У лютым 2008 года Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь было выдадзена дазваленне на адстрэл 10 рысяў на лясных угоддзях Расоншчыны.
Падобная крайняя мера ў адносінах да плямістага драпежніка была ўжытая ў сувязі са значнымі стратамі, якія рысі прыносяць прыродзе. Але за два гады папуляцыя гэтай жывёліны зноў вырасла і па-ранейшаму пагражае флоры і фаўне расонскіх лясоў.
На працягу дзесяцігоддзяў рысь выядае не толькі глушцовыя такавішчы, але і зайцаў, курапатак, казуль. За сорак год абароны гэтая жывёліна распаўсюдзілася і больш не з’яўляецца рэдкай. Па словах галоўнага паляўніцтвазнаўцы Ф.С. Варсло, на сёння ў лясах Расоншчыны знаходзіцца каля 90 істот гэтага віду каціных, якія за доўгі час нерэгуляванай колькасці сталі сапраўднымі гаспадарамі лесу. Праблема ў тым, што занесеная ў Чырвоную кнігу рысь можа адстрэльвацца толькі па спецыяльным загадзе Савета Міністраў нашай рэспублікі.
Нягледзячы на прыгажосць гэтай жывёліны і з дзіцячых часоў засвоеную інфармацыю, што рысь знаходзіцца пад аховай дзяржавы, усё гаворыць пра тое, што адносіны да яе могуць хутка змяніцца (па крайняй меры, на тэрыторыі Расоншчыны), бо прырода патрабуе балансу.