У рамках святкавання Дня Незалежнасці нашай краіны прайшла акцыя «З любоўю да дзяцей», арганізатарам якой выступіла грамадская арганізацыя «Белая Русь». Акцыя праходзіць пяты год запар і прысвячаецца самым маленькім грамадзянам нашай краіны, тым хлопчыкам і дзяўчынкам, якім пашчасціла з’явіцца на свет менавіта напярэдадні 3 ліпеня.
У нашым раёне шчаслівымі ўладальнікамі падарункаў для дзяцей сталі тры сям’і. Прадстаўнікі Расонскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь» Валянціна Фёдарава і Наталля Кубанкова асабіста накіраваліся павіншаваць новаспечаных бацькоў. Для кожнага нованароджанага быў падрыхтаваны камплект, у які ўвайшлі пялёнкі, распашонкі, дзіцячая пасцельная бялізна і іншыя неабходныя рэчы для немаўля.
У некаторых гэта першае дзіця, у іншых – другое ці трэцяе, але ўсе такія ж доўгачаканыя, любімыя і родныя.
– У сям’і Заўгародніх з Бірузова гэта першынец. Дзяўчынка з прыгожым, рэдкім і незвычайным імем Ніка нарадзілася 21 чэрвеня вагой тры кілаграмы і даўжынёй 50 сантыметраў. Маці дзяўчынкі Галіна кажа, што імя выбіралі разам з татам. Маўляў, я прапанавала, а ён падтрымаў.

У Карпенкаў з Расон сям’я папоўнілася трэцім дзіцяці. У бацькоў расце двое хлопцаў, а 29 чэрвеня нарадзілася на радасць матулі дзяўчынка Насця.
Усе сем’ і нечаканаму падарунку ад «Белай Русі» рады. Кажуць, што прыемна, калі дзяржава такім чынам падтрымлівае дзетак.
Звяртаючыся да жанчын, прадстаўнікі «Белай Русі» павіншавалі іх з самым шчаслівым імгненнем у жыцці – нараджэннем дзіцяці.
– Мы ведаем, што аснова дзяржавы – сям’я. І тыя шматлікія сацыяльныя праекты, якія нараджаюцца і рэалізоўваюцца ў РГА «Белая Русь», накіраваныя, у тым ліку, і на ўмацаванне і падтрымку інстытута сям’і. Бо ісціна простая: сям’ю гартуюць і ўмацоўваюць дзеці, а чым мацней сям’я – тым мацней дзяржава! Прыемна, што ў нашым раёне з кожным годам нараджаецца ўсё больш малых і паляпшаецца дэмаграфічная сітуацыя, – адзначыла Валянціна Фёдарава.
У гэтыя дні прадстаўнікі арганізацыіі наведалі таксама сям’ю Федарэнкаў, у якіх нарадзілася дачка. .