Прафесійнае свята працаўнікоў сяла супадае з заканчэннем сельскагаспадарчага сезона. А значыць, самы час падвесці яго вынікі, назваць лепшых, вызначыць задачы на перспектыву. Менавіта пра гэта наша гутарка з першым намеснікам старшыні, начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Уладзімірам Гаўрыльчыкам.
На розных этапах станаўлення аграпрамысловага комплексу Расоншчыны перад ім ставіліся розныя задачы. Што ў прыярытэтах на сённяшні дзень?– На працягу стагоддзяў селянін-гаспадар карміў не толькі сваю сям’ю, а і ўсю краіну. З таго часу нічога не змянілася: наша галоўная задача – уносіць пасільны ўклад у забеспячэнне харчовай бяспекі Беларусі.
Праўда, пры гэтым асаблівая ўвага надаецца павышэнню рэнтабельнасці сельгасвытворчасці. Аграпрамысловы комплекс павінны стаць самадастатковым і не толькі забяспечваць мінімальныя ўласныя патрэбы, а і мець сродкі для дальнейшага развіцця і паляпшэння ўмоў працы людзей.
Пакуль што аграпрамысловы комплекс Расоншчыны толькі-толькі выходзіць на рэнтабельную работу. За 9 месяцаў 2011 года ў сярэднім па раёне яна склала 1, 6 працэнта. І гэта ўжо неблагі старт. Некаторыя сельгаспрадпрыемствы сёлета ўпершыню адчулі «смак» жывых грошай і задавальненне ад таго, што іх можна размяркоўваць па ўласным жаданні.
Аднак, каб гаварыць пра фінансавую незалежнасць і стабільнасць, неабходна мець каля 10 працэнтаў рэнтабельнасці. Такую задачу перад сялянамі ставяць Прэзідэнт і старшыня Віцебскага аблвыканкама.
– Напэўна, толькі ў гэтым выпадку сельгасвытворцы змогуць адмовіцца ад падтрымкі дзяржавы? Пакуль што без яе абысціся складана.– Сапраўды, так. За апошні час дзяржавай тройчы падымаліся цэны на закуп сельгаспрадукцыі. Дастаткова сказаць, што на сённяшні дзень тона малака гатункам «Экстра» каштуе 2 мільёны 764 тысячы рублёў. Рэальныя грошы, якія магчыма атрымаць пры адказнай і эфектыўнай рабоце.
Акрамя таго, дзяржава па-ранейшаму дапамагае з набыццём мінеральных угнаенняў і паліва. Аднак паступова ад падобнай падтрымкі трэба адыходзіць.
– За лік чаго сёлета сельгаспрадпрыемствы раёна павялічылі рэнтабельнасць?– У раслінаводстве ў 2011 годзе на 81, 6 працэнта павялічаны пасяўныя плошчы пшаніцы, якія дасягнулі 1669 гектараў. Практычна ў 2 разы павялічыліся плошчы пад трыцікале. Найбольшы прырост пасяўных плошчаў збожжавых культур забяспечаны ў ААТ «Клясціцы» – 132,1 працэнта. Гаспадаркай пасеяна 1560 гектараў збожжавых, з іх 518 гектараў пшаніцы.
Валавы збор збожжавых склаў 14 004 тоны, што на 56 працэнтаў больш, чым летась. Тут важкую лепту ўнеслі працаўнікі сельгаспрадпрыемства «Сокал», якія сабралі 1500 тон збожжа, або на 76 працэнтаў больш, чым у 2010 годзе. Ураджайнасць збожжавых і зернебабовых культур у сярэднім па раёне дасягнула 22 цэнтнеры з гектара.
Найбольшая – у краснапольцаў. Яны сабралі 24, 6 цэнтнера з гектара.
Гаспадаркі раёна на 0,8 працэнта перавыканалі заказ па здачы збожжа дзяржаве. Імі рэалізавана 1500 тон. 465,3 тоны на рахунку падсобнай гаспадаркі «Аграсервісу» пры даведзеным заказе 280 тон.
