У канцы чэрвеня ў агароднікаў клопатаў не становіцца менш. Пасля моцных дажджоў, якія сталі сёлета частымі гасцямі, актуальнымі з’яўляюцца не толькі праполкі і рыхленне глебы. Узнікла пагроза развіцця розных хвароб, нападзення на пасадкі шкоднікаў. Пра некаторыя, найбольш важныя цяпер мерапрыемствы на прысядзібных участках, наша гутарка з начальнікам раённай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін Людмілай Бардадынавай.
– Людміла Аляксееўна, раскажыце, калі ласка, чым пагражае раслінам дажджлівае лета?– Успомнім, што глеба на нашых агародах была моцна пераўвільготнена яшчэ з восені. Зімой снегу таксама выпала нямала, і яна яшчэ больш насыцілася талымі водамі, а за май-чэрвень ападкаў было больш нормы. А, як вядома, усё добра ў меру. І нічога прыемнага лішак вільгаці раслінам не прынясе . У прыбітай дажджамі, а месцамі і градам глебе караням раслін не хапае кіслароду, яны могуць нават там сапрэць. Таму перш за ўсе патрэбна глыбокае рыхленне міжрадкоўяў. Дажджы вымылі з верхніх пластоў глебы пажыўныя рэчывы, для лепшага росту раслін цяпер неабходныя падкормкі. І асаблівую ўвагу трэба звярнуць на прафілактыку захворванняў раслін, у першую чаргу – фітафторы, якая пагражае ўсім паслёнавым культурам.
– Якія меры мы можам прыняць, каб не дапусціць страт ураджаю?– Параіць тут можна адно– не чакайце, калі ўжо з’явяцца прыкметы фітафторы на раслінах. Апрацуйце бульбу ў пачатку змыкання радкоў адным з сістэмна-кантактных прэпаратаў. Яны дзейнічаюць як лекі, пранікаюць у лісце расліны і знішчаюць узбуджальніка хваробы, калі ён яшчэ толькі пасяліўся там і пакуль не праяўляе сябе. Гэта прэпараты “Метаміл МЦ”,”Рыдаміл голд МЦ”,”Метаксіл” і іншыя. Праз 10-12 дзён апрацуйце пасадкі кантактным прэпаратам, які будзе абараняць лісце звонку: «Брава», «Дзітан», «Тірайдэкс», «Акрабат» і іншыя. Потым яшчэ разы 2-3 паўтарыце апрацоўкі праз 10 дзён, калі будзе дажджліва і холадна – кожны тыдзень . Можна адначасова праводзіць і апрацоўку ад каларадскіх жукоў, змешваючы два прэпараты. Дарэчы, названыя вышэй фунгіцыды ад фітафторы бясшкодныя для чалавека і пчол, могуць прымяняцца і на памідорах, баклажанах і іншых паслёнавых культурах.
– На сваім бульбяным участку я заўважала, што не ўсе сарты аднолькава рэагуюць на развіццё фітафторы.– Так. Ёсць фітафтораўстойлівыя сарты бульбы беларускай селекцыі, якія трэба вырошчваць, каб пры неспрыяльных умовах надвор’я было менш праблем. Назаву некаторыя, найбольш распаўсюджаныя. Гэта “Атлант”, “Журавінка”,”Здабытак”, “Сузор’е”, “Скарб”. Пастарайцеся разводзіць іх .
– А што раяць спецыялісты для больш паспяховай барацьбы з каларадскім жуком?– Новага тут, на жаль, нічога не вынайшлі. Вельмі пладавіты і пражэрлівы шкоднік лёгка прыстасоўваецца да любых самых неспрыяльных для яго ўмоў навакольнага асяроддзя. Жукі не гінуць нават пры поўным замарожванні, выжываюць, калі іх змясціць на некалькі сутак у ваду. Яны хаваюцца на зіму глыбока пад зямлю, могуць доўга жыць без усялякай ежы. Каб выманіць шкоднікаў, з вясны, калі яшчэ бульба не ўзыйшла раскладваюць на пасадках шалупіны ад бульбы, разрэзаныя клубні, а потым знішчаюць сабраўшыхся там жукоў, прыманку мяняюць. На невялікіх участках рэгулярна праводзяць ручны збор жукоў., пасыпаюць бульбоўнік попелам, рэгулярна акучваюць ніжнія парасткі, дзе самкі адкладваюць яйкі, прымяняюць розныя народныя сродкі. Але такім чынам усё ж не ўдаецца ахаваць расліны і даводзіцца прымяняць хімічныя прэпараты, дэфіцыту якіх цяпер няма.
– Як з найбольшым эфектам іх выкарыстоўваць?– Важна правільна выбраць час для першай апрацоўкі. Яе праводзяць, калі з’явіліся лічынкі другога – трэцяга ўзросту, а на лісцях застаецца менш яйцакладак. Апырскванне лепш праводзіць увечары, у сухое бязветранае надвор’е. У гарачы сонечны дзень апрацоўка будзе бескарыснай, бо прэпарат хутка выпарыцца і не паспее пранікнуць у расліну, можна нават і апячы лісце. Трэба ўлічваць, што ў жукоў выпрацоўваецца стойкі імунітэт да аднаго і таго ж прэпарата пры пастаянным яго прымяненні. Лепш іх мяняць кожны год. Выбірайце прэпараты сістэмнага дзеяння, якія пранікаюць у лісце раслін і іх там не разбурае ні дождж, ні спёка, а лічынкі , пачаставаўшыся такім лісточкам загінуць. Гэта прэпараты “Актара”, Танрэк”, “Дэціс”, “Каратэ Зеон” і іншыя. Выкарыстоўвайце іх у рэкамендаваных інструкцыямі дозах.