
Напярэдадні Вялікадня пробашч рымска-каталіцкай парафіі святога Язафата Кунцэвіча ў Расонах ксёндз Вячаслаў Барок завітаў у рэдакцыю, каб павіншаваць з надыходзячым святам вернікаў-католікаў:
–Паважаныя расонцы, віншую вас з самым радасным святам для ўсіх хрысціянаў – святам Вялікадня.
Вялікдзень – гэта свята Пасхі. Сваімі каранямі яно сягае да гісторыі народу ізраільскага, таго часу, калі ён знаходзіўся ў егіпецкім рабстве. Пасха – гэта і ёсць слаўны пераход з рабства да свабоды. Цудоўнае вызваленне народу ізраільскага адбылося дзякуючы Божай інтэрвенцыі ў гісторыю чалавецтва.
Пасха Ізраіля, або вызваленне Ізраіля, было прадказаннем з’яўлення Божага Сына, Мессіі Езуса Хрыста і Яго перамогі над смерцю чалавека, галоўным ворагам чалавецтва.
У трыумфальным пераходзе Езуса Хрыста ад смерці да жыцця бачым перамогу Божага Сына над смерцю. Жыццё перамагло смерць. Любоў перамагла нянавісць. Надзея перамагла роспач. Ласка Божая перамагла грэх. А таму, калі святкуем Пасху і адзначаем Уваскрашэнне Хрыста, святкуем самае радаснае свята. А дзень, калі гэта адбылося, для хрысціяніна з’яўляецца самым важным і вялікім днём, а таму і завецца гэта свята – Вялікдзень.
Шаноўныя расонцы, віншую вас са святам Уваскрашэння Божага Сына і жадаю, каб Хрыстос, які перамог смерць і дае нам жыццё вечнае, адарыў таксама і кожнага з вас гэтым новым жыццём. Жадаю, каб перамога Хрыста над злом мела працяг у вашых сэрцах і ў вашым жыцці. Хай у сэрцах вашых пануе любоў і Божы супакой.
Хай сам уваскрослы Хрыстос у нашых сэрцах перамагае грэх і зло і адорвае нас надзеяй на лепшае жыццё.
Уваскрослы Хрыстос вядзе нас да паяднання з Нябесным Айцом. Мы выходзім на гэты шлях паяднання, калі яднаемся са сваімі братамі і сёстрамі. А таму жадаю насуперак нашаму мінуламу жыццёваму досведу яшчэ раз працянуць руку паяднання тым, з кім раней па нейкіх прычынах згубілі паразуменне. Хай у нашых сэрцах уваскрэсне зноў жаданне будаваць у сваім жыцці масты паяднання з кожным чалавекам. Праз якія і пяройдзем да жыцця лепшага ўжо ў гэтым свеце. І пасля некалі атрымаем паўнату шчасця ў жыцці вечным.
Са святам! Хрыстос уваскрос!