У жывёлагадоўлі таксама ёсць пэўныя дасягненні. За 10 месяцаў 2011 года вытворчасць буйной рагатай жывёлы склала 841, 2 тоны, або 108 працэнтаў да адпаведнага перыяду мінулага года.Найбольшы прырост забяспечаны жывёлаводамі ААТ «Клясціцы» – 121 тона або 115,8 працэнта да мінулагодняга.
Сярэднясутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы ў сярэднім па раёне атрыманы на ўзроўні 462 грама, плюс 16 грамаў да ўзроўню 2010 года. Краснапольцы і клясціцкія жывёлаводы ў дзень атрымліваюць 488 і 485 грамаў адпаведна.
Што датычыцца рэалізацыі малака дзяржаве, то за 10 месяцаў аграрыямі раёна здадзена 8892,5 тоны малака, што на 0,8 працэнта больш, чым за адпаведны мінулагодні перыяд. Значна павялічаны аб’ём малака гатунку «Экстра». Ад агульнага аб’ёму рэалізацыі ён склаў 48,3 працэнта, калі летась было толькі 6,7 працэнта. Вашэйшым гатункам рэалізавана 51,4 працэнта малака.
У гэтым накірунку лідзіруюць краснапольцы, якія здаюць дзяржаве 95 працэнтаў малака гатункам «Экстра».
– Сельгасвытворчасць – калектыўная праца. Аднак каго са спецыялістаў, механізатараў і аператараў машыннага даення Вы б хацелі асабліва адзначыць?– Перш за ўсё, я ўдзячны ўсім кіраўнікам гаспадарак, якія змаглі граматна і дастаткова эфектыўна адладзіць працэс атрымання сельгаспрадукцыі. Сярод спецыялістаў на высокім прафесійным узроўні працуюць намеснік дырэктара па жывёлагадоўлі сельгаспрадпрыемства «Дворышча-Рас» Дзмітрый Бельскі, заатэхнік з Краснаполля Алена Кавалёва, ветэрынарны ўрач сельгаспрадпрыемства «Сяляўшчына» Аляксандр Буракоў, брыгадзір фермы ў Галоўчыцах Віктар Пакатаў, аператары машыннага даення Вераніка Ульянава з Гарбачэва і Вольга Зімніцкая з Сакалішча, аграномы сельгаспрадпрыемстваў «Дворышча-Рас» і «Сокал» Міхаіл Луфераў і Надзея Фёдарава, механізатары Мікалай Галіяд з Клясціц, Аляксандр Ліцвінаў з Сяляўшчыны, вадзіцель Віктар Румянцаў з Краснаполля. Усіх пералічыць цяжка, бо на Расоншчыне ў сельскай гаспадарцы працуе шмат старанных і дбайных людзей.
– Прайшло крыху больш двух месяцаў, як Вы ўзначалілі ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама. Падзяліцеся першымі ўражаннямі...– Работа для мяне знаёмая, праўда, больш маштабная, чым была раней. Шэсць гадоў працы ў якасці дырэктара «Расонскага аграсервісу» сталі выдатнай школай для пазнання тонкасцяў сельскай гаспадаркі. Ды і заканчэнне ў свой час факультэта «Эканоміка і планаванне сельскай гаспадаркі» інстытута народнай гаспадаркі надае ўпэўненасці ва ўласных сілах.
Пасада першага намесніка старшыні райвыканкама і начальніка ўпраўлення патрабуе поўнай аддачы, а таксама мае на ўвазе вялікую адказнасць. Гэта я ніколі не забываю.
– Уладзімір Георгіевіч, прыміце шчырыя віншаванні з прафесійным святам і пажаданні міру і дабрабыту.
– Дзякуй за добрыя словы. Я таксама ў сваю чаргу віншую працаўнікоў аграпрамысловага комплексу раёна і жадаю ўсяго толькі самага лепшага.