ОБЩЕСТВО
ЧАС НАВОДЗІЦЬ ПАРАДАК
14 апреля 2014 |
45989 | Елена Кириллова | 28062 | 194 | 0 | 0 | 2 | 66 | 102
З прыходам вясны жыхары ўсіх населеных пунктаў Расоншчыны актыўна бяруцца за працу па добраўпарадкаванні. Штогод у раёне рашэннем райвыканкама ствараецца штаб па навядзенні парадку на зямлі. У гэтым годзе ён быў створаны 31 сакавіка. У яго традыцыйна ўвайшлі прадстаўнікі розных службаў райвыканкама, а таксама іншых прадпрыемстваў і арганізацый. Кіраўніком штаба прызначаны старшыня раённага Савета дэпутатаў Генадзь Фёдараў.
Работы па добраўпарадкаванні пачаліся з канца сакавіка: ні адзін пагодны дзень не прайшоў дарма. Рабочыя УП ЖКГ займаліся абразаннем дрэў, ачышчэннем вуліц, ямачным рамонтам дарог. Вядома, зроблена ўжо нямала,але асноўная праца – яшчэ наперадзе. Напярэдадні светлага свята Вялікадня, майскіх святаў, Дня Перамогі асаблівая ўвага надаецца азеляненню і навядзенню санітарнага парадку на зямлі.
Неабходна яшчэ ачысціць і газоны, і тратуары ад бытавога смецця. На многіх вуліцах такія работы ўжо завершаны.
Паралельна прыводзяцца ў парадак лесапаркавыя зоны, паркі, прыдарожныя палосы, месцы масавага адпачынку людзей.Там прыбіраецца і леташняе лісце, вывозяцца адходы і смецце .
Акрамя работнікаў УП ЖКГ актыўны ўдзел у суботніках і іншых мерапрыемствах па навядзенні парадку прымаюць члены працоўных калектываў прадпрыемстваў і арганізацый. Для гэтых мэтаў ладзяцца чыстыя чацвяргі, каб навесці парадак на сваёй тэрыторыі.
Дарэчы,дапамогу па добраўпарадкаванні аказваюць і школьнікі ўсіх устаноў адукацыі раёна. Хлопцы і дзяўчаты лічаць сваім прамым абавязкам падтрымліваць чысціню на школьных дварах. Карысць ад гэтага падвойная: па-першае, тэрыторыю атрымоўваецца ачысціць ў разы хутчэй, па-другое, там, дзе сам прыбіраў, ужо наўрад ці кінеш фанцік ад цукеркі.
Бліжэй да мая ў райцэнтры будуць падрыхтаваны да эксплуатацыі фантаны, пасаджаны новыя і прыведзены ў парадак ужо існуючыя шматлікія дрэвы, дэкаратыўныя кусты, а таксама газоны і кветнікі. З’явяцца і розныя кветкавыя кампазіцыі.
Пройдзе яшчэ зусім мала часу і Расоны заквітнеюць. Аднак варта памятаць, што за ўсёй гэтай прыгажосцю стаіць карпатлівая праца людзей, якая патрабуе шмат сіл і цярпення. І было б справядліва і правільна, каб актыўны ўдзел у добраўпарадкаванні райцэнтра і раёна прыняў кожны яго жыхар. Бо наводзіць парадак, роўна як і жыць, і прымаць гасцей у чыстым, утульным пасёлку, а таксама аграгарадках і вёсках мы будзем разам. Родныя мясціны, як і родная хата, патрабуюць увагі, клопату, падтрымкі і догляду з боку ўсіх жыхароў.