
На жаль, не заўсёды асуджаныя, якім судом прызначаецца больш мяккае пакаранне ў выглядзе абмежавання волі замест яе пазбаўлення, становяцца на шлях выпраўлення і паводзяць сябе належным чынам. Гэта адносіцца і да неаднаразова асуджанага 39-гадовага Аляксандра Осіпава, які ў 2008 годзе судом Чыгуначнага раёна г. Віцебска ў адпаведнасці з ч.1 арт. 147 Крымінальнага кодэкса быў асуджаны на 4 гады пазбаўлення волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу № 16, што ў Расонскім раёне.
Абмежаванне волі аказалася для яго ў некаторым сэнсе і не пакараннем: ён імкнуўся паводзіць сябе, нібы не асуджаны. На працягу амаль двух гадоў, якія Осіпаў знаходзіўся ў ВУАТ, ён сістэматычна і злосна парушаў парадак і ўмовы адбывання. Неаднаразова без дазволу адміністрацыі пакідаў месца работы і самавольна выязджаў за межы раёна. Таксама Осіпаў злоўжываў спіртнымі напоямі. Не стрымлівалі яго разгульнае жыццё шматразовыя вымовы і дысцыплінарныя спагнанні. Некалькі разоў ён самавольна ездзіў у Віцебск, вяртаўся калі хацеў, зноў выпіваў і дэбашырыў, і гэта для яго было нормай.
Не выправіла паводзінаў правапарушальніка і рэальная пагроза атрымаць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, да якога ён у выніку і “дакаціўся”. Менавіта гэтае пакаранне ў адпаведнасці з арт. 415 Крымінальнага кодэкса прадугледжана за ўхіленне ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі.
Такім чынам, за сваё жаданне жыць па ўласных законах Осіпаў быў асуджаны на 2 гады пазбаўлення волі. А з улікам таго, што тэрмін яго знаходжання ва ўстанове адкрытага тыпу складаў яшчэ 1 год 8 месяцаў, што адпавядае 10 месяцам пазбаўлення волі, то на “выпраўленне” сваіх звычак пад назвай “піць і гуляць” Осіпаву прадастаўляецца аж 2 гады 10 месяцаў.