Яшчэ 28 лістапада 2005 года Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр
Рыгоравіч Лукашэнка падпісаў указ №551 «Аб мерах па павышэнню бяспекі
дарожнага руху». Наколькі ён выконваецца на тэрыторыі Расонскага раёна,
перад членамі раённага выканаўчага камітэта і запрошанымі трымаў
справаздачу старшыня камісіі па бяспецы дарожнага руху, намеснік
старшыні райвыканкама П. К. Лапіцкі. А перад гэтым для падрыхтоўкі
пытання была створана і працавала рабочая група, куды ўвайшлі начальнік
АДАІ РАУС Д. А. Крыжаноўскі, дырэктары АТП №10 Ц. І. Падвіцельскі і
ДРБУ-109 М. Ю. Скавародка, начальнік дзяржтэхнагляду М. У. Вярынскі і
іншыя службовыя асобы. Летась на тэрыторыі Расонскага раёна адбыліся 7 дарожна-транспартных здарэнняў, у якіх 3 чалавекі загінулі і 6 былі паранены. У параўнанні з 2008 годам колькасць ДТЗ і параненых скарацілася на 11 і 15 адпаведна. А вось загінула на 1 чалавека больш.
У першым квартале 2010 года дарожна-транспартных здарэнняў наогул не зарэгістравана, што з’яўляецца вынікам эфектыўнай прафілактычнай работы і ўзаемадзеяння аддзялення дзяржаўнай інспекцыі РАУС з іншымі зацікаўленымі структурамі.
Аналіз дарожна-транспартных здарэнняў у 2009 годзе паказвае, што тры з іх учынілі жыхары раёна, а 4 – вадзіцелі аўтатранспарту, які праязджаў транзітам. Двое з іх наехалі на перашкоду, яшчэ двое – на веласіпедыстаў, трое сталі ўдзельнікамі лабавога сутыкнення. Па два ДТЗ зарэгістраваны на аўтадарогах Лепель–Полацк – мяжа Расійскай Федэрацыі і Расоны-Полацк.
За 2009 год супрацоўнікамі дзяржаўтаінспекцыі выяўлена 2 665 парушэнняў Пра-вілаў дарожнага руху ( за 2008 год – 987). За кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення затрыманы 95 ва-дзіцеляў, у тым ліку 7 паўторна на працягу года. Адносна апошніх у адпаведнасці з артыкулам 317 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь былі ўзбуджаны крымінальныя справы. Выяўлена 719 парушэнняў хуткаснага рэжыму, раскрыты 3 злачынствы (два выкраданні аўтатранспарту і адзін кра-дзёж гаруча-змазачных матэрыялаў).
Гаварыць пра бяспеку дарожнага руху немагчыма, калі не закранаць праблему стану дарожнага палатна. Працягласць дарог на тэрыторыі раёна складае 570 кіламетраў, з якіх 176 – з асфальтавым пакрыццём і 394 – з гравійным. Але ж ні для каго не сакрэт, што стан некаторых дарог, мякка кажучы, далёкі ад ідэальнага. Унітарнае прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, ДРБУ-109, участак ДЭУ-32, у чые функцыянальныя абавязкі ўваходзіць утрыманне дарожнага палатна на здавальняючым узроўні, не заўсёды адказна падыходзяць да іх. Яміны, купіны,адсутнасць разметкі – усё гэта ўплывае на пагаршэнне тэхнічных характарыстык аўтамабіля і на зніжэнне бяспекі на дарогах, на што неаднойчы скардзіліся вадзіцелі раёна. Супрацоўнікамі АДАІ за 2009 год праведзены шэраг абследаванняў дарог і вулічна-дарожнай сеткі на тэрыторыі раёна. Па іх выніках вынесена 20 прадпісанняў. Але, па ўсяму відаць, гэтага недастаткова.
Што сёлета плануецца зрабіць па выпраўленню становішча? Так, ДРБУ-109 да канца мая абяцае на замацаваных за ім дарогах ліквідаваць яміны, ачысціць 630 км праезджай часткі і абочыны ад лішніх прадметаў, замяніць і ўстанавіць 150 дарожных знакаў, на 20 небяспечных участках палепшыць бачнасць, адрамантаваць 2,2 км гравійнага пакрыцця на аўтадарозе Гарбачэва–Забор’е – Краснаполле. У летне-асенні перыяд супрацоўнікі ДРБУ-109 плануюць прапрафіліраваць 510 км гравійнага і грунтоўнага пакрыцця, зрабіць бягучы рамонт 3 км аўтадарогі Гарбачэва–Забор’е– Краснаполле, 0,7 км і амаль 2 км пад’ездаў ад дарогі мяжа Расійскай Федэрацыі – Краснаполле – Каханавічы да вёсак Канашонкі і Харытонава, адрамантаваць 5 аўтобусных прыпынкаў, масты на аўтадарозе Альбрэхтава–Краснаполле, вуліцы і перавулкі ў будучым аграгарадку Гарбачэва і ў райцэнтры.
На дарогах рэспубліканскага значэння супрацоўнікі ДЭУ-32 установяць 25 шчытоў, якіх не хапае, наклеяць 300 святлоадбіваючых элементаў на металічныя бар’еры, на 400 м. кв. зробяць ямачны рамонт і іншае.
