Маргарыта Зянькова і Вікторыя Аляксанава ( на здымку злева направа) сябруюць са школьных гадоў. Дзяўчаты вучыліся ў паралельных класах Расонскай школы, наведвалі адну групу Полацкага аграрна-эканамічнага каледжа. Цяпер па размеркаванні – маладыя спецыялісты КУП “Сяляўшчына”. Нават спецыяльнасць абралі аднолькавую – бухгалтарскі ўлік.
У абавязкі Маргарыты ўваходзяць справаздачы пра рух прадукцыі, сальдавыя ведамасці, а Вікторыя вядзе журналы ўліку прадукцыі, кнігу пакупак, справаздачы па раслінаводстве і іншае. Як расказала галоўны бухгалтар сельгаспрадпрыемства Галіна Іванова, дзяўчаты за 4 месяцы работы ўжо зарэкамендавалі сябе граматнымі, дысцыплінаванымі спецыялістамі, якія з камп’ютарнымі праграмамі на “ты”. Не саромяцца звяртацца за кансультацыямі і парадамі да вопытных работнікаў.
Маргарыта кожны дзень дабіраецца на работу з Расон на грамадскім транспарце (так вырашыла яна сама), а Вікторыі кіраўніцтва “Сяляўшчыны” выдаткавала добраўпарадкаваную сядзібу ў аграгарадку.
Работа сяброўкам падабаецца. І адукацыю жадаюць набыць вышэйшую, каб быць сапраўднымі майстрамі сваёй справы. Маргарыта Ігараўна ўжо студэнтка-завочніца Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, а Вікторыя Эдуардаўна плануе паступаць у ВНУ ў наступным годзе. Вось такія перспектыўныя і здольныя маладыя спецыялісты цяпер працуюць на карысць сельскагаспадарчай галіны раёна!