Некалькі дзён таму ў аграрыяў сельгаспрадпрыемства «Сяляўшчына» з’явіліся памочнікі – 166 старшакласнікаў Расонскай і Клясціцкай сярэдніх школ. Яны, як і летась, будуць дапамагаць гаспадарцы ва ўборцы «другога хлеба».
Перад тым, як накіраваць хлопцаў і дзяўчат на сельгасработы, паміж установамі адукацыі, райкамам БРСМ і сельгаспрадпрыемствам былі заключаны трохбаковыя дагаворы на выкананне работ, у якіх падрабязна прапісаны абавязкі ўсіх бакоў. У адпаведнасці з імі супрацоўнікі райкама БРСМ сфарміравалі сем атрадаў са 130 вучняў 9-11 класаў Расонскай сярэдняй школы і два атрады з 30 юнакоў і дзяўчат Клясціцкай сярэдняй школы, якія будуць працаваць у дзве змены. Таксама яны пракантралявалі наяўнасць у кожнага члена атрада медыцынскай даведкі, копіі дакумента, што пацвярджае асобу, пісьмовай згоды бацькоў на ўдзел у сельгасработах і заяву самога вучня. Акрамя таго, райкамам БРСМ і ўстановамі адукацыі распрацавана палажэнне пра правядзенне конкурсу на лепшы студэнцкі атрад, пераможцаў якога чакае заахвочванне.
Кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства «Сяляўшчына» афіцыйна аформіла загады на залічэнне ўдзельнікаў атрадаў на працу, пазнаёміла іх з правіламі ўнутранага працоўнага распарадку, выдзеліла сродкі для запраўкі палівам школьных аўтобусаў, што будуць дастаўляць падлеткаў на месца працы, устанавіла нормы выпрацоўкі, расцэнкі і даўжыню працоўнага дня. Супрацоўнікам РАУС даручана пастаянна кантраляваць перавозку школьнікаў. І вось, пачынаючы з 10 верасня, штодзень члены студатрадаў выязджаюць на бульбяныя палі гаспадаркі, што сёлета займаюць ... гектараў. Хлопцы і дзяўчаты падбіраюць бульбу пасля бульбакапалак, вядуць строгі ўлік кожнаму поўнаму вядру, бо інакш вызначыць пераможцаў немагчыма.
Яшчэ адна немалаважная дэталь: каб па прычыне ўдзелу ў сельгасработах не пакутваў адукацыйны працэс, кожны старшакласнік адпрацуе ў гаспадарцы не больш, чым два тыдні.