Моцная сялянская жылка ёсць далёка не ва ўсіх сучасных вясковых жыхароў. З задавальненнем апрацоўваць зямлю, эксперыментаваць з гатункамі, радавацца кожнаму парастку на градцы, з любоўю даглядаць падсобную гаспадарку… Гэта як талент – ён або ёсць, або яго няма. Уладзімір Генадзьевіч Таратутка і яго жонка Алена Анатольеўна ( на здымку) з вёскі Галоўчыцы валодаюць падобным каштоўным дарам.Сёння на іх падвор’і багата хатняй жывёлы: карова Волга, шасцёра свіней, у тым ліку трое в’етнамскай пароды, тры казы, казёл, казляня і дваццаць курэй. І падобная колькасць “жыхароў” хлявоў, што стаяць каля хаты Таратуткаў, – яшчэ невялікая ў параўнанні з мінулымі гадамі. Усяго некалькі месяцаў таму гаспадар утрымліваў каня, а раней, бывала, і двух. Колькасць кароў даходзіла да трох. А яшчэ тут вырошчвалі гусей, мускусных качак, нутрый і трусоў.
– Мой муж – чалавек, які захапляецца падсобнай гаспадаркай, – расказвае Алена Анатольеўна. – Калі дзесьці пачуе, што нехта разводзіць тую ці іншую жывёлу, абавязкова паспрабуе гэта зрабіць сам. Менавіта па яго ініцыятыве вясной гэтага года мы набылі в’етнамскіх парасят. Сапраўды, улетку іх дастаткова выпусціць на траву, і яны будуць сытыя. А зімой рацыён заморскіх хрушак нічым не адрозніваецца ад рацыёна свіней нашых традыцыйных парод: бульба і іншая гародніна, камбікорм, збожжа. Нават адзін з в’етнамскіх парасят, калі яму кінулі костку, з задавальненнем яе згрыз. Тады яшчэ муж смяяўся: “Вось табе і траваедныя”.
Набыць коз таксама прапанаваў жонцы Уладзімір Генадзьевіч. Справа ў тым, што два гады таму нарадзілася ўнучка Палінка, крыху пазней яшчэ адна – Маша. Вось дзядуля і вырашыў, што малым неабходна каштоўнае казінае малако. Так на падвор’і ў Таратуткаў з’явіліся тры казы і казёл.
А пачатак вялікай гаспадаркі быў пакладзены ў сярэдзіне 80-ых гадоў, калі малады кінамеханік Уладзімір Таратутка пабудаваў у Галоўчыцах дом і стаў пражываць у ім са сваёй маці. Адразу на новым падвор’і з’явілася карова, двое свіней і некалькі авечак. А яшчэ раней у 1980 годзе на вяселлі свайго роднага брата Віктара васемнаццацігадовы Уладзімір пазнаёміўся з роднай сястрой нявесты трынаццацігадовай Аленай. Тады юнак і падумаць не мог, што гэтая дзяўчынка – яго лёс. Прайшоў час. Алена вырасла і стала навучэнкай Віцебскага ку-лінарнага вучылішча. І ледзь ёй споўнілася васемнаццаць, у новай хаце адгрымела вяселле, і Алена стала паўнапраўнай гаспадыняй уласнай сядзібы. Яна, вясковая дзяўчына, не ўяўляла свайго жыцця без агарода і падсобнай гаспадаркі, таму з ахвотай узялася за справу. Колькасць жывёлы на падвор’і павялічвалася, расла плошча зямлі, якую апрацоўвала сям’я Таратуткаў. Прыходзілася працаваць вельмі шмат і амаль круглыя суткі. Бо, акрамя догляду за гаспадаркай, жанчына займалася выхаваннем траіх дзяцей – дачок Валянціны, Наталлі і сына Івана – і працавала цялятніцай, а потым аператарам машыннага даення на мясцовай ферме.
– Калі дзеці былі малыя, улетку спала не больш пяці гадзін, – дзеліцца Алена Анатольеўна. – У адзінаццаць–дванаццаць вечара клалася ў ложак, а ў чатыры раніцы трэба было ўставаць, каб выгнаць карову.
Але ж вынікам цяжкай працы быў дом – поўная чаша. Малака хапала і сабе, і пажылым суседкам, якія іншы раз дапамагалі варушыць сена, і для здачы дзяржаве. А малако на стале – значыць, побач смятана, тварог, масла, сыр. Халадзільнік заўсёды быў напоўнены свінінай і мясам хатніх птушак, яек уволю, а калі разводзілі нутрыі, выраблялі скуры на шапкі. У свой час Уладзімір Генадзьевіч захапіўся пчалярствам. Таму і мёд у Таратуткаў быў уласнай вытворчасці, ужо нават не кажучы пра садавіну і гародніну.
Нягледзячы на тое, што памочнікаў стала больш, – з Аленай Анатольеўнай і Уладзімірам Генадзьевічам жывуць старэйшая дачка Валянціна і ўнучка, маці Уладзіміра, Любоў Ягораўна, якая дапамагала нявестцы выхоўваць дзяцей і даглядаць гаспадарку, хутка прыйдзе з арміі сын Іван, да бацькоў часта наведваецца сярэдняя Наталля з сям’ёй, – спраў хапае ўсім. Асабліва гэта датычыцца апрацоўкі зямлі. Бо каля ўласнага дома Таратуткі маюць каля 20 сотак, недалёка яшчэ ёсць тры ўчасткі прыкладна па 60 сотак.
Адзін з іх выкарыстоўваецца як сенажаць, на другім вырошчваецца бульба, на трэцім – збожжавыя. Агародніну трэба прапалоць і паліць, сена скасіць (дзякуй кіраўніцтву сельгаспрадпрыемства “Сокал”, якое выдзяляе для гэтага тэхніку), паварушыць, прывезці, хатнюю жывёлу накарміць, карову навязаць і падаіць, нарыхтоўкі зрабіць, прыгатаваць ежу на вялікую сям’ю і яшчэ выканаць шмат неадкладных штодзённых спраў. Пры гэтым Алена Анатольеўна па-ранейшаму працуе на ферме, а Уладзімір Генадзьевіч каля дзесяці гадоў з’яўляецца вартаўніком дзіцячага аздараўлечнага лагера “Камета”. Аднак падобны рытм жыцця для сям’і Таратуткаў стаў звычайным.
… У дзень нашай сустрэчы Алена Анатольеўна, як і апошнія дваццаць пяць гадоў, спяшалася на ферму. Разам яшчэ з дзвюма аператарамі машыннага даення яна даглядае і доіць 150 кароў. У прасторным доме цішыня. Але ў хуткасці ён напоўніцца галасамі блізкіх людзей, якія завітаюць у роднае гняздо на Новы год і Каляды. І бацькам ёсць чым сустрэць дзяцей і ўнукаў, ёсць чым іх пачаставаць і пабалаваць. Напэўна, гэта сапраўды шчасце.