Горы – вёска хоць і не зусім аддаленая, але маланаселеная. Сюды прывозяць пошту, прыходзіць аўталаўка, тут жывуць у асноўным тыя, каму горад даўно перастаў быць цікавы альбо не патрэбны зусім. Тут жывуць старыя. З прыходам восеньскіх халадоў яны рэдка выходзяць са сваіх дамоў, хіба што да аўталаўкі. Вось там і паспяваюць абмеркаваць апошнія навіны, ўдосталь нагаварыцца. У астатнія дні ратуе тэлефон і тэлевізар. Ёсць тут і старэйшына вёскі – Вольга Кажамячанка, яна вырашае ўсе праблемы мясцовых жыхароў. Ёсць і тыя, хто жыве вельмі даўно і памятае, як раней жылі вяскоўцы. І ў кожнага свая гісторыя, свой лёс ...
– Дзетка, а што пра нас пісаць? – Здзіўленая прыходам нечаканай госці пытае мяне Марыя Васільеўна Міхайлава.
Менавіта у яе хату я і завітала. Міхайлавы на вёсцы старажылы: жывуць даўно, многае памятаюць. І Марыя Васільеўна і Аляксей Аляксандравіч – усё жыццё адпрацавалі ў сельскай гаспадарцы. Марыя Васільеўна ўвогуле жартуе, што да славы раённага маштабу прывыкла.
– Калі цялят даглядала, пра мяне часта пісалі ў раёнцы, праўда, я не публічны чалавек і не люблю гэтага.
Але некаторыя таямніцы жыцця ўсё ж выдае: як жылі ў Байдзіне, як хадзіла ў школу.
– 7 класаў скончыла ў Дворышчы, – успамінае Марыя Васільеўна. – Потым адразу пайшла працаваць у калгас даглядчыцай цялят.
А яшчэ успамінае яна, як на танцы бегала, як хлопцы да яе заляцаліся, а яна выбрала Аляксея. Ён быў на восем гадоў старэйшы, і, здавалася, для 21 гадовай дзяўчыны гэта будзе самы лепшы і надзейны варыянт.
–Жаніхоў сапраўды шмат было, – кажа жанчына, а чаго гэты спадабаўся, нават, не ведаю, усміхаецца яна. – Мне падабалася яго самастойнасць, вясёласць. Да таго, як ажаніцца, сустракаліся паўгода. Але ж да гэтага адзін аднаго ведалі даўно. Разам з яго сястрой і братам я хадзіла ў школу, бацькі нашы сябравалі сем’ямі. Вось так і склалася жыццё.
Жылі спачатку ў хаце свёкра, а потым сталі будаваць уласны дом. Муж ў гэтай справе на ўсе рукі майстар быў: і дом, і ўсе пабудовы сам рабіў. Вядома, бывала і я якую дошку патрымаю.
За 56 гадоў сумеснага жыцця Міхайлавы нажылі дзве дачкі, тры ўнучкі і праўнучка.
– Дзеці мае добрыя, – кажа Марыя Васільеўна. – Заўсёды ў госці прыязджаюць, падарункі прывозяць.
Раней мы вялікую гаспадарку трымалі, а цяпер толькі 2 сабакі, каты, куры. Але агарод і цяпер садзім.
– Не сумна ў вёсцы? – цікаўлюся.
– А чаго сумаваць, ужо паміраць пара. Смерці я не баюся ні грама, нават дзецям кажу: не плачце па мне, ніхто не вечны. Здароўе зусім не тое. Застаецца толькі каля шчыта сядзець і спіну грэць. А што яшчэ рабіць зімой у вёсцы. Дочкам патэлефаную, газету ці часопіс прачытаю.
Па гасцях не ходзім, толькі ў аўталаўку. А ў астатнім усё добра: пенсію даюць, хлеб прывозяць, чаго скардзіцца?
На парозе другога дома нас сустракае гаспадыня Антаніна Міхайлаўна Данчанка. Калісьці сюды, у Горы, яе прывёў шлюб. А сама яна нарадзілася ў вёсцы Старыца.

