
С
учасныя тэхналогіі з кожным годам дазваляюць супрацоўнікам раённага вузла электрычнай сувязі не толькі пашыраць спектр прапануемых паслуг, але і значна павышаць іх якасць. Сёння “Белтэлекам” прапануе кліенту больш за 60 паслуг, сярод якіх, акрамя тэлефоннай сувязі, абанент можа скарыстаць дадатковыя віды абслугоўвання лічбавых тэлефонных станцый, універсальную пошту, а таксама высакахуткасны Інтэрнэт, інтэрактыўнае тэлебачэнне. Апошнім часам сур’ёзную канкурэнцыю вузлу сувязі складаюць мабільныя аператары, але пры правільным падыходзе гэтае саперніцтва можа ператварыцца ў плённае супрацоўніцтва. Так, аператар сувязі 1-га класа групы продажу паслуг Святлана Семяшчонак ( на здымку), якая з’яўляецца супрацоўнікам РВЭС, адначасова выдатна выконвае абавязкі дылера пункта Ма-більных ТэлеСістэм (МТС).
Па словах кіраўніцтва, Святлана з першых дзён работы паказала сябе як адказны і добрасумленны работнік, які імкнецца да новых ведаў, добра ладзіць з людзьмі, уважлівая да калег і кліентаў. А менавіта гэтыя якасці неабходны маладой жанчыне пры выкананні ёю непасрэдных працоўных абавязкаў. «Галоўнае – не толькі дасканала ведаць пералік паслуг, правільна і без памылак афармляць дакументы, а быць вельмі цярплівай да кліентаў!» – падкрэслівае Святлана. Асабліва гэта датычыцца пажылых людзей, якія мала што разумеюць у навінках сучаснай тэхнікі. У такім выпадку аператар імкнецца не толькі падабраць найбольш зручны тарыф мабільнай сувязі, але нават вучыць кліента кары-стацца мабільным тэлефонам, рабіць пры яго дапамозе самыя простыя дзеянні.
Каб падключэнне да мабільнай сувязі было якасным і хуткім, аператараў МТС некалькі разоў у год запрашаюць на дадатковую вучобу і іспыты ў галоўны філіял кампаніі. Акрамя таго, раз у месяц кожнага аператара правярае супрацоўнік МТС з Мінска, які адсочвае работу з абанентамі МТС на працоўным месцы. На працягу трох год Святлана з лёгкасцю вытрымлівае прапанаваныя ёй іспыты і кожныя сем месяцаў атрымлівае сертыфікат на працяг супрацоўніцтва з МТС.
А яшчэ сёлета дзяўчына скончыла Полацкі аграрна-эканамічны каледж і цяпер мае спецыяльнасць бухгалтара. «Пасля завяршэння вучобы ў каледжы я ўсвядоміла, што бухгалтэрыя – не зусім маё. А вось за некалькі год працы ў сувязі я прыкіпела да сваёй справы і надалей мару атрымаць вышэйшую адукацыю ўжо ў гэтай сферы! Таксама я ўпэнена, што за новымі тэхналогіямі будучыня, а ў сувязі яны з кожным годам набіраюць абароты і ўкараняюцца ў нашым жыцці,» – кажа Святлана.
Ды і калектыў раённага вузла электрычнай сувязі, па словах маладой жанчыны, зладжаны, дружны, тут хочацца працаваць і імкнуцца да развіцця: цябе зразумеюць,
дадуць добрую параду.
Думаю, што Святлана робіць правільны выбар, бо яе поспехі ацэньваюць не толькі калегі па рабоце і кліенты, яна нават стала пераможцай абласнога конкурсу сярод аператараў на лепшае падключэнне да мабільнай сувязі! За найбольшую лічбу заключаных дагавораў дзяўчыне ўручылі ў якасці прыза мабільны тэлефон.
Напярэдадні Дня работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі віншуем усіх супрацоўнікаў раённага вузла электрычнай сувязі з прафесійным святам. Моцнага здароўя, прафесійных поспехаў і здабыткаў, шчасця.