
За веснавы пасадкавы сезон на 256 гектарах лясных угоддзяў замест запланаваных 230 гектарах занялі месца саджанцы елкі і сасны. Не апошнюю ролю ў гэтым адыграў інжынер па лясных культурах Расонскага лясгаса Сяргей Васільевіч Пракоф’еў (на здымку), якому, каб забяспечыць 12 лясніцтваў пасадкавым матэрыялам, прыйшлося ездзіць нават у Гродненскую вобласць.
Увогуле, любоў да лесу і ўсяго, што з ім звязана, Сяргею прывіў дзядуля, які ўсё жыццё адпрацаваў лесніком у Дрэтуньскім лясніцтве. Па заканчэнні базавай школы хлопец, не сумняваючыся, падаў дакументы ў Полацкі лясны тэхнікум і праз чатыры гады паспяхова яго закончыў. Спачатку маладога спецыяліста чакала егерская служба ў родным лясгасе. Але не прайшло і года, як Сяргея Пракоф’ева перавялі майстрам Расонскага лясніцтва, потым перспектыўны спецыяліст заняў месца памочніка ляснічага. Вось ужо 4 месяцы як прыкладны сем’янін, бацька двух сыноў (4 і 6 год), спраўляецца з абавязкамі інжынера па лясных культурах. Аказаны яму кіраўнітцтвам лясгаса давер спраўджвае спаўна: меліярацыйныя работы, нарыхтоўка шышак, догляд лясных культур, пасадка лесу і шмат чаго іншага – увесь шэраг работ Сяргею знаёмы і да душы. Таму пад яго кіраўніцтвам і строгім кантролем лясніцтвы своечасова спраўляюцца з планамі. Да ўсяго, Сяргей Васільевіч адказны за пітомнік Расонскага лясніцтва, дзе ўжо вырошваецца лесапасадкавы матэрыял елкі, сасны, ясеня, каштана, лістоўніцы, клёна. У бліжэйшых жа планах інжынера – атрыманне вышэйшай адукацыі па профілю.
Вольны ад работы час прысвячае дамачадцам і тэхніцы. Малыя з задавальненнем ездзяць з татам у лес, уважліва слухаюць яго расказы пра работу. Магчыма, з хлопцаў падрастае годная змена і яны працягнуць дынастыю работнікаў лесу.