Станаўленне і эфектыўнае развіццё сферы турызму – адзін з самых
перспектыўных і актуальных напрамкаў, ад якіх залежыць будучыня
Расоншчыны. На гэта неаднойчы ў сваіх выступленнях акцэнтавалі ўвагу як
старшыня Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта А. М. Косінец, так і
старшыня Расонскага раённага выканаўчага камітэта А. М. Шубскі.
Яшчэ ў лютым 2006 года рашэннем райвыканкама была прынята Комплексная
праграма развіцця турызму ў Расонскім раёне на 2006 – 2010 гады. Сёлета
завяршальны год па яе рэалізацыі, а гэта значыць, большасць
запланаванага ўжо павінна быць выканана. Пра гэта і ішла размова ў час
сакавіцкага пасяджэння раённага выканаўчага камітэта, на якім трымала
справаздачу начальнік аддзела фізкультуры, спорту і турызму А. М.
Патапава.
Па словах Аксаны Міхайлаўны, на Расоншчыне развіваюцца некалькі відаў турызму. Перш за ўсё гэта сельскі турызм – пражыванне і адпачынак у сельскіх сядзібах. Значным штуршком для яго развіцця стаў Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №372 «Аб мерах па развіццю аграэкатурызму ў Рэспубліцы Беларусь», які гарантаваў дзяржаўную падтрымку гаспадарам сельскіх сядзіб. На сённяшні момант у раёне прымаюць турыстаў 22 сядзібы ( у 2006 годзе –2, у 2007 годзе – 9, у 2008 – 18), 13 з іх атрымалі крэдытную падтрымку ААТ «Белаграпрамбанк». За 2009 год у сядзібах гасцявалі 686 чалавек, якія пакінулі гаспадарам 185,3 мільёна рублёў.
Другі від турызму – пазнавальны, які дапускае знаёмства з гісторыка-культурнымі славутасцямі, музеямі, жыццём і традыцыямі народа. Расоншчына славіцца музеем баявой садружнасці, музеем пад адкрытым небам на месцы стаянкі партызанскай брыгады імя Ракасоўскага, музеем партызанскай Славы, музеем Айчыннай вайны 1812 года ў Клясціцкай школе, помнікамі прыроды, архітэктуры, Вялікай Айчыннай вайны. Усе гэтыя аб’екты ўключаны ў турыстычныя маршруты.
Госці раёна могуць азнаёміцца і з творчасцю народнага фальклорнага калектыву «Крыніца», і народнага вакальна-харэаграфічнага ансамбля «Свяціца», якія маюць у сваім рэпертуары аутэнтычныя песні і танцы. Калектывамі большасці сельскіх Дамоў культуры распрацаваны тэатралізаваныя прадстаўленні народных абрадаў.
Для аматараў актыўнага адпачынку або спартыўнага турызму распрацаваны пешыя, веласіпедныя, водныя маршруты. З улікам таго, што сучасныя турысты не толькі жадаюць адпачываць, а яшчэ і даведвацца пра нешта новае, прымаць удзел у разнастайных мерапрыемствах, то маршруты распрацаваны з улікам наведвання аб’ектаў турыстычнага паказу.
Крок за крокам развіваецца ў раёне і так званы экалагічны турызм – назіранне за жывёламі і раслінамі ў натуральных умовах. Асабліва ім захапляюцца замежныя турысты, для якіх азёры, балоты, лясы Расоншчыны – сапраўдны цуд.
У раёне існуюць два ландшафтныя заказнікі дзяржаўнага значэння. На тэрыторыі «Чырвонага Бору» пабудаваны дзве гаці, вызначаны ў заказніках 50 зон для адпачынку турыстаў. У вёсцы Забор’е адрамантаваны будынак, у якім размесціцца Цэнтр экалагічнага выхавання.
Акрамя таго, у адпаведнасці з падпраграмай «Развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы індустрыі» ў раёне для турыстаў паспяхова функцыянуюць Дом паляўнічага Расонскага лясгаса, гасцініца, турыстычны комплекс «Бабровая хата», некалькі аб’ектаў прыдарожнага сервісу, што размяшчаюцца на дарозе Лепель–Полацк– мяжа Расійскай Федэрацыі. Сёлета павінны быць уведзены ў эксплуатацыю яшчэ некалькі новых аб’ектаў інфраструктуры турызму. Сярод іх Домікі паляўнічага ў вёсцы Сяляўшчына (Расонскі лясгас) і ў вёсцы Тофелі (Расонскае аддзяленне Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў), аб ’ект прыдарожнага сервісу ПВУП «РосТэрра», 5 новых нумароў на 8 месцаў у гасцініцы райцэнтра, аўтасеріс, дзе будуць аўтапрыпынак, шынамантаж, замена масла і аўтамойка і іншае.
