Трынаццаты фінал Усебеларускага легкаатлетычнага кросу “Перамога” на прызы газеты “Савецкая Беларусь” аб’яднаў на трасе каля Нацыянальнай бібліятэкі легкаатлетаў з усіх куткоў Беларусі. Распачатае некалькі тыдняў назад адборачнымі стартамі ў гарадах, рэгіёнах, абласцях краіны свята спорту і вясны сабрала больш за 100 тысяч удзельнікаў. Лепшыя з іх, а гэта каля 10 тысяч бегуноў, напярэдадні дня Перамогі ва ўпартай барацьбе вызначылі самых хуткіх. Сярод пераможцаў – расонец, былы выхаванец Расонскай ДзЮСШ (трэнер А. І. Папковіч), навучэнец 1 курса Наваполацкага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву Яўген Печкуроў (на здымку). У мінулым годзе ён прадстаўляў родную спартыўную школу і заняў 7 месца ў сваёй узроставай катэгорыі на традыцыйным кросе. Сёлетні ж Усебеларускі крос прынёс яму залаты медаль і галоўны трафей спаборніцтваў – Кубак ад заснавальніка – рэдакцыі газеты “Савецкая Беларусь”. Яўгені паказаў лепшы вынік – 6 хвілін 24 секунды на двухкіламетровай дыстанцыі, а зборная каманды Наваполацка заняла ганаровае першае месца сярод гарадскіх каманд. Самым жа запамінальным для юнага спартсмена стала ўрачыстае закрыццё мерапрыемства, дзе на пляцоўцы каля Нацыянальнай бібліятэкі са словамі віншавання і пажаданняў далейшых спартыўных поспехаў заслужаныя ўзнагароды яму ўручаў Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Прымаць медаль і Кубак з рук Прэзідэнта краіны даводзіцца няшмат каму і асабліва прыемна, што такую пашану сёлета заслужыў расонскі хлопец, на рахунку якога яшчэ 2 медалі (залаты і сярэбраны), шматлікія Дыпломы і Граматы за спартыўныя дасягненні, аснова якіх была закладзена менавіта тут – у Расонскай ДзЮСШ.
Хочацца адзначыць, што крос “Перамога” ўпершыню выйшаў на міжнародны ўзровень: акрамя беларускіх легкаатлетаў, гэтай вясной у ім удзельнічалі бегуны з Эфіопіі, Расіі.
“Пахвалявацца прыйшлося нямала, – расказвае Яўген Печкуроў. – Асабліва, калі побач з табой такія моцныя сапернікі. Нягледзячы на ўсё, я цвёрда верыў у перамогу асабістую, сваёй каманды. Спадзяваўся, што Віцебская вобласць будзе лепшай, але літаральна з-пад носу ўвялі перамогу легкаатлеты Брэстчыны.
Увогуле, я ўдзячны свайму першаму трэнеру Аляксандру Іванавічу Папковічу за пуцёўку ў вялікі спорт і прыкладу ўсе намаганні дзеля таго, каб гэты залаты медаль не быў апошнім”.