
Больш за іншых па раёне –156 гектараў яравых збожжавых культур пры плане ў 850 гектараў – на ўчарашні дзень засеялі працаўнікі сельгаспрадпрыемства «Сяляўшчына».
З іх 106, 5 гектара на рахунку маладога механізатара з сямігадовым стажам Івана Картавенкі (на здымку). На МТЗ 30-22 з глебаапрацоўчым пасяўным агрэгатам АПП-6 ён адным з першых выйшаў у поле. Яго трактар ужо папрацаваў ва ўрочышчах Маяк, Аўсюкова, каля малочнатаварнай фермы ў Сяляўшчыне. Цяпер кідае ячмень у падрыхтаваную глебу ва ўрочышчы Папкова плошчай у 40 гектараў.
Працоўны дзень Івана Ягоравіча, як і астатніх механізатараў, занятых на пасяўной, пачынаецца з шасці гадзін раніцы і заканчваецца зацемна. Безумоўна, нялёгка, але ёсць у працы хлебароба вялікія плюсы – усведамленне важнасці выконваемай работы, арганізаваная справа і праца новай тэхніцы, якой няма і года.
Стараюцца якасна і хутка «адпрацаваць» карысныя гектары механізатары-сеяльшчыкі Уладзімір Ананька, Сяргей Мікалайчык. Цяпер яны занятыя на ўрочышчах Плігаўка і Лазарава.
На культывацыі глебы працуюць вопытныя трактарысты Міхаіл Луткоўскі, Андрэй Муцянка, Аляксандр Літвінаў. Занятыя на падвозе насення Васіль Зянькоў, Канстанцін Драздоў. Мінеральныя ўгнаенні ўносяць Рыгор Луткоўскі, Вячаслаў Сініца на РДУ-1,5, Аляксей Сініца на РДУ- 8,5 і Міхаіл Свярдлоў на МТТ-4.
Увесь працэс – пад пільным кантролем галоўнага агранома гаспадаркі Барыса Генадзьевіча Іванова і дырэктара сельгаспрадпрыемства Віктара Аляксандравіча Амосава.
Неблагому тэмпу пасяўной паспрыяў вялікі фронт работ, зроблены напярэдадні па падрыхтоўцы палёў да сяўбы.
Іншымі словамі, кіпіць праца ў «Сяляўшчыне» – закладваецца трывалая аснова ўраджаю гэтага года.