Так называлася сустрэча, прысвечаная 95-гадоваму юбілею нашага знакамітага земляка Пятра Машэрава, якая адбылася 13 лютага, у дзень яго нараджэння, у музеі баявой садружнасці. Каб ушанаваць памяць Пятра Міронавіча, успомніць якім чалавекам ён быў, сабраліся разам расонцы сталага ўзросту, што ў розныя часы сустракаліся з ім, і прадстаўнікі маладога пакалення. На мерапрыемстве таксама прысутнічала намеснік старшыні райвыканкама Галіна Аляксееўна Падвіцельская. 
Перш, чым даць слова гасцям, супрацоўнік музея баявой садружнасці і вядучая мерапрыемства Наталля Анатольеўна Пэк нагадала прысутным біяграфію Пятра Міронавіча, яго баявы шлях і дзейнасць на пасадзе Першага сакратара ЦК КПБ. Яе аповед суправаджаўся мультымедыйнай прэзентацыяй, якая складалася з фотаздымкаў нашага знакамітага земляка, пачынаючы ад дзіцячага ўзросту і заканчваючы апошнімі перад трагічнай смерцю днямі.
Выдатнымі дапаўненнямі сталі ўспаміны вядомых у нашым раёне людзей, якія па роду сваёй працоўнай дзейнасці або ў часы Вялікай Айчыннай вайны сустракаліся з Пятром Машэравым. Напрыклад, былы радавы партызанскага атрада імя Шчорса партызанскай брыгады імя К. Ракасоўскага Канстанцін Мікалаевіч Палявэчка пазнаёміўся з Пятром Міронавічам у 1943 годзе, а потым змагаўся з фашызмам пад яго кіраўніцтвам год і тры месяцы. Канстанцін Мікалаевіч назаўсёды запомніў камісара брыгады шчырым, добрым чалавекам, які самааддана любіў родную зямлю і беларускі народ. Гэтыя якасці Пятра Міронавіча ў поўнай меры праяўляліся і ў мірным жыцці, калі ён наведваў Расоншчыну, сустракаўся са сваімі баявымі таварышамі і мясцовымі жыхарамі, калі дапамагаў у вырашэнні самых розных праблем.
На адным са старых фотаздымкаў з Першым сакратаром ЦК КПБ размаўляе намеснік старшыні Расонскага райвыканкама Дзмітрый Фёдаравіч Кузякоў. Дзмітрыя Фёдаравіча таксама запрасілі на сустрэчу (на здымку), дзе ён успомніў наколькі акуратна і з густам апранаўся Пётр Міронавіч, наколькі правільнай і прыгожай была яго мова, сціпласць і ўдзячнасць гэтага чалавека за памяць, якую захавалі расонцы пра яго загінуўшую маці. Дзмітрый Фёдаравіч нагадаў, што толькі дзякуючы Пятру Міронавічу, у Расонах з’явіўся музей баявой садружнасці, а таксама была пабудавана дарога Расоны–Полацк праз Зялёнку. «Гэта быў чалавек не толькі вялікай культуры, але і вельмі таленавіты кіраўнік, – закончыў сваё выступленне Дзмітрый Фёдаравіч. – Ён служыў народу і ніколі не аддзяляў сябе ад простых людзей».
Пра апошняе наведванне Расонскага раёна Пятром Міронавічам расказала былы старшыня калгаса «Расоны» Ала Сяргееўна Трашчанка.
Старшыня Савета ветэранаў Янкавіцкага сельскага Савета і кіраўнік фальклорнага гурта «Крыніца» Надзея Канстанцінаўна Кавалёва таксама ўспомніла, як Машэраў прыязджаў у Расоны і як яна ў складзе дэлегацыі раёна ўдзельнічала ў пахаванні Пятра Міронавіча.
Члена Прэзідыума раённага Савета ветэранаў Анатоля Міхайлавіча Ганчарэнку звадзіў лёс з Пятром Міронавічам у час работы шостага з’езда настаўнікаў БССР, што адбыўся ў маі 1978 года.
Ад Расонскай сярэдняй школы, што носіць імя Машэрава, выступіла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Вольга Міхайлаўна Фёдарава, якая расказала як сённяшнія дзеці і падлеткі ўшаноўваюць памяць пра свайго знакамітага земляка, Героя Савецкага Саюза і Героя Сацыялістычнай Працы.
Напрыканцы сустрэчы дырэктар музея баявой садружнасці Ніна Мікалаеўна Свяжынская падзякавала пажылым людзям за каштоўныя і цікавыя ўспаміны пра Пятра Міронавіча.
«На маю думку, наша сустрэча атрымалася, – адзначыла Ніна Мікалаеўна. – Лічу, што яна была карыснай перш за ўсё для маладых людзей. Яны больш даведа-ліся пра чалавека, чыё імя носіць іх установа адукацыі, лепш зразумелі яго асобу. А гэта вельмі важна для іх асабістага станаўлення».