Перамога ў Вялікай Айчыннай вайне – адна з самых памятных і значных
вех у гісторыі беларускага народа, якая як нельга яскрава сімвалізуе
яго гераізм, мужнасць і самаадданасць у барацьбе за свабоду Радзімы.
На Расоншчыне, якая ў тыя бязлітасныя часы панесла непапраўныя страты,
як і ў кожным кутку Беларусі, кавалася Перамога. Многія з яе жыхароў
аддалі жыцці на ратным полі, жывымі згарэлі ў родных вёсках, загінулі
ад катаванняў і ў канцлагерах. Вечная памяць ім, паўшым героям і мірным
лю-дзям. І вялікая пашана тым, хто перамог і застаўся жыць, каб
пакінуць у спадчыну нашчадкам свае ўспаміны і ўзнагароды.
Для ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Мікалая Сямёнавіча Васільева ( на
здымку), ураджэнца былога хутара Кавалькі, 2010 год асаблівы, бо сёлета
ён святкуе адразу дзве юбілейныя даты – сваё 90-годдзе і 65-годдзе
Вялікай Перамогі. На рахунку франтавіка, якому давялося перажыць блакаду
Ленінграда, тры баявыя ўзнагароды – медалі «За баявыя заслугі», «За
перамогу над Германіяй», «За абарону Ленінграда».
Яшчэ хлопцам Мікалай Сямёнавіч быў прызваны з Дрэтуні на вайсковую
службу і накіраваны ў Ленінград ахоўваць ваенныя склады. Менавіта там і
напаткала яго вайна. У сорак другім Мікалай Сямёнавіч быў залічаны ў
склад сапёрнай роты 39-га знішчальнага супрацьтанкавага батальёна,
размініраваў вызваленыя тэрыторыі ў Выбаргу, Нарве, у Польшчы. Перамогу
малады, але ўжо з сівымі валасамі, сапёр сустракаў у Патсдаме. Шчасцю ў
той дзень не было мяжы.
На жаль, ужо ў мірны час Мікалай Сямёнавіч страціў сына і жонку. Але ў
ветэрана засталася дачка, якая падарыла яму чацвёра ўнукаў, а тыя –
траіх праўнукаў. Для ўсіх іх Дзень Перамогі – значнае свята. Таму
65-годдзе, як і дзядулін юбілей, яны будуць адзначаць адзінай дружнай
сям’ёй. Нават самы малодшы праўнук Дзіма ( на здымку) яшчэ не зусім
разумее, што адбываецца навокал, але з цікавасцю разглядае прадзядуліны
ўзнагароды. Відаць, расце сапраўдны абаронца Айчыны!