складае 4 160 рублёў (было 2090 рублёў), а для дзяцей ад 3 да 6 гадоў – 5 390 рублёў (было 2 740 рублёў). Атрымліваецца, грошай на прадукты для дзяцей дзяржава зараз марнуе больш, але бацькоўская аплата з іх складае менш паловы.
Тым не меней, бацькам прыйдзецца плаціць за месяц прыкладна на 9-11 тысяч рублёў больш, чым раней.
Пра тое, што ежы, якой кармілі дашкольнікаў у садах, не хапала для нармальнага развіцця дзяцей, гаварылі даўно. Будзем казаць як ёсць:большасць малых, прыходзячы з сада, адчувалі сябе галоднымі.
Рашэнне гэтай праблемы шукалі некалькі гадоў.

Цяперашні варыянт павінен задаволіць і дзяцей, і іх бацькоў. Ва ўсялякім разе, у дзіцячым садзе №1 ужо адчулі дадатак, – распавяла яго загадчыца Людміла Крыжэвіч.
– Цяпер у рацыён мы дадаём такія фрукты, як апельсіны, бананы, яблыкі, свежую гародніну і адпаведна салаты з яе. Дзецям стаў даступны натуральны сок, да таго, павялічыліся порцыі мяса. У большай колькасці сталі ўжывацца тварог, праўда, у выглядзе запяканак, пудзінгаў, лянівых варэнікаў.
Пастаянна на стале сыр.
Словы словамі, а кожную маці турбуе, чым кормяць яе дзіця. Ці ўсё неабходнае будзе атрымліваць малое?
Паспрабуем высветліць. Пачну з таго, што аснова правільнага харчавання ў дзіцячых садах – гэта нормы, прычым для розных узроставых груп свае.Натуральна, дзеці павінны атрымліваць у дзень пэўную колькасць мяса, масла, кефіру, садавіны і гэтак далей.
Таемства падрыхтоўкі абедаў і сняданкаў адбываецца на кухні. Менавіта адсюль па дзіцячым садзе расплываюцца смачныя пахі. Кухня ў «Крынічцы» забяспечана неабходным абсталяваннем. Згодна з санітарнымі патрабаваннямі, ёсць асобныя зоны для раздзелкі прадуктаў.
Асноўным прыёмам ежы ў дзіцячым садзе з’яўляецца абед. Менавіта ў гэты час дзіця з’ядае максімальную колькасць мяса, рыбы і гародніны. Першыя стравы прадстаўлены баршчамі, бульёнамі, мяснымі, рыбнымі і вегетарыянскімі супамі. На другое звычайна даюць мясныя стравы (катлеты, біточкі, гуляш).
У якасці гарніру выкарыстоўваюцца бульба, гародніна. На трэцяе – свежы сок, кампот, кісель. Пасля сну дзеці атрымліваюць малочныя кашы, рагу з гародніны, стравы з тварагу і гэтак далей. Даюць малым і кісламалочныя прадукты, абавязкова рыбу.
На дзень майго наведвання дзіцячага сада №1 кухня прапанавала наступнае меню: на сняданак – каша грэцкая і катлета з ялавічыны, гарбата з сухарыкамі. На абед – салата з капустай і яблыкамі, боршч са смятанай, пюрэ і смажаная рыба, сок фруктовы. На падвячорак – запяканка з гародніны і кафейны напітак.
Як бачыце, харчаванне збалансаванае.Больш таго, ні ў адным меню вы не сустрэнеце крупы (у выглядзе кашы) два разы ў дзень.Таму спяшаюся супакоіць усіх мам і татаў: харчаванне ў дзіцячых садах сёння на патрэбным узроўні, і для турбот прычын няма.
Раней у школах была дзяржаўная падтрымка(датацыя) на харчаванне дзяцей, якая складала 5 працэнтаў ад базавай велічыні (на суму ў 1750 рублёў). Не так даўно Савет Міністраў зацвердзіў адзіную стабільную грашовую норму.
І калі раней гэта сума была аднолькавай для ўсіх дзяцей, то цяпер дыферэнцыраваная для кожнага ўзросту. У сельскай мясцовасці карціна выглядае наступным чынам:на дзяцей 6-10гадоў – 2400рублёў, 11-13гадоў – 2748 рублёў, 14 – 17год – 2934 рублі.
Расонская школа, да прыкладу, прыроўніваецца да гарадской, таму кошт на аднаразовае харчаванне тут складае 3120 рублёў. Гэта абумоўлена тым, што прадукты ў крамах таннейшыя , чым у сталовай (за кошт павышаючага каэфіцыента).

Таму раней на аднолькавую суму для вескі і пасёлка расонскія школьнікі елі штосьці больш таннае.
–З’явілася і такое паняцце, як бясплатнае двухразовае харчаванне,– адзначае Вольга Мікалаеўна. – На яго маюць права дзеці з малазабяспечаных сем’яў, а таксама дзеці з сем’яў, дзе выхоўваецца трое і больш школьнікаў(!).Бясплатнае чатырохразовае харчаванне атрымліваюць у школьным інтэрнаце.
Захавалася льгота для сельскіх дзяцей на бясплатнае аднаразовае харчаванне. Калі гэтыя дзеці падыходзяць пад вышэй пералічаныя катэгорыі, то будуць есці бясплатна дадаткова.
Для Расонскай школы льгота на аднаразовае харчаванне захавалася для вучняў пачатковых класаў і дзяцей з сем’яў, у якіх адзін з бацькоў інвалід першай ці другой групы.
Дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, што вучацца ў класах інтэгрыраванага навучання, і дзеці, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, маюць права на двухразовае бясплатнае харчаванне.
Для таго, каб ні на каго не забыца, у школах ствараюцца спецыяльныя камісіі па прадастаўленні харчавання. Бацькі, якія лічаць, што іх сын ці дачка маюць права бясплатна есці, павінны звярнуцца да камісіі з заявай і сабраць неабходныя дакументы.
Паколькі пастанаўленне дзейнічае толькі з 19 лютага, камісія будзе працаваць да канца навучальнага года.
Зразумела, што матулі актыўна абмяркоўваюць якасць харчавання. Адны на ўсе лады нахвальваюць кашы і катлеты, іншыя іх лаюць. Адны бацькі гатовы даплочваць за абеды, каб дзіця атрымлівала сокі і садавіну, іншыя лічаць, што і без лішніх грошай іх добра кормяць. Вядома, у школе, можа, і не гатуюць фірменных матуленых страў, але бацькі павінны пераканаць дзяцей, а ў некаторых выпадках і сябе, у карыснасці і неабходнасці школьных абедаў.
Безумоўна, за фіксаваную грашовую суму ў тры тысячы складана здзівіць разнасоламі і не так проста разнастайна накарміць дзіцяці. Але павары імкнуцца пазбягаць паўтораў у меню, рыхтуюць навінкі.
З’явіліся сокі, свежая садавіна, салаты, гародніна, ёгурты, тварог, больш рыбы, мяса.
У садзіку дзеці праводзяць увесь дзень, а ў школе – яго палову. І ад таго, як добра яны ядуць, залежыць іх актыўнасць і здароўе. За сваё дзіця я, асабіста, супакоена...
На здымку:выхаванцы дзіцячага сада №1 за абедам.