Днямі ў рэдакцыю раённай газеты патэлефанавала жыхарка райцэнтра і паскардзілася, што па вуліцы імя Суворава каля дома №8 немагчыма раўнадушна ісці. Занепакоенасць пенсіянеркі выклікаў забруджаны знешні выгляд вуліцы, “дзякуючы” гэтаму самаму дому №8 барачнага тыпу на некалькі сямей. Жанчына паведаміла, што вакол пабудоў бур’ян у рост чалавека і нікому да гэтага няма справы. Выехаўшы на месца, карэспандэнты “раёнкі” ўпэўніліся, што сітуацыя на самой справе не з прыемных – акрамя бур’яну, вакол пабудовы барачнага тыпу складзіруюцца жалезабетонныя слупы, дваровая тэрыторыя “размыта” так, што без гумавых ботаў увогуле не падыдзеш да кватэр.
– Дык гэта лета, – гавораць жыхары кватэры №1. – А ўяўляеце, што творыцца тут восенню і вясной?..
Жанчына не прамінула адзначыць, што тэрыторыю вакол самога дома яны косяць сваімі сіламі, а вось далей – справа УП ЖКГ.
Пасля размовы жыхарка першай кватэры запрасіла ўвайсці ў пакоі. Там “карціна” намалявалася яшчэ “цікавейшая”. Печка – у аварыйным стане, як і столь, якая таго і глядзі рухне на галовы. Хто павінен за гэтым сачыць?
– Мы плацім за камунальныя паслугі, нам абавязаны усё рабіць супрацоўнікі УП ЖКГ, – сцвярджае жанчына.

Пры гэтым яе сын прыкладна 25-30 гадоў спакойна пакурвае на ганку (прычым у нецвярозым выглядзе з самага ранку). Пытаюся: “А сын што, прыкласці мужскую руку не можа да кватэры, у якой пражывае разам з Вамі? Ці абкасіць так цяжка далей, чым у сябе пад носам?” На што зноў пачула: “Мы плацім за кватэру, нам абавязаны…”
Згодна, УП ЖКГ павінна сачыць за парадкам на падведамасных тэрыторыях. Але ж жыць у брудзе і чакаць, пакуль табе штосьці зробяць, не прыкладаючы да таго рукі і намаганні самому, – для мяне ўвогуле незразумела. Усе мы плацім за камунальныя паслугі, і гэта не гаворыць пра тое, што калі ў мяне праваліцца падлога, я буду сядзець і чакаць, пакуль мне яе прыйдуць і адрамантуюць. А можа, абавязаны новую, паркетную, пакласці?
Смешна і адначасова сумна – якія ўсё ж такі людзі іншы раз трапляюцца і як жывуць. Абкасіў свой кавалачак метр на метр і сядзіць задаволены. А да таго, што яшчэ праз метр бур’ян у чалавечы рост, – няма і справы. Не абавязаны. Ён не абавязаны, а яму ўсе абавязаны. Вось такая “жалезная” логіка.
І гэта не адзінкавы выпадак. Такіх дзесяткі, а то і сотні набяруцца. Калі да людзей дойдзе, што месца пражывання не абмяжоўваецца сценамі пакояў? (І тыя нават можна ўмудрацца прывесці ў небывалае запусценне). Наш пасёлак – наш агульны дом. Тут жывём і працуем мы, нашы дзеці. Працягнуць нашы справы і праўнукі. І што б было з гэтым агульным домам, каб у кожнага складваліся толькі ўтрыманскія адносіны да ўсяго? А нічога б не было. У сэнсе, добрага і станоўчага. Так што перш, чым усю дарогу скардзіцца, задумайцеся: а можа, мы ў першую чаргу самі абавязаны рабіць сваё жыццё лепшым?..
УП ЖКГ, па словах дырэктара Аляксандра Пятровіча, у бліжэйшы час навядзе парадак на тэрыторыі дома №8 па вуліцы імя Суворава, а таксама будзе трымаць сітуацыю пад кантролем і надалей.