Большасць членаў сям’і старшай цялятніцы фермы ў вёсцы Марачкова ААТ «Клясціцы» Ніны Канстанцінаўны Барадулькінай абралі нялёгкі шлях працаўнікоў сельскай гаспадаркі. Не выключэннем стала і сама жанчына, якая ўжо 23 гады шчыруе ў жывёлагадоўлі.Так, бацька Ніны Канстанцінаўны ветэран Вялікай Айчыннай вайны Канстанцін Парфёнавіч Ганчароў, якога, на жаль, ужо няма, 20 гадоў адпрацаваў пастухом у калгасе «Радзіма». Маці Лідзія Арцёмаўна аддала жывёлагадоўлі гэтай жа гаспадаркі 38 гадоў. Малодшы брат Уладзімір і цяпер працуе трактарыстам у сельгаспрадпрыемстве «Леанішана» Верхня-дзвінскага раёна, а старэйшая сястра Валянціна – заатэхнікам на птушынай фабрыцы ў Бабруйску.

Сама Ніна Канстанцінаўна пасля заканчэння восьмага класа Клясціцкай школы не адразу прыйшла ў сельскую гаспадарку. Спачатку паспрабавала сябе ў якасці ткачыхі на льнопрадзільнай фабрыцы ў Івангорадзе. Потым у Полацку набыла спецыяльнасць ізаліроўшчыка, па якой адпрацавала ў Магілёве два гады. Вярнуцца на Расоншчыну і пусціць карані ў родным Марачкове «прымусіла» каханне да роўнапольскага хлопца Лёні Барадулькіна. Пасля трох месяцаў сустрэч Ніна і Леанід згулялі вяселле і сталі жыць сваім домам. Вось тады маладая жанчына і ўладкавалася ў «Нашу Радзіму», менавіта так, з пяшчотай і любоўю, у канцы 70-ых марачкоўцы называлі свой калгас. Была вагаўшчыцай, загадчыкам склада, працавала на таку, выконвала іншыя работы. А ў 1990-ым годзе жанчына прыйшла ў жывёлагадоўлю.
... Сёння, як старшая цялятніца, Ніна Канстанцінаўна стаіць на чале невялікага калектыву ў шэсць чалавек. Яна адказвае не толькі за іх зладжаную работу, а і за 476 галоў буйной рагатай жывёлы, што ўтрымліваецца на ферме, у тым ліку 122 цялят ва ўзросце ад 4 месяцаў і старэй і 130 цёлак злучнога ўзросту.
Працоўны дзень Ніны Канстанцінаўны пачынаецца а палове пятай. Пасля таго, як прыбярэ ўласную падсобную гаспадарку, жанчына чакае прыходу Ірыны Іванаўны Пляшковай і Алега Антонавіча Пілецкага, якія таксама займаюцца доглядам жывёлы. Па шматгадовай традыцыі яны збіраюцца ў верандзе дома старшай цялятніцы і разам ідуць на ферму. Прыняўшы статак ад начнога вартаўніка, пачынаюць кармленне жывёлы. І так тры разы на дзень.
Аднак не толькі кармленнем абмяжоўваюцца клопаты жывёлаводаў. Ферма ў вёсцы Марачкова з’яўляецца асноўнай па ўзнаўленні статку ААТ «Клясціцы». Кіраўніцтва гаспадаркі і, безумоўна, працуючыя тут змаглі стварыць аптымальныя ўмовы, каб цёлкі злучнога ўзросту прыходзілі ў ахвоту. За аснову тут абраны бяспрывязнае ўтрыманне і арганізацыя прагулак на свежым паветры, што ўмацоўвае агульны стан арганізма, паляпшае страваванне, дыханне, крывазварот і павышае палавую актыўнасць будучай каровы. Каб не прапусціць ахвоту і своечасова правесці асемяненне, за цёлкамі вельмі ўважліва назіраюць усе жывёлаводы і вартаўнікі. У выніку, за 2012 год на ферме ў вёсцы Марачкова праведзена асемяненне 315 цёлак, а за першы квартал 2013 года – 120. Такім чынам марачкоўскія жывёлаводы пад кіраўніцтвам Ніны Канстанцінаўны змаглі вырашыць праблему забеспячэння цёлкамі ААТ «Клясціцы», якое складае 139 цёлак на 100 кароў і з’яўляецца самым высокім па раёне. Прывагі маладняку буйной рагатай жывёлы на марачкоўскай ферме таксама нядрэнныя.
– Я ўдзячна людзям, што працуюць побач са мной. За іх душэўнасць, жаданне дапамагчы, падстрахаваць, калі патрэбна, – дзеліцца Ніна Канстанцінаўна. – Мы сталі адной вялікай сям’ёй, дзе і радасць, і гора дзелім паміж усімі. Разам святкуем дні нараджэння, разам хаваем пажылых людзей, што раней працавалі ў жывёлагадоўлі. Вельмі ўдзячна за падтрымку дырэктару ААТ «Клясціцы» Уладзіміру Казіміравічу Бандарэнку. Такіх, як ён, людзей і кіраўнікоў мала.
Час ідзе хутка, і хаця я б ужо магла знаходзіцца на пенсіі, сядзець дома не магу. Мне падабаецца адчуваць сябе патрэбнай людзям, падабаецца рабіць карысную справу.