Паварот на Красты, калі не ведаеш, можна і “праскочыць”: нідзе табе ні паказальнага знака, ні намёку на тое, што недалёка ад бальшака, у баку, у вёсцы, яшчэ цепліцца жыццё.
Чаму так – здагадацца нескладана: у некалі мнагалюднай вёсцы засталася дажываць свой век адзіная бабулька Валянціна Якаўлеўна Яшэнка.
На аўтобусным прыпынку няма раскладу, у гэтым і няма патрэбы. Грамадскі транспарт туды не заязджае, а толькі спыняецца на вялікай дарозе некалькі разоў на тыдзень. Адзіная сувязь са «светам» – аўталаўка, якая прыходзіць у Красты два разы на тыдзень. Яшчэ – тэлевізар, радыё і сацыяльны работнік, што прыбягае з аграгарадка Дворышча даглядаць бабулю.
У самой вёсцы што ні хата, то апусцелая. Не, не пакінутая, а хутчэй застылая ў адзіноце. Дамы ж дыхтоўныя,а гаспадары памерлі. Вакол – лясы, пагоркі і белае бязмоўе залітага сонцам снежнага покрыва палёў. Вось і здаецца, што вёска вымерла. Але недзе заліваецца звонкім брэхам сабака Нара. Значыць, жыццё ў Крастах усё ж такі існуе.– Праходзьце, – запрасіла нас у хату Вольга, дачка Валянціны Якаўлеўны, якая прыехала да маці з Санкт-Пецярбурга. – Сёння ў мамы ў доме шматлюдна, як ніколі. Брат мой Гена таксама прыехаў, так што амаль усе ў зборы.
Сама Валянціна Якаўлеўна вітае нас усмешкай. І хоць хадзіць ёй цяжка, яшчэ і жартуе.
– Прывязіце вы мне ногі! – смяецца бабуля. – Так баляць, сіл няма, старыя адсекчы б, а новыя прымацаваць. А то толькі «конь» і ратуе (гэтак Валянціна Якаўлеўна называе свой кій, на які ўвесь час прыходзіцца абапірацца). Ды вы праходзьце ў другую палову хаты. Можа, прагаладаліся з дарогі? Дык гэта мы хутка выправім! А то і сто грамаў нальём.
Ледзь адмовіўшыся ад вясковых пачастункаў, праходжу ў вялікі спальны пакой, дзе цёпла і светла. Нават на хвілінку захацелася прыхінуцца да печы, каля якой акуратна, цурачка да цурачкі, складзеныя дровы. Падлога ў хаце хоць і старэнькая, але вымеценая начыста, ложак прыбраны, на вокнах фіранкі, са сцяны глядзяць прыгажуны мужчыны. Праўда, фатаграфіі ад часу некалькі «пастарэлі».
– Гэта мае браты, – уздыхнула Валянціна Якаўлеўна і тут жа хустачкай выцерла слёзы, што скаціліся па шчоках. – Нас у бацькоў чацвёра было. Вася з вайны не вярнуўся, ведала б, дзе пакоіцца, на магілку хоць бы прыйшла, а то, колькі ні шукала, адказ адзін: прапаў без вестак. Пеця і Саша памерлі. Вось і жыву адна, 86 год ужо.
– Наогул, дзетка, жыццё цяжкае было – і галоднае, і халоднае, што толькі не перажылі. Мне ж на пачатак вайны чатырнаццаць споўнілася, таму ўсё памятаю: і як траншэі капалі, і як партызанам дапамагалі. Прыйдуць, бывала, ноччу, у дзверы стукаюць, хоць хлеба з соллю просяць. Мама іх і накорміць. Тады мой брат у партызаны і сышоў. Успамінаць пра гэта не хачу, а не атрымліваецца, – сказала Валянціна Якаўлеўна, і позірк яе накіраваўся кудысьці ўдалячынь або ў мінулае. На імгненне час замёр, і ад цішыні, што павісла ў паветры, нават зазвінела ў вушах. Але спакой парушыў роўны, з сумам і болем голас ...
Прошлое было когда-то,
Прошлое было давно,
Прошлое было и сплыло,
Жаль, не вернётся оно…
Прошлое давит на плечи,
Прошлое рядом идёт,
Прошлое раны лечит,
Прошлое спать не даёт...
Ком падступіўся да горла, і дзесьці згубіліся ўсе думкі ...
– Вы любіце вершы? – пацікавілася я ў Валянціны Якаўлеўны.
– Вельмі. Люблю і чытаць, і свае складаць. А як мой брат спраўна гэта рабіў – стосы ляжалі.
І іншую літаратуру чытаю: з газет – «раёнку» і «камсамолку». Творчасць Ясеніна люблю.
