1 сакавіка ў ФСК «Старт» прайшлі першыя ў гісторыі раёна спаборніцтвы па рускім більярдзе сярод школьнікаў старэйшых класаў. Падлеткі спаборнічалі ў адной з разнавіднасцяў гульні – «Cвабоднай пірамідзе». Арганізатарам турніру выступіла трэнер па більярдзе Таццяна Голубева. Усяго ў гульні прынялі ўдзел 8 чалавек – удзельнікі секцый, а таксама аматары. Для большасці юнакоў гульні сталі дэбютам.
Турнір доўжыўся каля 3 гадзін. У фінальным баі Эдуард Сімакоў змагаўся з Ігарам Волатавым, які ў першай партыі саступіў з лікам 1:2. Другую гульню «зрабілі» ўнічыю, а на трэцяй спадарыня фартуна ўсміхнулася Эдуарду, які і стаў чэмпіёнам турніру, трэцяе месца заваяваў Аляксандр Раманкевіч. Пераможцы былі ўзнагароджаны Граматамі і салодкімі прызамі.
– Гэта цікавая інтэлектуальная гульня і ў той жа час выдатны від спорту, які выпрацоўвае ў чалавека такія важныя якасці характару, як псіхалагічная ўстойлівасць, вытрымка, уменне засяроджвацца і стрымліваць свае эмоцыі, цярпенне, – адзначыла трэнер, арганізатар і галоўны суддзя гульняў Таццяна Голубева.
Паводле яе слоў, аматарам більярда, каб асвоіць асновы гэтай гульні, могуць спатрэбіцца месяцы і нават гады. Аднак пры рэгулярнай практыцы гулец дэманструе на полі більярднага стала, здавалася б, неверагоднае.
– Больш таго, у більярдзе няма нічога другараднага. Тут важныя і майстэрства, і поспех, і памяць, і мысленне, і настрой гульца на пэўную гульню, і, магчыма, ёсць самае галоўнае – фізічная падрыхтоўка, – падвяла вынікі Таццяна. Юнацкі турнір за плячыма, у планах на будучыню – задумка правесці спаборніцтвы сярод дарослых. Спадзяюся, усё атрымаецца.