Летась быў распрацаваны дызайн турыстычнай інфармацыйнай карты раёна для яе размяшчэння на бігбордах. Адзін рэкламны бігборд ужо ўсталяваны, другі рыхтуецца, яшчэ тры з’явяцца ў райцэнтры ў гэтым годзе.
Расонскі раён з’яўляецца партнёрам у рэалізацыі інвестыцыйнага латышска-беларускага турыстычнага праекта «Бела-Дзвіна». Яго галоўная мэта – стварыць турыстычную прастору паміж Даўгаўпілсам і Віцебскам. Рэалізацыя праграмы разлічана на 2 гады. На сённяшні дзень набыта мэбля, аргтэхніка для стварэння інфармацыйных зон, выдадзены рэкламныя матэрыялы, створаны турыстычны сайт, прадстаўнікі Расоншчыны ўдзельнічаюць у адукацыйных мерапрыемствах, што праводзяцца ў межах праекта.
Немалаважную ролю ў развіцці турызму на Расоншчыне адыгрывае продаж сувенірнай прадукцыі і тавараў з гербам раёна. Ужо цяпер вядзецца іх рэалізацыя. Гэта керамічныя вырабы з сімволікай Расон і друкаваная прадукцыя з малюнкамі рэдкіх птушак і жывёл, якія жывуць на тэрыторыі нашага раёна. Пры Доме рамёстваў адкрыты салон-магазін. Дадзеная работа будзе праводзіцца і надалей.
Актыўна ідзе падрыхтоўка да правядзення 6-га фестывалю сельскага турызму «Заборскі фэст».
На падставе статыстычных даных сучасны турыст адпачывае ў сярэднім 4 дні. Таму распрацаваны туры выхаднога дня, куды ўключаны наступныя мерапрыемствы: прадстаўленне на ваенна-патрыятычную тэматыку, фестываль сельскага турызму «Заборскі фэст», «Купалле – воднае свята» , фестываль нацыянальных страў «Дары лесу» , патрыятычны фестываль, прысвечаны Айчыннай вайне 1812 года.
Шмат робіцца і па выкананню падпраграмы «Кадравая палітыка». Так, за 2009 год на тэрыторыі раёна праведзены 2 семінары па ўстойліваму развіццю з удзелам замежных і рэспубліканскіх экспертаў, раённыя семінары пры сельскіх выканаўчых камітэтах. Гаспадары сельскіх сядзіб праходзяць курсы павышэння кваліфікацыі пры Акадэміі турызму. З мэтай атрымання практычнага вопыту 8 чалавек наведалі турыстычныя рэгіёны іншых краін.
Але ж на парадку дня стаіць і шмат праблемных пытанняў. Сярод іх завяршэнне будаўніцтва фізкультурна-аздараўленчага комплексу, недастатковая колькасць рэкламна-інфармацыйнай прадукцыі, недахоп кваліфікаваных спецыялістаў у сферы турызму. На жаль, патэнцыял па выкананню турыстычна-экскурсійных паслуг таксама ў нашым раёне не выкарыстоўваецца на поўную моц. Каб выправіць становішча, летась была створана рабочая група па развіццю інфраструктуры паслуг на тэрыторыі раёна, у склад якой уваходзяць прадстаўнікі райвыканкама, кіраўнікі прадпрыемстваў дзяржаўнай і прыватнай формы ўласнасці, гаспадары сельскіх сядзіб. На пасяджэннях групы ўжо разгледжаны шэраг праблемных пытанняў, вырашэнне якіх дазволіць прыцягнуць у наш раён турыстаў. Гэта стварэнне адзінай інфармацыйнай базы аб турыстычных паслугах, якія прадастаўляюцца ў раёне, распрацоўка гібкай сістэмы камісійных збораў, лакальных маршрутаў з адпаведнай калькуляцыяй, адзінага гандлёвага брэнда Расоншчыны і іншыя.
Усе вышэйпералічаныя недахопы і шляхі па іх выпраўленню знайшлі сваё адлюстраванне ў прынятым па гэтым пытанні рашэнні райвыканкама.
Маргарыта АЛЯКСЕЕВА.