Балазе, да вайны навучылася грамаце: скончыла 4 класы. Ды і ў вайну, пакуль мясцовыя настаўнікі ў партызаны не сышлі, у школу хадзіла. У нас жа раней вёска вялікая была, жыццё кіпела, пачатковая школа працавала.
Пасля Перамогі людзі сталі патроху абжывацца. Я ўладкавалася ў калгас улікоўцам. Там з мужам будучым і пазнаёмілася. Ён тады рахункаводам працаваў. У 1953 годзе замуж выйшла. Вяселле не гулялі – не прынята ў той час было, паколькі людзі жылі бедна. Таму распісаліся ў сельсавеце, дома стол зладзілі і зажылі з маім гаспадаром. Хутка дачку нарадзілі, а праз пяць гадоў і сын з’явіўся на свет.
Калі калгасы сталі аб’ядноўваць, Валянціна Якаўлеўна з улікоўцаў «перакваліфікавалася» ў малаказборшчыкі. Сям’я Яшэнкаў трымала калгаснага каня, даглядалі яго, сена на зіму нарыхтоўвалі, на ім Валянціна малако па вёсцы і збірала.
– Цяжкая гэтая праца, не жаночая, – успамінае бабуля. – Цягай бітоны ды падымай. Два разы конь так забіў, думала, што не ўстану. Толькі гэта я цяпер так кажу. А тады маладая была, ніякай працы не баялася, усё ў руках гарэла. Толькі ўявіце, колькі двароў трэба было аб’ехаць, і ў кожным карова.
Затое пасля працы як мы адпачывалі! У Дворышчы брыксы адплясвалі – гэта танцы такія.А гармонік як гучаў! Яшчэ ў вёсцы скрыпач быў, глухі, а граў – не адарвацца.
Што і казаць, добра было ў нас і людзі былі добрыя. Шкада, цяпер Красты апусцелі. У мінулым годзе ў вёсцы яшчэ Саша Касцючэнка жыў, дом бацькоўскі даглядаў, а калі памёр, я зусім адна засталася. Гаспадара майго яшчэ ў 2006 годзе не стала. А пражылі разам 53 гады. Добра, што дзяцей нажылі. Цяпер сям’я вялікая, моцная.
І сапраўды, дзеці цяпер амаль не пакідаюць бацькоўскі дом – дапамагаюць маці. Вольга пастаянна прыязджае з Піцера, Генадзю дабірацца бліжэй – з Наваполацка. А бабуля на блізкіх і праўда багатая: двое ўнукаў у яе і трое праўнукаў, якія ўлетку, па святах, а то і па выхадных абавязкова прыязджаюць у госці. А яна ім возьме ды шкарпэткі, сваімі рукамі звязаныя, падорыць. Майстрыха ж на ўсе рукі: раней шыла, прала, вышывала і вязала. І цяпер зрэдку пруткі ў рукі бярэ.
–У нас гаспадарка вялікая была. Асабліва авечак шмат трымалі. Дык я, як мама, любіла прасці. Ніткі да гэтага часу засталіся, – кажа Валянціна Якаўлеўна. – І валёнкі па сённяшні дзень з воўны нашых авечак носім.
– Мам, а раскажы, як ты нарадзілася, – падключыўся да гутаркі сын Генадзь. Бабулька адмахнулася, маўляў, хваліцца не любіць.
– Вы ведаеце, а мама, як Хрыстос, на свет з’явілася – у яслях для авечак. Раней у бальніцу не ездзілі, дык яе маці пайшла ў хлеў, а там яслі былі. Сярод авечак наша Валянціна Якаўлеўна і нарадзілася.
– Было, было, толькі што ўжо з таго – жыццё пражыта, – з журбой сказала бабуля. І зноў стала чытаць вершы, на гэты раз свайго нябожчыка брата ...
Не топтать мне больше
трав душистых,
Не слыхать
предутренний рассвет,
В рощах песен
птичьих голосистых,
Не видать калины
лунный цвет,
Расцвети, калина,
раньше срока,
Уведи от сердца
боль, тоску,
Не спеши, кукушка,
ради рока
Мне пропеть
прощальное «ку-ку».
Рая мне загробного не надо,
Хочу жить,
чтоб грудью всей дыша…
Хочу жить
с тобой, моя отрада,
Хочу жить с тобой,
моя душа.
Я гляжу, на небеса взирая,
Господи, грехи мои прости,
Приюти меня, земля сырая,
Боже, мою душу приюти…
– Што Вы,Валянціна Якаўлена, пакуль жывеце Вы, будзе жыць і вёсачка. Хай толькі Гасподзь дорыць вам здароўе...