Першачарговай умовай поспеху ў працы галоўны заатэхнік сельгаспрадпрыемства “Краснаполле” Алена Кавалёва лічыць дакладнасць. Дакладнасць ва ўсім –пачынаючы ад захавання тэхналогіі кармлення і заканчваючы аднаўленнем статку. Пазнаёміўшыся з ёй і гаспадаркай бліжэй, разумееш, што такі падыход да справы больш чым апраўданы.
Алена пачала працаваць у сельгаспрадпрыемстве пяць гадоў таму. Да гэтага скончыла Лужаснянскі аграрны каледж.
– Увогуле я планавала стаць поварам, але абставіны склаліся інакш, і я абрала спецыяльнась заатэхніка, – кажа дзяўчына. – Вучыцца паступіла без праблем, да таго ж на бюджэт.
Калі Алена закончыла каледж, то перад ёй выбару застацца ў родным Шумілінскім раёне або ехаць у іншы рэгіён не паўстала. Малады спецыяліст па размеркаванні трапіла на Расоншчыну.
Алене Кавалёвай адразу знайшлася праца ў Краснаполлі, дзе яе назначылі заатэхнікам, паабяцалі стабільную заработную плату, плюс службовае жыллё. Пяць гадоў мінула з таго моманту – Алена па-ранейшаму працуе па спецыяльнасці, як сама прызнаецца, сваю працу любіць і прывыкла да яе ўсёй душой.
Ды і з прыходам маладога спецыяліста Кавалёвай гаспадарка атрымала новы імпульс для далейшага развіцця жывёлагадоўлі. Гэта абумоўлена прафесіяналізмам заатэхніка, любоўю да сваёй справы і шчырай прыхільнасцю да жывёл.
Будучы добрасумленным і шчырым чалавекам, Алена яшчэ валодае і сціпласцю. Адказваючы за дакладнае выкананне тэхналогіі кармлення, аднаўленне статку, арганізацыю працы і нарыхтоўку кармоў, яна ўпэўнена, што асноўны поспех гаспадаркі ў паспяховай сумеснай працу ўсіх работнікаў сельгаспрадпрыемства.
Гаворка ідзе пра аператараў машыннага даення, механізатараў, жывёлаводаў і іншых людзей, якія, як і яна, з’яўляюцца часткай адладжанага механізму сельгасвытворчасці.
Папярэднія вынікі працы мінулага года паказваюць, што тэндэнцыя па павелічэнні валавой вытворчасці будзе не толькі захавана, але і ўзмоцнена.
Сёння ў сельгаспрадпрыемстве 1775 галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 685 дойнага статку. Тут вялікая ўвага надаецца прафілактычным мерапрыемствам, што праводзіць ветэрынарная служба. Многія з іх накіраваны на першацёлак, якія, па меркаванні Алены, і з’яўляюцца гарантам развіцця жывёлагадоўлі на Краснапольшчыне.
У 2011годзе ў гаспадарцы плануецца атрымаць 3000 кг малака ад каровы, што на 491кг больш, чым летась. Улічваючы мэтанакіраванасць галоўнага заатэхніка (Алена нядаўна закончыла яшчэ і Акадэмію ветэрынарнай медыцыны) і іншых спецыялістаў і жывёлаводаў, можна быць упэўненым, што гэтая планка будзе ўзята.
Кіраўніцтва гаспадаркі стараецца прыцягнуць і захаваць у вёсцы кадравы патэнцыял. Бо вузкіх спецыялістаў з кожным годам становіцца ўсё менш, – а працы, такім чынам – больш. Хацелася б, каб падобныя на Алену прафесіяналы прыязджалі ў вёску кожны год.
Алене Кавалёвай усяго 25 . У юнацтве яна зрабіла галоўнае – правільна расставіла прыярытэты, выбраўшы запатрабаваную спецыяльнасць заатэхніка. Цяпер дзяўчына практычна ні ў чым не мае патрэбы – у яе ёсць дом, гаспадарка, каханы чалавек.
– Трымаю дома два парсюкі, курэй, качак, трусоў, – гаворыць Алена. – А як інакш? Сёння, калі ў цябе няма падсобнай гаспадаркі, у вёсцы не пражыць. А так– і мяса, і яйкі на стале. Садавіна ў садзе, гародніна – з градак.
Натуральна, як і кожная жанчына, Алена марыць пра сям’ю, дзяцей. А пакуль жыве сваёй любімай справай: падымаецца зацемна і дадому прыходзіць позна ўвечары. Аднак працу сваю лічыць перспектыўнай і стабільнай – а менавіта стабільнасці часцей за ўсё не хапае маладым спецыялістам у сучасным свеце.