
Штогод 11 красавіка адзначаецца Дзень вызвалення вязняў фашысцкіх
канцлагераў. За гады другой сусветнай вайны іх колькасць перавысіла 18
мільёнаў чалавек. У жывых засталося толькі каля 7. Сустрэча,
прысвечаная памяці тых, хто прайшоў праз лагеры смерці, адбылася ў
музеі баявой садружнасці.– Вы зноў разам, каб пагаварыць, успомніць тых, хто па волі акупантаў, трапіў у лагеры, турмы і іншыя месцы паднявольнага ўтрымання, – такімі словамі распачала сустрэчу яе вядучая. Дарэчы, да былых вязняў у гэты дзень завіталі і госці: начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама І. А. Гвоздзева, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне А. М. Саўчанка, старшыня раённага савета вязняў Г. А. Печкурова, старшыня раённага савета ветэранаў І. І. Павядайла. Яны ў сваіх прамовах звярнулі ўвагу на тое, што Дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў – не проста памятная дата, а даніна памяці тым, хто загінуў, і даніна павагі да тых, хто прайшоў праз нечалавечыя выпрабаванні. Акрамя таго, Ірына Аляксееўна азнаёміла прысутных з асноўнымі напрамкамі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна, а Алена Міхайлаўна – з новымі ўказамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы ветэранаў вайны і пажылых людзей.
Потым слова прадаставілі самім вязням.
– Мы ўспамінаем мінулае як урок для будучага пакалення, – дзяліўся думкамі Д. Ф. Кузякоў. – Ніколі не павінна быць вайны і нацызму. Безумоўна, перажыта многа. Мне, напрыклад, давялося быць у канцлагерах горада Каўнаса, у Груненхаузе, Гановеры і Мюленберзе ў Германіі. Усяго не раскажаш. Але сёння даваце ўспомнім перш за ўсё тых, хто нас абараняў, карміў, насіў на руках. Гэта нашы мамы, цёці, сёстры – у кожнага ў той час быў свой анёл– ахоўнік.

Яшчэ больш ускалыхнулі ўспаміны песні ў выкананні самадзейных артыстаў з СДК пасёлка Міжкалгасбуда. Многія падпявалі, некаторыя не стрымліваліся і выходзілі на сярэдзіну залы, каб станцаваць вальс або танга.
…На думку большасці былых вязняў, гэты дзень, хаця і са слязамі на вачах, але ж свята. Бо пасля пройдзенага жыць – ужо шчасце!