Шчырую падзяку выказалі юныя экскурсаводы з Клясціцкай школы намесніку начальніка упраўлення Камітэта дзяржбяспекі Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласці, дэпутату Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Васілю Папко за шыкоўны падарунак – прадастаўленую магчымасць пабываць у абласным цэнтры, наведаць славутыя і значныя месцы горада Віцебска.
Даведаўшыся пра поспехі членаў гуртка “Юны экскурсавод”, іх плённую працу ў час летніх канікулаў, Васіль Парфёнавіч у сваім выступленні на вераснёўскай настаўніцкай канферэнцыі адзначыў, што не пакіне таленавітых школьнікаў без увагі. І вось заахвочвальная паездка на камфартабельным аўтобусе з абедам у кафэ “Эрыдан” адбылася. Дзеці наведалі ўпраўленне Камітэта дзяржбяспекі з агляднай экскурсіяй у ведамасны музей, пабывалі ў абласным упраўленні МНС, ДАІ, музеі імя Шмырова, разам з экскурсаводам падарожнічалі па славутых мясцінах сталіцы вобласці. Шмат новых уражанняў прывезлі юныя экскурсаводы на малую радзіму, пра што сведчыць з цеплынёй аформлены фотаальбом – водгук на паездку.