У наступным годзе споўніцца 30 год, як Таісія Бадунова працуе электрамеханікам у раённым вузле электрычнай сувязі. Згадзіцеся, прафесія для жанчыны не даволі распаўсюджаная, скажам, спецыфічная. Аднак Таісія Віктараўна мэтанакіравана яе абрала, калі вырашыла пасля заканчэння Расонскай школы паступаць у тэхнікум сувязі горада Віцебска.
Працаваць і жыць у горадзе не пажадала, вярнулася на радзіму. Пра што ні разу не пашкадавала. У Расонах знайшла сваё каханне, тут разам з мужам пабудавалі сядзібу і выгадавалі двух дзяцей.
Што адметна, старэйшы Дзмітрый пайшоў па стапах маці. Але, як уся сучасная моладзь, глядзеў надалей – закончыў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці мадэліраванне і камп’ютарнае праектаванне радыёэлектронных сродкаў. З хлопца атрымаўся выдатны інжынер-канструктар, якому прапанавалі месца ў Віцебску.
Два гады ён жыў на здымнай кватэры, набіраўся вопыту на заводзе , сумаваў па сям’і і Расоншчыне. Яго, як і маці, не спакусіла гарадское жыццё, і Дзмітрый пераехаў у любае сэрцу мястэчка. Быў прыняты на работу электраманцёрам у РВЭС.
–Мы з сынам адзін у аднаго вучыліся, – расказала Таісія Віктараўна. – Ён мяне абучаў камп’ютарнай грамаце, я яго – усім, наработаным гадамі тонкасцям, прафесіі электраманцёра. Цяпер, у наш час, усё пераабсталявана і камп’ютарызавана, таму цяжка вось так, пасля звычкі працаваць на зусім іншай тэхніцы, пераключыцца на камп’ютар. А ў нас усё атрымліваецца цудоўна – яго веданне інфарматыкі і праграміравання ў спалучэнні з маім вопытам і веданнем справы.
У гэтым годзе маладому спецыялісту, перспектыўнаму работніку Дзмітрыю Бадунову кіраўніцтва раённага вузла электрасувязі выказала давер і ён назначаны на пасаду інжынера. Як гэта не дзіўна, але цяпер хлопец, які паспеў ажаніцца і стварыць сям’ю ў гарадскім пасёлку – начальнік у сваёй маці. Што рабіць, так павінна быць: для маладых і перспектыўных усе дарогі адкрыты для далейшага кар’ернага росту і самазацверджэння.