ОБЩЕСТВО
РАСОНШЧЫНА АДСВЯТКАВАЛА ДЗЕНЬ АБАРОНЦАЎ АЙЧЫНЫ
1 марта 2013 |
46472 | Маргарита Алексеева | 85573 | 191 | 0 | 0 | 40 | 67 | 151
Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь – перш за ўсё даніна памяці тым, хто аддаў жыццё за сваю Радзіму. Гэтае свята, як сімвал мужнасці, доблесці і воінскай славы, – адно з самых любімых і шанаваных для ўсіх жыхароў Беларусі, у тым ліку і нашага раёна.
Пра гэта сведчаць святочныя мерапрыемствы, што прайшлі ў населеных пунктах Расоншчыны. Найбольш значныя з іх адбыліся 22 лютага ў райцэнтры. У гэты дзень па традыцыі кіраўніцтва раённага выканаўчага камітэта на чале са старшынёй Аляксандрам Мікалаевічам Шубскім, старшыня Расонскага раённага Савета дэпутатаў Генадзь Акімавіч Фёдараў, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і працы, члены працоўных калектываў, старшакласнікі Расонскай сярэдняй школы імя П. М. Машэрава святочным шэсцем прайшлі па цэнтральнай вуліцы гарадскога пасёлка да Мемарыяльнага парку, дзе пахаваны каля паўтары тысячы савецкіх воінаў, партызан і падпольшчыкаў. Кожнае прозвішча, запісанае тут залатымі літарамі, напамінае нам, нашчадкам, пра сапраўдных патрыётаў сваёй Радзімы, якія не пашкадавалі дзеля яе самае каштоўнае, што ёсць у чалавека, – адзінае жыццё.
... Мітынг, прысвечаны Дню абаронцаў Айчыны і 95-годдзю Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, распачаў ваенны камісар раёна Андрэй Міхайлавіч Собін, які нагадаў гісторыю стварэння беларускай арміі. Пра ўласны шлях афіцэра і вайсковыя будні расказаў старшыня Расонскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз афіцэраў» падпалкоўнік у адстаўцы Рыгор Міхайлавіч Русіновіч. Ад імя будучых абаронцаў Айчыны на мітынгу выступіў вучань Расонскай сярэдняй школы Аляксандр Савіцкі. «Мы, нашчадкі доблесных воінаў, павінны падтрымліваць сувязь часоў і імкнуцца прымнажаць гераічныя традыцыі, якія закладзены нашымі бацькамі, дзядамі і прадзедамі», – адзначыў юнак.
... Пад гукі гарматных залпаў да падножжа чорнага гранітнага абеліска з чырвонай зоркай жыхары райцэнтра ўсклалі вянкі і кветкі, а школьнікі – гірлянды з ялінак. Многія пастаялі некалькі хвілін ля Вечнага агню. Да слова, у гэты дзень кветкі і вянкі ляглі да помнікаў і месцаў пахавання мірных жыхароў і савецкіх воінаў у многіх населеных пунктах Расоншчыны.
... Пасля мітынгу ўдзельнікаў шэсця запрасілі ў раённы Дом культуры на святочную тэматычную праграму, прысвечаную Дню абаронцаў Айчыны і 95-годдзю Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Гледачы з цяплом сустракалі вакалістаў і калектывы, што выходзілі на сцэну. Сярод іх салісты раённага Дома культуры, узорнай эстраднай студыі «Надзея», народны вакальна-харэаграфічны ансамбль «Свяціца», узорны фальклорны калектыў «Нежачкі».
Святочныя канцэртныя праграмы і тэматычныя вечары таксама прайшлі ва ўсіх сельскіх Дамах культуры.