– Калі сюды пераехалі тут было тры статкі кароў, а цяпер толькі адна на ўсе Горы засталася, – уяўляеце якая вёска багатая была? – пытаецца Антаніна Міхайлаўна. Славілася вёска і багатай сельскай гаспадаркай. Тут прынята было ўтрымліваць авечак і прасці. І я гэтую справу з лёгкасцю асвоіла. Мама мая гэта добра ўмела рабіць. Увогуле наша сям’я была вялікая і сялянская. Дзесяць дзяцей было ў мамы, я нарадзілася апошняя. Праўда, палова памерла ад шкарлятыны.
Я цягнулася да вучобы, хацела быць настаўніцай. Мы, нават, у дзяцінстве ў школу гулялі, дзе я сябровак вучыла, ім чытала.
У 43 годзе падчас вайны пайшла ў школу – у звычайную драўляную хату. Вучыліся не па буквары, а па маленькай брашурцы пра Льва Даватара. Памятаю, ідзём са школы:снарады нямецкія ляцяць, а мы ў кусты хаваемся. Якая там вучоба была! Насупраць нашага дома такі снарад упаў, што яма і зараз не зарастае. У пяты клас я пайшла ў школу ў Шнітаўцы. Скончыла там 7 класаў, астатнія тры – у Тродавічах. З адукацыяй за плячыма я вырашыла паступаць у Полацкі інстытут імя Скарыны.
– Мы, дарэчы, былі першым філалагічным выпускам. Матэматыку я не любіла і ёю фактычна не займалася. А вось мовы даваліся вельмі добра.
Інстытут скончыла паспяхова. Нават размеркаванне мне прапаноўвалі куды хачу. Бацькі настойвалі на тым, каб выбрала Расонскі раён.
Мяне накіравалі ў Галубоўскую сярэднюю школу выкладаць у 10 класе, далі і класнае кіраўніцтва. Праз год перавялі ў Дварышчанскую.
Натуральна, як і ва ўсіх дзяўчат было ў мяне першае каханне, аднак лёс распарадзіўся інакш. Сябравала я з адным хлопцам, ён дасылаў мне лісты з войска, адслужыў 4 гады, вярнуўся і ажаніўся са мною.
Тры гады мы пражылі ў Горах ў яго бацькоўскім доме. Але хацелася свайго жылля і мы пераехалі ў Краснаполле.
Мне не раз прапаноўвалі быць дырэктарам Дварышчанскай школы, інспектарам у райвыканкаме, але я нават і не думала пра гэта.
Данчанкам далі кватэру. Да таго часу ў іх ужо нарадзіўся сын, потым другі. Кватэру яны памянялі на ўласны дом і пражылі ў ім 11 гадоў. Калі памерла свякроў, мы пераехалі ў Горы.
Выйшаўшы на пенсію, Антаніна Міхайлаўна вучыла не толькі сваіх унукаў, але і дзяцей у школе. 9 гадоў яна адпрацавала яшчэ ў Дварышчанскай школе.
Займаліся Данчанкі і гаспадаркай.
– Калі ў нас з’явіліся авечкі, я стала прасці. Шмат вязала і дзецям, і мужу, і сабе.
Разам Данчанкі жывуць 55 гадоў.
І ў Антаніны, і ў яе мужа ёсць шмат узнагарод. Ганаровыя граматы, медалі, ордэны.
Цяпер яны не нарадуюцца дарослымі ўнукамі. Пра іх Антаніна Міхайлаўна расказвае з асаблівай любоўю. Яно і зразумела: яна дапамагала выхоўваць іх з маленства. Ігар, першы ўнук, ажаніўся. І цяпер дзядуля і бабуля чакаюць праўнукаў.
Данчанкі упэўнены, што шчасце, калі здаровыя дзеці, калі ёсць унукі, калі ты ў старасці застаешся не ў адзіноце.