Мужчынская постаць, моцныя рукі, прывабны твар. Аднак пры гэтым яшчэ па-дзіцячаму адкрыты позірк і ўсмешка. Імя і прозвішча гэтага хлопца неаднойчы можна было прачытаць у раённай газеце – перспектыўны спартсмен, выхаванец Віцебскага вучылішча алімпійскага рэзерву, які браў прызавыя месцы на шматлікіх спаборніцтвах рознага ўзроўню. А цяпер – ён прызыўнік, які праз лічаныя дні папоўніць рады Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. ... Звыш пяці гадоў таму Жэня Мякішаў упершыню адчуў смак самастойнасці і адначасова адказнасці за сябе і свае ўчынкі. Па-ступіўшы ў Віцебскае вучылішча алімпійскага рэзерву, ён звыкся з дастаткова жорсткай дысцыплінай і напружанымі трэніроўкамі, якія хутка сталі прыносіць вынік у выглядзе перамог, Ганаровых грамат і медалёў.
Від спорту, якім займаўся Жэня, – кіданне кап’я – патрабуе фізічнай сілы і адладжанай тэхнікі. І тое, і другое ў хлопца было. Казалася б, і надалей звязвай свой лёс з фізкультурай або спортам. Аднак у хлопца з’явіліся новыя прыярытэты і новыя планы на будучае.
– Тое, што буду служыць у арміі, я ведаў заўсёды, – расказвае Яўген. – Аднак лёс распарадзіўся так, каб гэта здарылася амаль адразу пасля заканчэння вучылішча. Я не паспеў зарэгістравацца на цэнтралізаванае тэсціраванне, таму сёлета не трапіў у ВНУ. Але я не шкадую. Па-першае, шанец яшчэ будзе, і неаднойчы.
Па-другое, да прызыву каля 6 месяцаў я паспеў папрацаваць у ПМК-63 бетоншчыкам трэцяга разраду. Гэтае працоўнае месца стала першым у маім жыцці.
Як аказалася, практычна ўсе прадстаўнікі моцнай паловы чалавецтва з роду Мякішавых аддавалі свой доўг Радзіме. Так, прадзядуля Аляксандр Ільіных прайшоў франтамі Вялікай Айчыннай вайны. Дзядуля Мікалай Мякішаў служыў ва Узброеных Сілах Савецкага Саюза. Бацька, Ігар Мякішаў, – воін-інтэрнацыяналіст, ветэран афганскай вайны.
– Мару трапіць у войскі спецыяльнага пры-значэння, а менавіта ў ваенную часць 3214 недалёка ад Мінска, – працягвае хлопец. – Калі не атрымаецца, мне ўсё роўна, дзе несці службу. Галоўнае, адчуваць сябе патрэбным людзям і Радзіме. Прыйшоў час сталець.
Па словах Яўгена, змена рытму жыцця і новыя абавязкі яго зусім не палохаюць. Бо ён гатовы і маральна, і фізічна ўліцца ў рады беларускай арміі.
... Акрамя Яўгена, на наступным тыдні на прызыўны пункт прыйдуць 20 хлопцаў, пражываючых на тэрыторыі Расонскага раёна. Менавіта для іх па ініцыятыве ваенкамата, ад-дзела па справах моладзі райвыканкама і райкама БРСМ у РДК прайшоў тэматычны вечар, прысвечаны Дню прызыўніка «Салдатамі не нараджаюцца».
На ім ва ўрачыстай абстаноўцы хлопцы атрымалі павесткі і сувеніры, а таксама наказ на выдатную службу ад ваеннага камісара раёна Андрэя Міхайлавіча Собіна, ветэрана афганскай вайны Аляксандра Піліпавіча Кухарава і ад маці аднаго з прызыўнікой Вольгі Антонаўны Кандрацьевай.
А музычныя падарункі для іх падрыхтавалі самадзейныя артысты з СДК пасёлка Міжкалгасбуда і салісты ўзорнай эстраднай студыі «Надзея».
...Зусім хутка хлопцы апрануць ваенную форму і пачнуць асвойваць азы ваеннай навукі. Хай армія стане для іх школай жыцця, сапраўднага сяброўства і мужнасці. Хай усе яны вернуцца дадому здаровымі і ўзмужнелымі. А мы, расонцы, будзем іх чакаць.
На здымку: ваенны камісар раёна Андрэй Собін уручае павестку Яўгену Мякішаву.