«Ну вось, прыехалі дзяўчаты – і надвор’е адразу сапсавалася,»– усміхнуўся вадзіцель Пётр Мікалаевіч Малахаў, калі я разам з начальнікам аддзела па справах моладзі райвыканкама Наталляй Дзедзінец і першым сакратаром райкама БРСМ Аленай Герасімавай выйшла з рэдакцыйнай машыны бліз урочышча Сяргеева. Менавіта тут у мінулую пятніцу на ўсю моц ішла сяўба аўсу. І сапраўды, калі дагэтуль свяціла сонейка, то пасля паўдня неба зацягнулася хмарамі, разгуляўся вецер. «Нічога, добрым механізатарам дрэннае надвор’е не перашкода, – назіраючы за работай «МТЗ-12-21», які рухаўся па полі з пасяўным агрэгатам “Лемкен”, устаў на нашу абарону замацаваны за сельгаскааператывам “Клясціцы” Віктар Міхайлавіч Янчулоў. – Таму няма сумненняў, бо за “баранкай” Аляксандр Уладзіміравіч Гуляй (на здымку справа)– адзін з лепшых механізатараў гаспадаркі са стажам больш за 20 год».
Пётр Мікалаевіч, супрацоўнік Клясціцкага лясніцтва, на «МТЗ -82» не першы год заняты ў якасці шэфа на падвозцы зерня. Ён толькі што разгрузіўся і таксама сачыў за працэсам. Галоўнаму аграному гаспадаркі Кацярыне Шаболтас, якая працуе на адказнай пасадзе толькі другі год, было не да гутарак: яе постаць мы бачылі то блізка, то на супрацьлеглым канцы ўрочышча плошчай у 30 гектараў – дзяўчына ўважлівым вокам наглядала, як праводзіцца сяўба.

У другой частцы ўрочышча на падрыхтоўцы глебы быў заняты «МТЗ-28-30» з культыватарам, якім кіраваў малады механізатар Валерый Круглікаў. Сёлетняя пасяўная кампанія – яго «баявое хрышчэнне» ў ролі механізатара. Працай Валерыя і яшчэ аднаго маладога механізатара на «МТЗ-30-22» з чызелем Юрыя Зуева, іх жыццём і планамі на будучае цікавіліся Наталля Дзедзінец і Алена Герасімава.
Не адставаў ад астатніх і малады сеяльшчык Дзяніс Пятроў (на здымку злева): ён працаваў на падмене – збожжа своечасова падрыхтоўвалася і засыпалася. Па словах хлопца, моладзі ў роднай гаспадарцы ёсць у каго пераймаць вопыт і з каго браць прыклад. Вопытнае пакаленне механізатараў з задавальненнем дзеліцца навыкамі і ведамі з пачынаючымі, дапамагае і справамі, і словамі.
Як расказаў кіраўнік сельгаскааператыва С.Ф. Пакатаў, уся тэхніка, што задзейнічана на веснавых палявых работах, на полі: уздымае і апрацоўвае глебу, уносіць у яе мінеральныя ўгнаенні, выконвае іншыя неадкладныя работы. У цэлым сяўбу клясціцкія хлебаробы намераны завяршыць да першамайскіх святаў. На ўчарашні дзень было пасеяна 197 гектараў яравых, што складае 28,6 працэнта да плану, у тым ліку яравых збожжавых – 37,2 працэнта. На 200 гектарах вядзецца падсеў траў з перазалужэннем палепшаных лугапашавых угоддзяў. Трэба яшчэ пасеяць 40 гектараў яравога рапсу і 120 гектараў кукурузы. Усяго ж яравы клін у гаспадарцы зойме 690 гектараў.
Вольга ЛЕБЕДЗЕВА. Фота аўтара.