
Тыдзень таму «Кулінарыя» адчыніла свае дзверы пасля капітальнага рамонту.
Крама «пераехала» ў суседняе памяшканне, дзе была зроблена рэканструкцыя: новая столь і плітка на падлозе радуюць вока, жалюзі з густам падабраны пад колер свежапафарбаваных сцен, заменены дзверы і вокны, а для прадаўцоў зроблены асобны бытавы пакой. Акрамя таго, абноўлена гандлёвае і тэхналагічнае абсталяванне, халадзільныя вітрыны для мяса, паўфабрыкатаў, салатаў, кандытарскіх вырабаў. Устаноўлены рэгал з малочнай прадукцыяй і садавінай для самаабслугоўвання пакупнікоў, з’явілася новая халадзільная шафа для напояў. На рэканструкцыю і новае абсталяванне было па-трачана каля 43 мільёнаў рублёў.
Калі заходзіш у краму, складваецца ўражанне, што тут рыхтаваліся да святочнага прыёму. Ва ўтульнай гандлёвай зале ў радок стаяць бліскучыя вітрыны, за шклом якіх годны выбар як мясных і рыбных, так і кандытарскіх вырабаў. Як расказала намеснік старшыні праўленя райспажыўтаварыства Святлана Бельская, нават за некалькі дзен працы пасля адкрыцця крамы тавараабарот узрос у паўтара раза. І гэта зразумела, бо ў новай «Кулінарыі» пашырыўся і асартымент.
Мясныя паўфабрыкаты, якіх, дарэчы, багата, прыгатаваны не з замарожанага, а ахалоджанага мяса. Гатуецца ўсё побач у мясным цаху, а таксама ў рэстаране.Так што няма неабходнасці рабіць запасы прадуктаў, бо вырабы заўсёды свежыя і ёсць у наяўнасці. Тое ж датычыцца рыбы, салатаў, пельменяў.
– Хаця тэрмін рэалізацыі салатаў невялікі, расказвае Святлана Арсеньеўна, – людзі з задавальненнем бяруць іх. А памятаецца, пачыналі з малага, баючыся, што такая прадукцыя не пойдзе. Цяпер усе інакш. Салаты разыходзяцца хутка, пры тым, што іх набываюць па крыху:100-200 грамаў. Сакрэт, напэўна, у тым, што кухары імкнуцца гатаваць са свежых прадуктаў, без дабавак. Усяго ў асартыменце каля 9 найменняў салатаў.
Усе салаты прыгатаваны, але не запраўлены. У асобныя кантэйнеры можна ўзяць нарэзаныя інгрыдыенты, а дома змяшаць і заправіць.
Асабліва многа наведвальнікаў у «Кулінарыі» ў абедзенны час і пасля заканчэння працоўнага дня. Думаю, што такая крама і добрую гаспадыню можа навучыць гатаваць. Навошта пасля работы вечар стаяць каля пліты, калі ўсё можна набыць. Атрымаецца смачна і, самае галоўнае, хутка. Тым больш што выбар разнастайны: катлеты з птушкі, «папараць-кветка», «па -кіеўску», фаршы, мяса, гуляш, пельмені, галубцы. А яшчэ булачныя вырабы, свежы хлеб, малочныя прадукты.
Есць у «Кулінарыі» і стол заказаў, дзе загадзя можна зрабіць заяўку на прыгатаванне той ці іншай стравы.
Таму прыходзьце за пакупкамі і смачна есці!.