Фестываль беларускай песні, які ладзіцца ў Клясціцкай школе штогод, выклікае шчыры інтарэс як у саміх школьнікаў, так і іх бацькоў.

У шосты школьны дзень ва ўстанове адукацыі гучала родная мова, на ёй не проста размаўлялі, а спявалі. Кожны клас падрыхтаваў музычны нумар, з якім выступіў перад настаўнікамі, школьнікамі і бацькамі. У рэпертуары як добра вядомыя песні вакальна-інструментальных ансамбляў, так і сучасныя хіты папулярных гуртоў. Напрыклад, «Завіруху» і «Сланечнік» у выкананні васьмікласнікаў і дзевяцікласнікаў падпяваў увесь зал. Вельмі гучным і запамінальным стала выступленне першакласнікаў.

–Усе класы – вялікія малайцы, разам з класнымі кіраўнікамі добра падрыхтаваліся да фестывалю, які яшчэ раз падкрэсліў значнасць роднага слова для моладзі, – адзначыла педагог-арганізатар Клясціцкай школы Надзея Шылавец.