У раёне вядзецца сур’ёзная работа па добраўпарадкаванні тэрыторый не толькі райцэнтра, але і сельскіх Саветаў. Краснапольскі іспыт здаў. У аграгарадку прайшло выязное пасяджэнне прэзідыума раённага Савета дэпутатаў на чале з яго старшынёй Генадзем Фёдаравым. Удзельнікі пасяджэння, а гэта начальнікі ўсіх службаў раёна, наведалі аб’екты сацыяльнага і культурнага побыту аграгарадка, падвялі вынікі і абмеркавалі надзённыя пытанні.
Па прыездзе ў Краснаполле рабочая група пачала работу не з «круглага стала», а з агляду тэрыторый. Старшыня сельскага Cавета Сяргей Пачкоўскі загадзя распрацаваў маршрут, па якім мы и рухаліся. Пачалі з лясніцтва. Зрэшты, тэрыторыя лясніцтва і запраўды ўзорна-паказальная.
– Мала таго, што работнікі лесу сваю тэрыторыю пад-трымліваюць у ідэальным парадку, яны яшчэ і сельсавету не забываюцца дапамагчы, – канстатуе Сяргей Пачкоўскі. – У гэтым годзе адрамантавалі ў вёсцы мост, прыбралі больш за 20 небяспечных «аварыйных» дрэў, пасадзілі дуброву. Яшчэ за лясніцтвам замацавана 7 буйных месцаў адпачынку, брацкае пахаванне, якія яны ўтрымліваюць у чысціні.
Аднак такім парадкам у Краснаполлі можа пахваліцца не толькі арганізацыя, але і некаторыя сельскія жыхары.

Сядзіба сям’і Лазарэнкаў стала наступным аб’ектам для наведвання. Дзіву даешся, калі муж і жонка расказваюць пра свой прыся-дзібны ўчастак памерам у 1 гектар. Сціплыя гаспадары вырошчваюць тут збожжавыя, раннюю і познюю бульбу.
Трымаюць гаспадарку, у сажалцы разводзяць рыбу, а каля дома вырошчваюць вінаград. Гэтыя працалюбівыя людзі кладуцца спаць за поўнач, а устаюць на світанні. Затое у двары – выстава старадаўніх рэчаў, арэлі, альтанкі, масток, якія здзіўляюць не толькі мясцовых жыхароў і гасцей, але і турыстаў.

– ...Аграгарадок такіх памераў не можа існаваць без забаўляльных устаноў, – упэўнена старшыня праўлення райпа Людміла Печкурова падчас наведвання наступнага аб’екта – бара. – У людзей сёння ёсць магчымасць замовіць памяшканне пад спец абслугоўванне: для святкавання Дня нараджэння або іншай імпрэзы. Кухні тут, праўда, няма, але ўсе неабходныя прадукты даставяць з рэстарана райцэнтра. І хоць такія замовы не частыя, але ўсё ж здараюцца, – канстатуе Людміла Аляксандраўна. Сёння яна праводзіць свайго роду экскурсію і па іншых гандлёвых «кропках» аграгарадка – крамах прадуктаў і прамысловых тавараў.

Дарэчы, сельскія крамы адрозніваюцца добрай насычанасцю. Тут можна набыць усё: ад дзіцячага абутку да бытавой тэхнікі. Працуюць як пад заказ, так і па прадстаўленні тавараў у крэдыт.
Пабывалі мы і на цэнтральных могілках, у кацельнай. Спыніліся ў дзіцячым садзе і амбулаторыі. Наведалі сельскі Савет, дзе яго кіраўнік распавёў пра рамонт будынка і пра тое, як вырашаюцца пытанні жыццезабеспячэння насельніцтва. Былі і іншыя аб’екты. Увогуле, з поля зроку рабочай групы не сышло нічога. Падвесці ж вынікі сабраліся ў Доме культуры. Натуральна, слова трымаў гаспадар тэрыторыі Сяргей Пачкоўскі:
– Вы на свае вочы пабачылі, як наладжана праца ў савеце. Магу сказаць, што так не толькі ў Краснаполлі, але і ў Забор’і і іншых вёсках. Дзякуй, з арга-нізацыямі і ўстановамі праблемныя пытанні вырашаюцца хутка. Больш складана з насельніцтвам.
Такія сядзібы, як у Лазарэнкаў, можна палічыць на пальцах. Ёсць паўсотні, дзе ўсё нармальна і акуратна. З астатнімі – трэба працаваць.Складаем прадпісанні, аднак людзі на іх амаль не рэагуюць: крыху толькі смецце прыбяруць для галачкі. Адны кажуць, што фарба дорага каштуе, іншыя – пра недасяжны кошт штыкетніку. Нават касіць прымушаем з цяжкасцю. Яшчэ вялікі біч ў Савеце – кінутыя дамы, у якія і пасяліць нікога мы не можам, і знесці таксама. У астатнім – жыццё кіпіць.
Падводзячы вынікі, Генадзь Фёдараў падкрэсліў, што ў Краснаполлі насамрэч шмат зроблена па добраўпарадкаванні:
– Але яшчэ трэба будзе працаваць і працаваць, – працягнуў думку Генадзь Акімавіч. – Больш трэба супрацоўнічаць з насельніцтвам, выклікаць нядбайных гаспадароў групамі ў савет, і калі не дапамагае размова, складаць пратаколы.
Трымала слова і начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Кацярына Зінько. Яна выступіла з інфармацыяй аб рабоце па фарміраванні і выкананні бюджэту. Заслухалі на пасяджэнні і старшынь сельсаветаў, якія дзяліліся праблемнымі пытаннямі, і іншых начальнікаў службаў.
У цэлым работа атрымалася прадуктыўнай і карыснай. Аграгарадок іспыт здаў, прычым на добрую адзнаку.