"Фестываль беларускіх коней" па сутнасці унікальная падзея, што адбылася ў межах шостага фестывалю сельскага турызму «Заборскі фэст». Унікальная хаця б толькі таму, што падобнага кшталту мерапрыемства праводзіцца ў Беларусі ўпершыню. Ініцыятарам яго правядзення сталі Наталля Шыліна – у мінулым гаспадыня сядзібы «Конны фальварак», а таксама яе памочніца – ветэрынарны ўрач Наталля Гаран. Наталля Шыліна пераехала на Расоншчыну са Смілавічаў разам са сваімі конямі.
Прыемна, што фестываль сабраў прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі, удзельнікаў і гасцей з розных куткоў краіны. Кожны з іх пры жаданні мог атрымаць кансультацыю прафесіяналаў у галіне конегадоўлі, прыняць удзел у конным шоу, а таксама паспрабаваць сябе ў верхавой яздзе. Дзеці маглі пакатацца на поні, альбо ў брычцы, сфатаграфавацца на памяць…
...

Лічаныя хвіліны застаюцца да пачатку. Музыка сціхае, і кіраўніцтва бярэ ў свае рукі Наталля Шыліна. Менавіта яна і распачынае мерапрыемства, прадстаўляючы ўдзельнікаў коннага шоу. І на рынг па чарзе выходзяць шыкоўныя скакуны, гаспадары якіх дэманструюць, на што тыя здольныя…Гром, Зорка, Ліміт, Прыгажун – у кожнага свая мянушка і свая прыгажосць. Ды такая, што не адвесці вачэй. За дзействам пільна сочыць і ацэначная камісія, у якую ўвайшлі начальнік аддзела па племянной справе ў жывёлагадоўлі Міністэрства сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Маставы, заатэхнік-селекцыянер Белплемжыхаб’яднання Тамара Дра-кіна і два супрацоўнікі лабараторыі конегадоўлі Нацыянальнай акадэміі навук па жывёлагадоўлі.
– Сёння нашай увазе было прадстаўлена 20 коней з розных мясцін Беларусі, – адзначае Наталля Шыліна. – Гэта коні з племянной фермы Зарэчча Смалявіцкага раёна, сельгаспрадпрыемства «Асвейскі» з Верхнядзвінскага раёна, астатнія – прыватных гаспадароў у асноўным з Мінска. Мы зрабілі гэты фестываль у першую чаргу для таго, каб сказаць: «Вось якія яны – беларускія коні: велічныя, прыгожыя, разумныя. Нават мала хто ведае, што ў нашай краіне выведзена ўласная нацыянальная парода коней – беларуская запражная. І 20 мая гэтага года яна адзначыла першы юбілей – 10 год з дня свайго афіцыйнага прызнання. Адна з візітных картак пароды – саловая масць, адценне адбеленага льну. На жаль, становішча, у якім знаходзяцца беларускія коні, – не аптымістычнае: колькасць пародзістых коней стала менш амаль у два разы, чым было 10 год таму. Значыць, падобны фестываль проста неабходны.
Адзіны недахоп – нямнога гасцей.Таму зробім вывады на будучае – больш надаць увагі рэкламе, маркетынгу. А так усё атрымалася».
– Хваляваліся першымі адкрываць фестываль?
– У нас была настолькі напружаная перадфестывальная падрыхтоўка, што сіл хвалявацца практычна не было. Усё ўспрымалася ў рабочым рэжыме: ёсць праблема – трэба вырашыць.У гэтым нам дапамагалі супрацоўнікі райвыканкама, дарожнікі, лясніцтва, прадпрыемства «Уладзімір і Даніла».
Сваё меркаванне пра фестываль выказаў і член ацэначнай камісіі, вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі конегадоўлі Міхаіл Гарбукоў:
– Думаю, будучыня ў беларускай пароды ёсць. І яна не знікне, дзякуючы такім энтузіястам, як арганізатары гэтага мерапрыемства. Лічу, што сіл у арганізацыю фестывалю пакладзена шмат, і ўлічваючы тое, што ім займаліся аматары, за гэтае ім варта сказаць вялікі дзякуй.