1
8 дзён засталося да святога для кожнага беларуса свята Дня Перамогі, якое сёлета мы будзем адзначаць юбілейны 65-ы раз. А гэта значыць, з боку мясцовай выканаўчай улады, кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый раёна надаецца самая пільная ўвага падрыхтоўцы і правядзенню мерапрыемстваў, што запланаваны ў межах святкавання, бо 65-годдзе Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне – не проста юбілейная дата, а магчымасць яшчэ раз усім народам пакланіцца ветэранам за іх ратны подзвіг, успомніць загінуўшых, вязняў, працаўнікоў тылу, сем’і загінуўшых.
На сённяшні дзень на Расоншчыне пражывае 99 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Двойчы за апошнія шэсць месяцаў было праведзена іх абследаванне, у выніку чаго скла-дзены акты, распрацаваны рабочыя планы па аказанні канкрэтнай дапамогі і вырашэнні праблем пажылых людзей. Яшчэ летась 21 ветэрану вайны адрамантавалі печы, 11 – электра-праводку, у дамах 29 чалавек усталявалі аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі. 58 ветэранаў ахоплены сацыяльным абслугоўваннем, Трое пражываюць у аддзяленнях кругласутачнага знаходжання, разнастайныя віды сацыяльнай і псіхалагічнай дапамогі аказваюцца гэтым людзям праз Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання. Ветэраны, што маюць патрэбу, па-за чаргі забяспечваюцца крэсламі-каляскамі і іншымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі. Штогод урачамі цэнтральнай раённай бальніцы камісійна пры неабходнасці з выездам на месца праводзяцца медыцынскія агляды ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, складаюцца індывідуальныя планы лячэбна-рэабілітацыйных мерапрыемстваў .
Шмат робіцца ў раёне і па героіка-патрыятычным выхаванні моладзі, увекавечанні памяці абаронцаў Айчыны. Так, на тэрыторыі раёна знаходзіцца 131 помнік, у тым ліку 77 воінскіх пахаванняў. З іх 44 помнікі летась былі адрамантаваны, каля іх устаноўлена 183 метры жалезабетоннай агароджы. На гэта зрасходавана звыш 10 мільёнаў рублёў.
Да 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у райцэнтры ўстаноўлены помнікі 109 спаленым вёскам і воінам-інтэрнацыяналістам. У Мемарыяльным парку з’явіліся 6 пліт, на якіх увекавечаны 350 прозвішчаў воінаў і партызан, што загінулі на Расоншчыне. Вядуцца работы і па добраўпарадка0ванню самаго парку і яшчэ трох помнікаў, што ў гарадскім пасёлку. На гэта выдаткавана 45 мільёнаў рублёў з абласнога бюджэту. Яшчэ 10 мільёнаў накіраваны на рамонт 10 помнікаў, якія размяшчаюцца на тэрыторыі сельскіх Саветаў.
У раёне створана спецыяльная камісія і вядзецца работа па падрыхтоўцы перавыдання гісторыка-дакументальнай хронікі «Памяць. Расонскі раён». Распрацавана і зацверджана структура зборніка, вызначаны адказныя за падрыхтоўку матэрыялаў кожнага раздзела, уносяцца змяненні ў тэкст на падставе як новых матэрыялаў, так і заўваг і прапаноў, што паступаюць ад саміх жыхароў раёна.
Не застаюцца без справы і прадстаўнікі падрастаючага пакалення, якія аказваюць пасільную шэфскую дапамогу ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, займаюцца добраўпарадкаваннем помнікаў і воінскіх пахаванняў. Акрамя таго, з пачатку 2010 года ў навучальных установах раёна праходзяць шматлікія акцыі, конкурсы песень і малюнкаў, спартыўныя спаборніцтвы, прысвечаныя юбілейнай даце. Сярод іх аперацыі «Міласэрнасць», акцыі «Падарунак ветэрану», «Ветэран жыве побач», « Абеліск» і іншыя. Самыя таленавітыя юныя спевакі і мастакі ўдзельнічаюць у абласных творчых конкурсах і займаюць у іх прызавыя месцы.
Што датычыцца самаго святкавання і тых мерапрыемстваў, якія пройдуць з 1 па 9 мая, то іх пастараліся зрабіць разнапланавымі і цікавымі. І першае вялікае мерапрыемства – урачысты прыём ветэранаў у Віцебскім абласным выканаўчым камітэце – пройдзе 7 мая, у якім будзе ўдзельнічаць і дэлегацыя нашага раёна. Акрамя таго, мы пастараемся, каб ветэраны Расоншчыны на свае вочы пабачылі Алею Славы ваеннай тэхнікі ў Віцебску. Сярод яе экспанатаў знаходзяцца баявая машына–13 («Кацюша») і зенітная гармата, што стаялі каля музея баявой садружнасці. У райвыканкам паступалі звароты ад жыхароў раёна наконт вывазу ваеннай тэхнікі. Таму мы яшчэ раз паўтарымся: і «Кацюша», і зенітная гармата займуць пачэснае месца на Алеі Славы. Перад гэтым спецыялістамі будзе праведзена іх рэканструкцыя.
У маі пройдуць уручэнні ветэранам Вялікай Айчыннай вайны віншаванняў ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі і юбілейных медалёў «65 год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў». У рамках Вахты Памяці ветэранаў наведаюць школьнікі і ўручаць ім сувеніры, іх ушаноўванне будзе праводзіцца і ў працоўных калектывах Расоншчыны.
Напярэдадні свята, 5 мая, будзе арганізавана экскурсійная паездка ветэранаў вайны і вучняў школ раёна па месцах баявой славы.
А кульмінацыяй святкавання стане 9 мая. Менавіта ў гэты дзень ва ўрачыстай абстаноўцы гарадскому пасёлку Расоны будзе ўручаны вымпел «За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны», што з’яўляецца яшчэ адным прызнаннем высокага патрыятызму і подзвігу расонцаў у гады Вялікай Айчыннай. Яшчэ жыхароў і гасцей раёна чакаюць святочнае шэсце ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, прадстаўнікоў працоўных калектываў і школ, мітынг і ўскладанне кветак у Мемарыяльным парку, святочная тэматычная праграма, штатлікія выставы, спартыўныя мерапрыемствы, дэманстрацыя мастацкіх і дакументальных фільмаў пра вайну, святочны гандаль і многае іншае.
І. ГВОЗДЗЕВА,
начальнік аддзела ідэалагічнай
работы райвыканкама.
В. ЦЕЛЯЖЭНКА,
ваенны камісар Расонскага раённага
ваеннага камісарыята.