На мінулым тыдні адбылося чарговае пасяджэнне штаба па добраўпарадкаванні на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Генадзем Акімавічам Фёдаравым. На гэты раз яго ўдзельнікі абмяркоўвалі шэраг важных пытанняў.Першае з іх – правядзенне ў арганізацыях і на прадпрыемствах раёна так званага «чыстага чацвярга», калі работнікі выходзяць на ўборку вытворчых або замацаваных тэрыторый. Як адзначылі галоўны спецыяліст аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Т. Г. Жаглова і галоўны санітарны ўрач раёна А. С. Шчалкун, у асноўным кіраўніцтва і супрацоўнікі адказна адносяцца да навядзення парадку. Асабліва можна адзначыць раённыя вузлы паштовай і электрычнай сувязі, лясгас, аўтапрадпрыемства №10, Расонскі малочны вытворчы ўчастак, цэнтральную раённую бальніцу і іншых. А вось да ПМС, ПМК-63 і лінейна-дарожнай дыстанцыі ДЭУ-32 ёсць пэўныя прэтэнзіі.
Па звыш 10 пазіцыях меў справаздачу начальнік унітарнага прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі А. З. Пятровіч. Тое, што яшчэ засталося нязробленым і не толькі, увайшло ў пратакол даручэнняў. Сярод праблемных пытанняў уборка тэрыторыі Мемарыяльнага сквера, добраўпарадкаванне пляцоўкі для кантэйнераў каля гасцініцы, падсыпка тэрыторыі вакол сажалкі каля ДРБУ-109, заканчэнне работ па рамонце водаправода ў аграгарадку Сяляўшчына, цвёрдае пакрыццё пешаходнай дарожкі па вуліцы імя Пушкіна, падсыпка па вуліцы імя Каралькевіча, рамонт уваходных дзвярэй, асвятленне і ўборка прыдамавых тэрыторый каля шматкватэрных дамоў па вуліцы Кастрычніцкая і іншае.
Ёсць пытанні і па навядзенні парадку каля былога будынка КБА па вуліцы Савецкая. Тут у самы бліжэйшы час неабходна ўстанавіць новую агароджу , адрамантаваць туалет, што знаходзіцца за будынкам.
Начальнік ДРБУ-109 М. Ю. Скавародка далажыў пра заканчэнне работ па асфальтаванні прыдамавой тэрыторыі і выезду паміж дамамі №№11 і 13 па вуліцы імя Машэрава. А таксама паабяцаў у бліжэйшы час закончыць асфальтаванне тэрыторыі каля СДК і малочнатаварнай фермыў Гарбачэве.
Начальніку інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя В. І. Тысенчуку даручана пракантраляваць уборку аварыйнага дрэва каля альтанкі, што знаходзіцца ў зоне адпачынку каля возера і замацавана за прыватным прадпрыемствам «Уладзімір і Даніла».
Наколькі хутка і якасна будуць вырашаны ўсе вышэйпералічаныя праблемныя пытанні, стане зразумела ў час выступленняў кіраўнікоў на наступным пасяджэнні штаба па добраўпарадкаванні.