Застаецца праблематычным набыццё 219 дарожных знакаў, якія неабходна ўстанавіць на вулічна-дарожнай сетцы райцэнтра. Для гэтага неабходна звыш 28 мільёнаў рублёў. Аднак было прынята рашэнне штогод знаходзіць пэўную суму і набываць дарожныя знакі.
Нельга забываць і пра асвятленне праезджай часткі і пешаходных дарожак у населеных пунктах. Тут таксама ёсць пэўныя недахопы, выпраўляць якія ў адпаведнасці з нарматывамі дзяржаўных сацыяльных стандартаў трэба бу-дзе супрацоўнікам УП ЖКГ і РЭС.
У Расонскім раёне зарэгістравана 2 284 прыватных легкавых аўтамабілі, 74 – грузавыя і 88 адзінак мотатранспарту, 565 адзінак транспартных сродкаў належаць юрыдычным асобам, 42 – прадпрыемствам і арганізацыям. Як бачна, колькасць аўтамабільнага парка расце. На вуліцах населеных пунктаў усё больш з’яўляецца прыватных аўтамабіляў. А гэта значыць, паступова абвастраюцца праблемы паркоўкі аўтамабіляў каля сацыяльных аб’ектаў і месцах грамадскага карыстання. Калі гэтую праблему райспажыўтаварыства імкнецца вырашаць, добраўпарадкаваючы аўтастаянкі, то іншыя дзяржаўныя і прыватныя структуры пакуль не звяртаюць на яе ніякай увагі.
Шмат нязручнасцяў і для вадзіцеляў –жыхароў шматкватэрных дамоў. Прыйшоў час на прыдамавых тэрыторыях расшыраць праезджыя часткі, рабіць або рамантаваць аўтастаянкі з прымяненнем бар-дзюрнага каменя. Але і вадзіцелі, у сваю чаргу, павінны беражліва адносіцца да газонаў і зялёных зон, не заязджаць на дзіцячыя пляцоўкі, не мыць і не рамантаваць аўтамабілі на прыдамавых тэрыторыях. А наогул, самым прымальным варыянтам як для вадзіцеля і яго суседзяў, так і для іншых транспартных сродкаў з’яўляецца захоўванне асабістых аўтамабіляў на аўтастаянцы, што знаходзіцца на аўтапрадпрыемстве №10, дзе для гэтага створаны ўсе неабходныя ўмовы.
У забеспячэнні бяспекі дарожнага руху вялікая роля адводзіцца прафілактычнай складаючай. Сярод іх правядзенне мерапрыемстваў па ахове працы і папярэджанні дарожна-транспартных здарэнняў на прадпрыемствах і ў арганізацыях, якія займаюцца перавозкай людзей або грузаў. Гэта вывучэнне новых нарматыўных дакументаў і распрацоўка планаў па прадухіленню ДТЗ і парушэнняў Правілаў дарожнага руху, арганізацыя вучобы вадзіцеляў па павышэнню прафесійнага майстэрства, вывучэнню станоўчага вопыту іншых, абсталяванню класаў па бяспецы руху з улікам сучасных патрабаванняў, арганізацыя рэйдаў па кантролю за работай вадзіцеляў, што знаходзяцца на лініі, правядзенне перадрэйсавых і спецыяльных інструктажоў, строгі кантроль за станам аўтатранспарту і многае іншае.
Не абыходзіцца прафілактыка і без гутарак, выступленняў у працоўных калектывах і навучальных установах, на старонках раённай газеты супрацоўнікаў АДАІ. Толькі за апошні год на тэрыторыі раёна прайшлі акцыі пад умоўнымі назвамі «Зімняя дарога», «Маршрутнае таксі», «Дэкада бяспекі дарожнага руху сярод пешаходаў», «Матацыкліст», «Увага! Дзеці!», «Моладзь Расоншчыны за бяспеку на дарогах», «Стань больш прыкметным», «Пешаход» і іншыя. Шмат увагі надаецца нашэнню жыхарамі раёна, асабліва дзецьмі і падлеткамі, у цёмную частку сутак святлоадбіваючых элементаў. Дадзеную работу трэба пастаянна трымаць на кантролі.
Асаблівы акцэнт пры абмеркаванні пытання быў зроблены на аналізе дзейнасці дзяржаўнага нагляду за тэхнічным станам транспартных сродкаў. Напярэдадні на імя старшыні райвыканкама А. М. Шубскага паступіла прадпісанне ад пракурора раёна С. А. Трошкі. У гэтым дакуменце на падставе пракурорскіх праверак у 2009 годзе сцвярджаецца, што дзяржаўны нагляд у раёне знаходзіцца на нездавальняючым узроўні, бо ў перыяд леташніх пасяўной і жніва выяўлены шматлікія факты парушэння правіл эксплуатацыі трактароў і іншай сельскагаспадарчай тэхнікі.
На працягу месяца пералічаныя ў прадпісанні недахопы павінны быць выпраўлены і адпаведная інфармацыя накіравана пракурору раёна.
У прынятым членамі райвыканкама рашэнні знайшлі сваё адлюстраванне ўсе вышэйпералічаныя недахопы і вызначаны тэрміны па іх ухіленні, а таксама адказныя за гэта службовыя асобы.