Зацяжная сёлета выдалася зіма, ніяк не жадае здаваць пазіцыі. Таму інтэнсіўнымі тэмпамі цэнтральная кацельная працягвае папаўняцца дранкай. Усе трэскі, хмызняк УП ЖКГ імкнецца перапрацаваць у мясцовы від паліва,тым самым выконваючы дзве задачы – утанняе амаль у 1,5 раза паліва і садзейнічае навядзенню парадку на тэрыторыі раёна. Да камунальнікаў далучыліся лясгас са сваёй тэхнікай, сялянска-фермерская гаспадарка А. М. Барадулькіна, работнікі прадпрыемстваў і арганізацый раёна.
Як паведаміў начальнік вытворчага ўчастка кацельных і цеплавых сетак УП ЖКГ Артур Ва-сільеў, набыта яшчэ адна драбільная ўстаноўка, якая ў хуткім часе пакажа сябе ў рабоце, і, адпаведна, будзе сфармірована брыгада з рабочых УП ЖКГ і Цэнтра занятасці. А пакуль што за дзень нарыхтоўваецца ад 15 да 30 кубоў дранкі.

Брыгада (на фота), якой кіруе майстар Віктар Паўлючэнка, працуе з вышкай – трэба зрэзаць і перапрацаваць старыя дрэвы каля пустуючых закінутых сядзіб, альбо дапамагчы тым, хто сам не здольны пазбавіцца ад лішняй расліннасці на прысядзібных тэрыторыях.
Трэба адзначыць, што ўсе работнікі, занятыя на вытворчасці дранкі, забяспечваюцца гарачым харчаваннем прама з кухні рэстарана.