У апошнюю нядзелю сакавіка адзначаецца Вялікдзень па календары каталіцкай канфесіі. Ён з’яўляецца найважнейшым і самым старажытным хрысціянскім святам. Менавіта ў велікодны час спаўняецца найважнейшая таямніца веры. Усіх хрысціян раёна віншуе са святам пробашч рымска-каталіцкай парафіі святога Язафата Кунцэвіча ў Расонах ксёндз Вячаслаў.
– Дзякуючы Уваскрэсенню Хрыста, наша вера мае сэнс, а таксама наша зямное жыццё набывае непаўторны сэнс. А таму традыцыйна гэтае вялікае свята Вялікадня называем мы светлым святам. Сапраўды, перамога Хрыста над смерцю нясе чалавеку прасвятленне, ён бачыць жыццё па-новаму, хаця і надалей застаецца ў той самай рэчаіснасці, жыве ў тым самым быце, мае штодзённыя праблемы. Але святло Хрыстовае асвятляе па-новаму гэтае жыццё і ў гэтым ёсць прыгажосць нашай хрысціянскай веры.
Прыгажосць яшчэ ў веры, што не толькі Хрыстос уваскрос, але і мы, дзякуючы ягонаму ўваскрашэнню таксама ўваскрэснем. І нас чакае галоўная перамога ў нашым жыцці. Гэта тое, што мы пераможам сваю смерць, а разам з ёй і ўсе свае слабасці, усе грахі. І ў той час у нас ужо не будзе болю, непрыемнасцяў, будзе толькі радасць, будзе жыццё вечнае.
Таму ўвесь хрысціянскі свет з такім нецярпеннем чакае кожнага году свята Вялікдня, свята Уваскрэсення Хрыста. Святкуючы Вялікдзень, хацелася б таксама, каб кожны яшчэ раз задумваўся над сваім сэнсам жыцця, над тым, якое месца ў ім займае Бог. Хацелася б прыгадаць словы новаабранага Папы Рымскага Францішка. Акурат тыя словы, вельмі прыгожыя і вельмі глыбокія, якія ён сказаў у той момант, калі быў абраны, каб узначаліць Пятровы пасад: “Хачу, каб касцёл быў бедны, і для бедных. І сапраўды, задумаўшыся, мы прыходзім да той высновы. Калі касцёл будзе бедны, убогі і ў сваёй дзейнасці будзе спадзявацца выключна на Бога, на ягоную прадбачнасць, а не на свае матэрыяльныя сродкі і дыпламатычную палітыку, якую цалкам добра праводзіць, то будзе яшчэ больш падобны да таго касцёла і супольнасці вернікаў, пра якую можам прачытаць на старонках Святога Пісання ў Новым Запавеце...” І гэта добра, калі касцёл зразумее тое, што ён заснаваны Хрыстом быць для бедных. Можам прыгадаць, што да Хрыста ў першую чаргу прыходзілі тыя, хто не мелі ўжо да каго прыйсці. Гэта былі людзі бедныя, яны апрача сваіх праблемаў ці то духоўных, ці то матэрыяльных нічога больш не мелі. І Хрыстос іх прымаў. Хрыстос дапамагаў людзям пакінутым, прымаў іх і дазваляў убачыць ім па-новаму сэнс свайго жыцця. Людзі прыходзілі бедныя, з пустымі рукамі, але задаволеныя адыходзілі, атрымаўшы ад Хрыста той скарб, які шукалі ўсё свае жыццё. Важна, каб касцёл і ў сённяшні час выконваў тую самую місію Хрыста, дзеля таго ён і заснаваны – быць для бедных. І ў гэтым таксама ёсць пэўная прыгажосць. Бог заўсёды дае чалавеку надзею. Чалавек можа сябе давесці да пэўнага жыццёвага тупіка, не бачачы ніякага прасвету і не будзе бачыць выйсця. Але калі ён звяртаецца да Бога, то зноў знаходзіць сэнс у жыцці. Часам чалавек баіцца паверыць у Хрыста, прыняць веру, быць добрым у гэтым свеце, жыць паводле свайго сумлення. Свята Вялікадня, Уваскрэсення Хрыста дапамагае чалавеку здабыць адвагу. Не баяцца пачаць жыць па-новаму, так, як гэтага хоча і сумленне чалавека, і сам Бог. І вось калі чалавек будзе станавіцца на гэты шлях, ён будзе знаходзіць шчасце ў сваім жыцці, а гэта вельмі важна.
А таму не трэба баяцца прыйсці да Бога, калі ты сябе адчуваеш убогім, непатрэбным чалавекам. Не трэба баяцца прыйсці да Бога, калі ты ўсё сваё жыццё планаваў будаваць жыццё, спадзяючыся на свой розум, свае сілы, здольнасці і дапамогу іншых, і калі ў цябе нічога не атрымалася. І не трэба сёння баяцца паспрабаваць разам з ім пачаць жыццё нанова і прыйсці да Бога. Хрыстос перамог смерць, перамог грэх, скарыстай з гэтай перамогі. Няхай добры Бог дазволіць кожнаму з нас гэта свята Вялікадня пражыць у непаўторнай атмасферы радасці. Я заахвочваю ўсіх вас дзяліцца гэтай радасцю. Дзеля гэтага Хрыстос і прыйшоў на гэты свет, каб зразумець, што мы тут не самотныя, мы ўсе з’яўляемся дзяцьмі аднаго Бога. Можам жыць шчасліва толькі ў той час, калі будзем бачыць побач з сабой іншага чалавека і будзем імкнуцца яму прынесці тую радасць, якую нам прыносіць свята Уваскрэсення Хрыстова.
З нагоды свята хачу запрасіць усіх вернікаў і тых, хто шукае свайго шляху да Бога, на службу. Яна адбудзецца ў Вялікую суботу а дзевятай гадзіне ўвечары ў касцёле ў рымска-каталіцкай парафіі святога Язафата Кунцэвіча ў Расонах. Са святам!